В молодечненском агрогородке Марково возродили древний обряд и хотят сделать его фишкой района

Карагод вакол «качаноў» абяцае жаніцьбу

Звычайна пра вяселле мараць дзяўчаты, але і мужчынам іншы раз не церпiцца ажаніцца. Калі сучасныя актуальныя метады па пошуку партнёра ў выглядзе сайтаў знаёмстваў не дзейнічаюць, пара звярнуцца да вышэйшых сіл. Запамінайце час і месца: аграгарадок Маркава, Вялікдзень. Менавіта тут і да гэтага дня вяскоўцы, як іх продкі сто гадоў таму, праводзяць старажытны абрад «Лука». Ходзіць павер’е, што вясковы карагод з традыцыйнай песняй вакол адзінокага мужчыны дапаможа вырашыць «сардэчную» праблему. Ці праўда? Карэспандэнт «СГ»вырашыла сустрэцца з вяскоўцамі ў Маркава і атрымаць інфармацыю з першых рук.


Быў абрад старажытны, а стане жывым брэндам

Калі менавіта ў Маркава з’явілася традыцыя вадзіць карагод «Лука», ужо дакладна ніхто не памятае. Але адрадзілі старажытны абрад у аграгарадку па гістарычных мерках адносна нядаўна. У 1980-х яшчэ можна было застаць сведак гэтага звычаю ў вёсцы. Настаўніца Вера Дорах ад мясцовай жыхаркі Соф’і Сарачынскай запісала ўспаміны на паперы, дзе падрабязна апісала нюансы вялікага карагода «Лука».

— Доўгі час адроджаны абрад паказвалі на культурных пляцоўках раёна, а затым вырашылі перанесці яго на адно з гістарычных месцаў ваджэння карагода каля царквы Святой Жыццепачатнай Тройцы. Гэтай справай у 2010 годзе і зай­малася Вера Дорах — не толькі педагог, але і ў мінулым кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля «Маркаўчанка» мясцовага СДК. Разам з ёй адраджаў традыцыі продкаў і настаяцель мясцовай царквы Мікалай Пяшко, — распавядае гісторыю вядучы метадыст Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Вольга Трубач.

Разам яны вырашылі запрашаць вяскоўцаў і расказваць аб абрадзе ў школе. У першыя гады вадзіць карагод прыходзілі толькі з Маркава. Аднак дзякуючы сарафаннаму радыё і супрацоўнікам клубнай сістэмы аб культурным звычаi даведалiся многiя: напрыклад, у 2019 годзе прыехала больш за паўсотні чалавек з суседніх вёсак і райцэнтра.

— Што цікава, для цэнтральнай часткi краіны не характэрна карагодная традыцыя, — тлумачыць Вольга Трубач. — А вось для поўдня

Беларусі звычайная з’ява. Напрыклад, вясновыя карагоды на Вялікдзень «Провады зімы» ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, «Ва­джэнне Сулы» ў вёсцы Маркавічы Гомельскага, карагод «Лука» ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага. Доўгі час лічылася, што ў нашым раёне традыцыйная культура прадстаўлена тыповымі беларускімі абрадамі: «Каляды», «Масленіца» і «Валачобнікі». Таму наяўнасць больш архаічнага велікоднага карагода «Лука» ў аграгарадку Маркава — вялікі поспех! Ён раней праводзіўся ў многіх вёсках раёна (Беніца, Кучкі, Якавічы і Заскавічы), аднак захаваўся толькі тут.


«Гардапышным малойчыкам» прысвячаецца

Традыцыйна на карагод вяскоўцы збіраліся ў першы дзень Вялікадня. Першапачаткова абрад праводзілі на «луках» — так называлася ўрочышча на мясцовай рацэ Гадзея. Пляцоўка пераязджала не раз: і на мясцовы рынак, і пад царкву. Усе гэтыя аб’екты размя­шчаюцца недалёка ад цэнтра аграгарадка, а значыць, вяскоўцаў сюды і запрашаць не трэба. Далучыцца можа любы.

Дзея пачыналася з таго, што самая старэйшая жанчына заводзіла карагод. У цэнтры размяшчалі трох «качаноў» — дзяцей. Такое трыа ў абрадзе — сімвал урадлівасці. Далей жыхары Маркава зацягвалі традыцыйную песню, дзе ў канцы жадалі «гардапышнаму малойчыку» знайсцi хутчэй свой лёс. Характэрна, што спявалі песні толькі прадстаўніцы слабага полу, але з часам мясцовая супольнасць вырашыла, што цяпер удзельнічаць могуць усе.

— Вадзіць карагоды перасталі дзесьці ў 1970-х, — успамінае настаўніца Вольга Капіца, якая ра­зам з вяскоўцамі дапамагала адра­джаць абрад. — Таму для нашых школьнікаў гэта ў навіну. Напачатку сучасную моладзь было цяжка зазваць: дзеці думалі, што толькі час дарма страцяць. Але штогод спіс удзельнікаў пашыраецца. Малыя пакуль не разумеюць сакральны сэнс карагода, старшакласнікам тлумачым, что продкі нездарма прасілі ў вышэйшых сіл пару «бабылю». Гэта народная філасофія звязана з працягам чалавечага роду. Ды і сама пераехала ў Маркава толькі ў 1990-х, таму адкрываю для сябе народныя традыцыі разам з дзецьмі. Удзельнічаю кожны год. У першы раз, памятаю, у мяне не было разумення, што гэта за абрад і адкуль ён узяўся, а пасля пачала паглыбляцца ў народныя традыцыі. Асабліва ўразіў «Юр’еўскі карагод». Гэта ж спадчына продкаў, іх пасыл.

Адзін з тых, хто праверыў на сабе дзеянне «Лукі», — старажыл вёскі Кучкі Арсень Асіповіч. Карагод для яго вадзілі, калі мужчыне было 40 гадоў. Але сустрэць каханую так і не ўдалося: як жартуе дзед Арсень, «пашпарт да гэтага часу чысты».

— «Луку» вадзілі мае бабулі, мама, удзельнічаў і сам не раз. Памятаю, нават не толькі ў Маркава быў абрад. Хто добра спяваў — заводзіў традыцыю ў сваіх вёсках. У нас у Кучках гэта была Соф’я. Ёй нават потым далі мянушку Лукавая, бо добра карагоды заводзіла. Жанчыны тады яшчэ апраналі каптуры — народныя галаўныя ўборы, прыбіраліся і спявалі песні. Мне амаль 92, а словы ўсё яшчэ памятаю. А прысвяцілі карагод, таму што быў я мужчына прыгожы, добры, працаваў газа­зваршчыкам, да мяне ўсе з цеплатой ставіліся і жадалі сямейнага шчасця. Так і не ажаніўся, праўда. Але гэты абрад хутчэй не на вынік робіцца, а каб разам з вяскоўцамі ўшанаваць традыцыi продкаў, — упэўнены доўгажыхар.

Новая гісторыка-культурная каштоўнасць

Вядома ж, пакінуць такі абрад без увагі недапушчальна. Але Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна вырашыла пайсці далей і зрабіць яго сваім сапраўдным брэндам. Першы крок — прапанаваць уключыць ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. І літаральна на мінулым тыдні Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада прыняла рашэнне аб неабходнасці надання абраду такога статусу.

— Велікодны карагод «Лука» ў аграгарадку Маркава быў адкрыты метадыстамі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы ў пачатку 2010-га. Пазней, у 2019 годзе, наш этнаграфічны клуб «Кола» правёў экспедыцыю па раёне. Падчас яе атрымалася зафіксаваць больш падрабязныя згадкі пра абрад ад відавочцаў. Унясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі дасць значныя прэферэнцыi: можна распрацаваць лагатып карагода, размясціць на сувенірнай прадукцыі і нават нанесці на аўтобусны прыпынак як рэкламу — наогул больш популярызаваць, — з натхненнем распавядае Вольга Трубач.

Вядома, гэтая ідэя спадабалася мясцовым жыхарам. Тут нават і другая нарадзілася — арганізаваць дзіцячы гурток, дзе малыя будуць вывучаць традыцыі продкаў. Але, мабыць, галоўнае, што «Лука» ў будучыні можа стаць сапраўдным турыстычным маркёрам і прыцягваць не толькі беларусаў, але і замежных гасцей.


Фота ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна»

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter