Больш за 5000 спецыялістаў сельскай гаспадаркі падрыхтаваў за 64 гады дзейнасці Ільянскі дзяржагракаледж

Кар’ера пачынаецца ў Ільі

У розных кутках Беларусі працуюць выпускнікі Ільянскага дзяржагракаледжа. Віктар Варановіч пасля атрымання дыплома ветфельчара стаў кінолагам у пагранічных войсках. Параіў пляменніку Уладзіславу Тулько вучыцца ў Ільі. Юнак заканчвае першы курс. З Брэста прыехаў атрымліваць спецыяльнасць ветфельчара Яраслаў Чапулянец. Тут вучылася і яго маці. А потым вышэйшую адукацыю атрымала ў Віцебску. Працуе ветурачом на Брэстчыне…


Пяць гадоў таму дзяржагракаледжы рэспублікі перададзены з падпарадкавання Мінсельгасхарча галоўным упраўленням па адукацыі аблвыканкамаў. Ільянскі — адзін з чатырох на Міншчыне. 

Штогод сотняй першакурснікаў прырастае каледж. Сёлета плануецца прыняць на бюджэтную форму навучання тры групы скончыўшых базавую школу і адну з атэстатамі сталасці. Атрад ветэрынараў сталічнай вобласці папоўнілі яго выпускнікі. Апошнія дзяржаўныя экзамены здаюць зараз навучэнцы заатэхнічнага аддзялення. 

Першых 120 абітурыентаў Ільянскі зааветэрынарны тэх­нікум прыняў восенню 1957 года. Вучэбным корпусам стаў двухпавярховы мураваны будынак былога райкама партыі. Суседняе памяшканне прыстасавалі пад інтэрнат. Выхаванцы практыкаваліся на жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Старая Гута. Там утрымлівалі кароў, коней, авечак, свіней. Потым базавымі для заняткаў сталі фермы суседніх вілейскіх саўгасаў «Асцюковічы», «Ільянскі», «Лукавец». За 64 гады дзейнасці гэтай навучальнай установы дыпломы заатэхнікаў і ветфельчараў атрымалі звыш 5000 юнакоў і дзяўчат.

Дырэктар Ільянскага дзяржагракаледжа Галіна ВАШЫНКА (у цэнтры) з навучэнцамі.

Прыгожа аздобіў былы райцэнтр Ілья студэнцкі гарадок: чатырохпавярховы навучальны і клінічны карпусы, інтэрнат, сталовая, шматкватэрны жылы дом для выкладчыкаў. Адкрылася аддзяленне заатэхніі. Навучальная ўстанова атрымала статус саўгаса-тэхнікума. 

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Мікуліч з гонарам узгадала пра выхаванцаў Леаніда Сан­дзюка і Віктара Посаха. Пасля атрымання дыпломаў юнакам выпала служыць у ахопленым вайной Афганістане. Яны гераічна загінулі. Воінам-інтэрнацыяналістам прысвечана спецыяльная экспазіцыя ў музеі каледжа. 

Навучэнцы шэфствуюць над помнікам савецкім воінам, што загінулі пры вызваленні Ільі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама мемарыяльным комплексам, які прысвечаны спаленым гітлераўцамі 5 мая 1943 года вёскам Любча і Боркі. 

З 16 дыпломамі ў розных намінацыях вярнулася дэлегацыя каледжа з віцебскага студэнцкага фестывалю «Аграрная вясна — 2021». За канцэртную праграму «Героі Айчыны» на гэтым форуме ільянскія самадзейныя артысты адзначаны дыпломам першай ступені.

Заняткі па біялогіі на першым курсе аддзялення ветэрынарыі праводзіць выкладчык Юлія КУХАРЭЎСКАЯ.

Круглы год кіпіць жыццё ў агракаледжы. У вольны ад заняткаў час моладзь абмяркоўвае актуальныя жыццёвыя праблемы. На дні інфармавання «У адзінстве народа — моц незалежнай дзяржавы» кожны меў магчымасць выказаць сваю пазіцыю. Удзельнікі «Школы актыўнага грамадзяніна» абмяркоўвалі тэмы «Я родным краем ганаруся і ведаю — я не адзін», «Беларуская навука: у нагу з часам».

Пастаянна ладзяцца сустрэчы з цікавымі асобамі. Кожны візіт да навучэнцаў былога выкладчыка ветэрана вайны і працы Часлава Антонавіча Варславана — сапраўднае свята. Жывому сведку мінулай страшэннай вайны ёсць што ўзгадаць з далёкага мінулага. Аўдавелага франтавіка не забываюць юныя сябры, дапамагаюць яму.

Багаты на гісторыю студэнцкі будатрад. Кожнае лета юнакі і дзяўчаты працуюць на збожжатаку ў адной з гаспадарак Вілейскага раёна, рамантуюць вучэбныя карпусы і інтэрнат каледжа.

Хапае спраў у будучых спецыялістаў-аграрнікаў і на вучэбнай жывёлагадоўчай ферме. Загадвае ёю Таццяна Курац. Навучэнцы дапамагаюць даглядаць кароў і авечак. Кіруе вытворчай практыкай выкладчык Ігар Чыркевіч. З ім наведаліся на прыгожы луг, дзе пасвіліся каровы. Разам з пастухом Юрыем Будаем за статкам наглядалі трэцякурснікі заатэхнічнага аддзялення Іаланта Мурашка і Аляксей Шпілеўскі. Двойчы на дзень кароў дояць. Сырадой прадаюць жыхарам аграгарадка, выручаныя грошы папаўняюць бюджэт навучальнай установы.

Лабарант Рэгіна ВАЛКАНОЦКАЯ дэманструе экспанаты навучэнцам 3-га курса аддзялення ветэрынарыі.

Прыемна здзівіла мяне, што на падворку дырэктара агракаледжа Галіны Вашынкі дзве каровы. Вырасла яна ў сялянскай сям’і. Паспяхова скончыла ветэрынарнае аддзяленне гэтага каледжа і замуж тут выйшла. Тры сыны ў іх дружнай сям’і. Вышэйшую адукацыю Галіна Пятроўна атрымала ў Віцебскай дзяржветакадэміі. 

З мінулай восені навучэнцы заатэхнічнага аддзялення зай­маюцца ў адноўленым двухпавярховым вучэбным корпусе. Светлыя прасторныя аўдыторыі абсталяваны камп’ютарамі, су­часнымі электроннымі срод­камі навучання. Зазірнулі ў аўдыторыю, у якой заняткі па біялогіі вяла малады педагог Юлія Кухарэўская. Пасля Віцебскага дзяржпедуніверсітэта імя П. М. Машэрава яна скончыла магістратуру і другі год выкладае ў каледжы. У суседняй аўдыторыі з асновамі жывёлагадоўлі другакурснікаў знаё­міў выкладчык Павел Дыба. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Белдзяржагратэхуніверсітэце. 

Навучэнцы каледжа пераважна з суседніх раёнаў Міншчыны. Першакурснік Кірыл Кузьмін штораніцы на веласіпедзе ездзіць на заняткі з суседняй вёскі Альхоўка. Паўліна Судніковіч і Валянціна Якубоўская з Мала­дзечна. Роберт Заянчкоўскі шчыра прызнаўся: з дзяцінства любіць жывёл, таму і вырашыў стаць ветэрынарам. Пасля здачы летняй сесіі збіраецца вытворчую практыку прайсці на радзіме дзядулі і бабулі ў Астравецкім раёне. Уладзіслаў Мельнік з Асіповіцкага раёна. Ветэрынарам вырашыла стаць мінчанка Марыя Нагар.

Кіраўнік вытворчай практыкі Ігар ЧЫРКЕВІЧ і навучэнец Роберт ЗАЯНЧКОЎСКІ.

Многія выхаванцы каледжа працягваюць вучобу ў вышэйшых аграрных навучальных установах. Выпускніцы Аксана Мацкевіч і Дзіяна Іванашка летась паступілі на скарочаны курс навучання ў Белдзяржветакадэмію. Дыплом фельчара ветэрынарнай медыцыны з адзнакаю атрымала іх аднакурсніца Аліка Бацян і мела магчымасць без экзаменаў працягваць вучобу. Але вырашыла папрацаваць на жывёлагадоўчай ферме эксперыментальнай чэрвеньскай гаспадаркі «Натальеўск».

У агракаледжы для заняткаў абсталяваны 40 кабінетаў і лабараторый. Працуюць прадметныя гурткі. Педагогі супрацоўнічаюць з калегамі з вышэйшых аграрных навучальных устаноў, Смілавіцкага дзяржагракаледжа. Пастаянна падтрымліваецца сувязь з базавымі і перадавымі гаспадаркамі.

Будучыя заатэхнікі і ветфельчары за час вучобы акрамя спецыяльных дысцыплін авалодваюць асновамі праграмавання, атрымліваюць пасведчанні вадзіцеляў і трактарыстаў. 

Вучэбныя карпусы каледжа патанаюць у зеляніне. Векавыя дрэвы падступаюць да будынкаў. Побач нясе свае крынічныя воды рачулка Ілія. Ціхімі чэрвеньскімі вечарамі ў чаромхавых зарасніках заліваюцца салаўі. Жыць і вучыцца ў такім райскім куточку — вельмі ўдачны і трапны выбар.

КАМЕНТАРЫЙ

Уладзімір САМСАНОВІЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Мінсельгасхарча:

— Рашэнне падпарадкаваць дзяржаг­ракаледжы галоўным упраўленням па адукацыі аблвыканкамаў прынята ў рамках аптымізацыі сістэмы падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу. Ільянскі дзяржагракаледж рыхтуе спецыялістаў па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях для жывёлагадоўчай галіны. Праграмна-метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу застаецца ранейшым, а дзяржзаказ па падрыхтоўцы спецыялістаў вызначаюць камітэты па сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў.

У Ільянскім дзяржагракаледжы, як і ў некаторых іншых падобных установах, недастаткова жадаючых вучыцца па дэфіцытных спецыяльнасцях. Летась нават засталіся вакантныя месцы па падрыхтоўцы заатэхнікаў у Белдзяржсельгасакадэміі і Белдзяржветакадэміі.

Распрацаваны комплекс дзяржаўных мер для заахвочвання моладзі набыць вострадэфіцытныя ў аграрным сектары спецыяльнасці. Прыняты нарматыўныя прававыя акты па даплатах маладым спецыялістам на працягу пяці гадоў, прадастаўленні льготных крэдытаў на гаспадарчыя патрэбы. Ажыццяўляюцца ўказы Прэзідэнта па забеспячэнні іх жыллём. Летась Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне павялічыць заробкі заатэхнікам і ветэрынарам. Гэта дае станоўчы вынік і пацвярджае, што вырашэнне кадравай праблемы залежыць таксама ад фінансавай і сацкультбытавой матывацый. У эканамічна моцных калектывах, дзе наладжаны сацкультбыт, як правіла, гэта праблема вырашана. Але трэць раёнаў такой магчымасці не мае, і там адчувальны дэфіцыт кадраў.

Немалаважную ролю іграе і прафарыентацыя школьнікаў. Профільныя класы аграрнай накіраванасці функцыянуюць у школах. Па абласцях ладзяцца нарады з удзелам першых намеснікаў старшынь райвыканкамаў. Спецыялісты нашага ўпраўлення сустракаюцца з кіраўнікамі гаспадарак.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter