Народная газета

Карапузы не ў абузу

Як падрыхтавацца да вялікага адпачынку з маленькімі

Калі вы збіраецеся адпачыць на беразе цёплага мора разам з дзецьмі, прадумайце паездку да дробязяў, каб розныя неспадзяванкі не сапсавалі настрой і ўражанні.

фота pics.ru

Месца. У Харватыі, Чарнагорыі, Балгарыі, Іспаніі, Італіі, Грэцыі дзеці з задавальненнем будуць будаваць пясчаныя замкі і плёскацца ў цёплым моры. А вось у Егіпце альбо Турцыі з чэрвеня па жнівень сапраўднае пекла — паветра праграецца да + 35—40 °С, а ў бязветраныя дні слупок тэрмометра можа скокнуць нават да +50 °С! Дарослыя не вытрымаюць такой спякоты, не тое што дзеці.

Ідэальны варыянт — гатэль для спакойнага сямейнага адпачынку, пажадана недалёка ад мора. Дзеці стомяцца крочыць да пляжа пад пякучымі прамянямі сонца.

Добраўпарадкаваныя пляцоўкі з пясочніцамі, басейнам, арэлямі і горкамі каля гатэля — прыемны бонус. Як і аніматар, які будзе забаўляць і весяліць дзіця і падорыць бацькам вольны час на экскурсіі ці шопінг. Сістэма “ўсё ўключана” дапаможа не ламаць галаву над пытаннем, чым накарміць малое. Але сачыце, каб за спакуслівым шведскім сталом дзеці не пераядалі.

Транспарт. Чым менш гадзін вы будзеце ў дарозе, тым лепш. Ехаць на аўтобусе некалькі сутак — яшчэ той іспыт. Малое хутка стоміцца і пачне капрызіць, бацькам і пасажырам такія “канцэрты” будуць не да спадобы. Самы выйгрышны варыянт — самалёт. Аднак які б варыянт перамяшчэння вы ні выбралі, памятайце, што дзеці яшчэ тыя круцёлкі — спакойна сядзець на адным месцы не будуць. Гарэз трэба забаўляць. Вазьміце з сабой любімую цацку малога, праверце зарадку на планшэце, кіньце ў сумку маляванку з алоўкамі.

Адаптацыя. Змена клімату можа выклікаць непрадказальную рэакцыю арганізма: галавакружэнне, слабасць, тэмпературу. Не варта выпрабоўваць дзяцей на трываласць і адразу бегчы на пляж. Спакойна разбярыце чамаданы, пагуляйце каля гатэля, дайце дзіцяці прыстасавацца да новых умоў.

Аптэчка. Абавязкова вазьміце з сабой лекі. У дарозе і на адпачынку рознае можа здарыцца. Трымайце ў кішэні спецыяльныя ледзянцы (напрыклад, “авія-мора”) — яны дапамогуць, калі дзіцяці зробіцца моташна. Паклапаціцеся пра тое, каб пад рукой заўжды былі сухія і вільготныя сурвэткі і некалькі пакецікаў — “на ўсялякі выпадак”.

У аптэчку пакладзіце бінты, вату, ёд ці зялёнку, а таксама прэпараты ад дыярэі. Памятайце пра элементарныя правілы гігіены. Падчапіць прастуду дзеці ўхітраюцца нават у спякотны дзень — на дапамогу прыйдуць супрацьвірусныя парашкі, аэразолі для горла, каплі для носа. Не будуць лішнімі тэрмометр з гарачкапаніжальным. На ўсялякі выпадак захапіце антыалергічныя сродкі.

Сонечныя прамяні не шкадуюць далікатную дзіцячую скуру і могуць пакінуць на ёй апёкі. Калі сонца ў зеніце, лепш не рызыкуйце і замест ляжання на пляжы пагуляйце з дзіцём у ценю або гатэлі. Абавязкова карыстайцеся сонцаахоўнымі сродкамі. Звяртайце ўвагу, каб на цюбіку было пазначана “для дзяцей”. Наносіць крэм варта кожныя дзве гадзіны, а калі дзіця зусім маленькае — кожныя паўтары.

ПАРАДЫ

• На пляж вазьміце ваду і лёгкі перакус (печыва, яблык, банан).

• Перад выхадам з гатэля апраніце дзіцяці панамку. Гэта надзейны абаронца ад сонечнага ўдару.

• Наносьце на скуру сонцаахоўны крэм, нават калі здаецца, што на небе воблачна і рызыка абгарэць мінімальная.

• Не давайце дзецям невядомую экзатычную садавіну (гэта можа стаць прычынай атручвання ці алергіі).

• Сачыце, каб дзеці не пілі шмат халодных напіткаў у гарачае надвор’е і доўга не сядзелі пад кандыцыянерам.

infong@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости