Каралеўскі нашчадак

Гэта могуць пацвердзіць супрацоўнікі біясфернага рэзервата “Прыбужскае Палессе”, на тэрыторыі якога сустракаецца дзіўная расліна — каралеўскі папаратнік. У прыродзе ён амаль не захаваўся. Убачыць яго можна толькі ў Брэсцкім раёне, непадалёк ад маляўнічага возера Селяхі і яшчэ ў некалькіх месцах на тэрыторыі “Прыбужскага Палесся”.

Народнае паданне аб тым, што ў Купальскую ноч, з 6 на 7 ліпеня, цвіце папараць-кветка, зусім не выдумка.

Гэта могуць пацвердзіць супрацоўнікі біясфернага рэзервата “Прыбужскае Палессе”, на тэрыторыі якога сустракаецца дзіўная расліна — каралеўскі папаратнік. У прыродзе ён амаль не захаваўся. Убачыць яго можна толькі ў Брэсцкім раёне, непадалёк ад маляўнічага возера Селяхі і яшчэ ў некалькіх месцах на тэрыторыі “Прыбужскага Палесся”.

Калі б гэтая расліна ў свой час не была занесена у Чырвоную кнігу Беларусі, мажліва сёння яе можна было б убачыць толькі на фотаілюстрацыях. Але дзякуючы дзяржаўнай ахове каралеўскі папаратнік упрыгожвае лясы паўднёвага Прыбужжа. Ад звычайных раслін свайго сямейства ён адрозніваецца буйнымі памерамі і тым, што ўтварае нешта накшталт суквецця. Такое дзіва назіраецца якраз на пачатку ліпеня, напярэдадні Купалля. Калі глядзіш на каралеўскі папаратнік, ствараецца ўражанне, што ён сапраўды цвіце.

Па меркаванні вучоных, калісьці такія расліны былі распаўсюджаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, аднак амаль цалкам зніклі. Выключэнне складае самая паўднёва-заходняя частка нашай краіны, ля вёсак Прыбарава, Селяхі, Камароўка і некаторых іншых.

Так што, як бачым, народныя легенды і паданні не ўзнікаюць на пустых месцах. І папараць-кветка сапраўды цвіце.

НА ЗДЫМКУ: убачыўшы такое дзіва, жыхар в. Астрамечава Андрэй АСКІРКА адразу загадаў жаданне. Кажуць, каралеўскі папаратнік спраўджвае мары.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter