Каралева Палесся кліча

Касцёл у Лагішыне адсвяткуе 21—22 жніўня 100-гадовы юбілей

Касцёл у Лагішыне адсвяткуе 100-гадовы юбілей

Заснаваная ў 1913 годзе, векавая святыня імя апосталаў Пятра і Паўла рыхтуецца да прыняцця шматлікіх гасцей. Тут у ноч з 21-га на 22 жніўня з нагоды ўрачыстасці абраза Маці Божай Лагішынскай адбудуцца святочныя набажэнствы і канцэрт. Чакаецца, што мерапрыемствы працягнуцца і на наступны дзень.

Ужо 18 жніўня з Бярозы і Баранавіч у напрамку Лагішына вырушаць пешыя пілігрымы, а ў дзень святкавання ў мястэчку чакаюць прыезду тысяч вернікаў.

Пінскі рымска-каталіцкі біскуп Антоній Дзям’янка, звяртаючыся з пасланнем да вернікаў, адзначыў, што сёлета паломніцтва ў Лагішын мае тры асноўныя мэты: паглыбленне веры, дзяленне яе радасцю і асабістае спатканне з абразом Маці Божай Лагішынскай — Каралевай Палесся, да якой ужо некалькі стагоддзяў вернікі нясуць свае клопаты асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця.

Заахвочваючы вернікаў да ўдзелу ў пілігрыме, біскуп адзначыў, што вельмі важна менавіта ў гэты дзень падзякаваць Богу за стагоддзе прысутнасці касцёла Святых Пятра і Паўла ў Лагішыне, які дзякуючы старанням кардынала Казіміра Свёнтэка быў аб’яўлены Дыяцэзіяльным Санктуарыем Дзевы Марыі. Ён мае шырокую славу па ўсім свеце дзякуючы цудам, звязаным з абразом Маці Божай Лагішынскай — Каралевы Палесся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter