“Кухонны трылер” паставілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Каралевы патэльняў і рондаляў

“Кухонны трылер” паставілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.



Рашылася на незвычайны жанр актрыса коласаўскага тэатра і дыпломніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Цішкевіч. Яна не толькі паставіла спектакль па п’есе папулярнага сучаснага драматурга Марціна Макдонаха “Каралева прыгажосці з Лінэна”, але і напісала да яго музыку. Гэта не першая рэжысёрская работа Цішкевіч. За яе плячыма пастаноўка дзіцячых спектакляў “Дзівосы ў навагоднім лесе” Дзмітрыя Галубецкага і  “Тр’ям! Вітаю!” Сяргея Казлова.

“Кухонны трылер” Цішкевіч у адрозненне ад яе папярэдніх пастановак рэч абсалютна дарослая. У гэтым спектаклі ваююць за сваё шчасце старая бездапаможная маці і адзінокая няшчасная дачка. Тэмперамент у абедзвюх гераінь зашкальвае, таму разборкі выглядаюць то фарсам, то сапраўдным “кухонным баевіком”. У ход ідуць усе сродкі — ад банальных скандалаў да дэманстрацыі папер з псіхлячэбніцы і аблівання кіпячым алеем.

Вядомы англійскі драматург, сцэнарыст і рэжысёр Марцін Макдонах лічыць, што чалавечая прырода мудрагелістая і капрызлівая, што людзі часцей за ўсё глухія і жорсткія адзін да аднаго, але ўсё ж не безнадзейныя. Менавіта гэта ён дэманструе ў сваёй п’есе “Каралева прыгажосці”. Разам з тым у бездані эмоцый, народжаных жаданнем любові і адчаем з-за яе адсутнасці, у новым спекталі коласаўскага тэатра пераплятаюцца дзве важныя тэмы — эміграцыя і адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконваюць заслужаныя артысты Беларусі Таццяна Ліхачова і Вячаслаў Грушоў, артысты Анжаліка Баркоўская, Яўген Бераснеў і Генадзь Гайдук.

mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter