Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сваячка Уладзіміра Высоцкага стварае ў вёсцы Вялешына Капыльскага раёна Дом-музей, прысвечаны жыццю і творчасці паэта

Капыльскія сваякі

Для многіх з нас ён па-ранейшаму — загадка. Хоць і парушаў правілы паводзін у соцыуме, аднак — колькі таленту, якая харызма! Мы любілі яго — і любім, і ведаем на памяць яго песні, вершы. Для нас, чыя маладосць прыйшлася на 70-80-я, Уладзімір Высоцкі быў кумірам. Ён і застаецца легендай з мінулага. Так што Музей Уладзіміра Высоцкага ў Беларусі — гэта прыемная нечаканасць для прыхільнікаў ягонай творчасці. Але што звязвае паэта з нашай зямлёй, з вёсачкай у Капыльскім раёне Міншчыны?

Надзея Высоцкая — траюрадная цётка паэта

На такія пытанні адказвае мая суразмоўніца Надзея Высоцкая, доктар мастацтвазнаўства, прафесар БДУ, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі: “Дык ён жа нам амаль зямляк! Прыналежнасць Уладзіміра Высоцкага да беларускіх каранёў бачная на генеалагічным дрэве роду Высоцкіх, якое хутка з’явіцца ў нашым музеі”. Пра тыя повязі Надзеі Фёдараўне распавяла яе маці, якая добра ведала Высоцкіх, да таго ж была ім блізкаю сваячкаю па бацькоўскай лініі.

Паводле аповеду маёй суразмоўніцы, заснаваль­нікам роду Высоцкіх быў землеўладальнік Хомка. Ён жыў калісьці ў Беластоку (цяпер Польшча), яму належалі вялікія абшары зямлі ў Габятах. (У інтэрнэце знаходзім: “Габяты (па-польску: Gobiaty) — вёска ў Беластоцкім павеце Падляскага ваяводства Польшчы, на левым беразе рэчкі Свіслачы, на мяжы з Беларуссю. Знаходзіцца ў гміне Гарадок”. — Рэд.). Яшчэ ж Надзея Фёдараўна ўспамінае, як яны з маці ездзілі туды ў 1948-м: “Мама паказвала на лес, рэчку і казала, што некалі тое ўсё было нашым”. Маці ж ёй расказвала, што ў Хомкі нарадзіліся сыны Шлёма, Сідар і Павел.

Уладзімір Высоцкі.
“Дык вось Сідар — гэта ж і быў бацька маёй мамы, — удакладняе Надзея Высоцкая. — Працаваў ён калісьці аб’ездчыкам, і гэта мой дзед. А Шлёма, ягоны брат, быў гандляром — гэта прадзед Уладзіміра Высоцкага, спевака і артыста. Так што я даводжуся траюраднай цёткай Уладзіміру Сямёнавічу”.

Між тым па інтэрнэце гуляе і такая версія: што прадзед паэта, Шлойме (Шлёма) Высоцкі, працаваў настаўнікам рускай мовы і падпрацоўваў... шкловыдзімальнікам. Некаторыя гісторыкі праводзяць паралель між прозвішчам і назвай паселішча, у якое напрыканцы XIX стагоддзя перабраліся жыць бацькі Вольфа Высоцкага: горад Высокае, цяпер Камянецкі раён Брэстчыны. Ды сцвярджаць пэўна, што пайшло прозвішча з тае назвы, не варта: няма ж дакументаў, каб пацвердзіць версію. Між тым вядома, што Вольф Высоцкі, дзед паэта, нарадзіўся ў Брэсце-Літоўскім (цяпер Брэст). Пра тое не раз казаў і сам Уладзімір Высоцкі, а дакументальнае пацверджанне факта з’явіліся нядаўна. За тое дзякуем Андрэю Чуткаму, дырэктару Музея гісторыі Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага універсітэта імя В. П. Гецьмана. Менавіта ён выявіў шэраг дакументаў, якія тычацца біяграфіі дзеда Уладзіміра Высоцкага — Вольфа Высоцкага, а таксама яго сям’і.

Першы са знойдзеных у Кіеве дакументаў датуецца 9 ліпеня 1911 года. Гэта заява Вольфа на імя дырэктара Кіеўскага камерцыйнага інстытута Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага (гэта — вядомы гісторык, этнограф, таксама наш зямляк: ураджэнец горада Рэчыцы) аб залічэнні юнака на эканамічнае аддзяленне. На момант напісання заявы Вольф жыў у Брэст-Літоўску па вул. Садовая, дом 10. У метрычнай выпісцы пазначана, што нарадзіўся ён 13 красавіка 1889 года ад законных бацькоў: мешчаніна Шлёмы Высоцкага і Хашы-Фейгі Лейбаўны Булькаўштэйн. У аўтабіяграфіі паказана, што юнак атрымаў у Брэсце пачатковую адукацыю, затым у 1909-11 гадах вучыўся ў Люблінскім камерцыйным вучылішчы. Пад час навучання ў Кіеўскім камерцыйным інстытуце Вольф напісаў дыпломную працу на тэму “Развіццё піваварнай прамысловасці ў Расіі”. А 25 кастрычніка 1917 года брастаўчанін атрымаў дыплом аб заканчэнні таго інстытута і навуковую ступень кандыдата эканамічных навук. Дарэчы, у дыпломе Вольф Шлёмавіч Высоцкі ўжо быў запісаны як “Высоцкі Вольф Сямёнавіч”. Неўзабаве змяніў і сваё імя — на Уладзімір, і такім чынам стаў поўным цёзкай будучага акцёра, паэта, спевака.

Там жа, у Кіеве, дзед нашага куміра ажаніўся з Дораю Бранштэйн (якая, дарэчы, была роднаю сястрой Льва Троцкага) і абзавёўся двума сынамі: Сямёнам і Аляксеем. Пазней бацька знакамітага барда, Сямён Уладзіміравіч Высоцкі, жыў і вучыўся ўжо ў Маскве. Закончыў палітэхнікум сувязі, курсы пазавайсковай падрыхтоўкі, Ваенную акадэмію сувязі. Стаў з часам палкоўнікам НКУС. “Мая мама добра ведала бацьку Валодзі, але роднасных сувязяў з ім не падтрымлівала, — працягвае свой аповед Надзея Фёдараўна. — Я нават памятаю: была маленькаю. Мы прыехалі ў Маскву, падышлі да іх дома, хацелі спачатку зайсці, але потым мама, рукою махнуўшы, сказала: “Ай, не пойдзем мы да гэтых багатых... Мы жабракі, не дай Бог што”. Ведаеце, час быў тады складаны...”.

Помнік Уладзіміру Высоцкаму ўстаноўлены ў Навагрудку ў 2012 годзе

Амаль нікому не казала раней пра свае роднасныя сувязі са знакамітым акцёрам і паэтам і Надзея Высоцкая: “Не афішавала сваяцтва, хоць добра ведала Уладзіміра, і ў нас былі дастаткова цёплыя адносіны. А людзі неяк выпадкова даведаліся пра мяне... І калі Уладзімір прыязджаў у Беларусь на здымкі фільмаў ці на гастролі, то заўсёды прыходзіў да нас у майстэрню”. Надзея Фёдараўна — жонка Генадзя Галубовіча, беларускага мастака: на жаль, ужо нябожчыка. Некаторыя экспанаты музея, які яна стварае, будуць непасрэдным чынам звязаны з Уладзімірам. Напрыклад, канапка з майстэрні, на якой ён у сяброў заначаваў у адзін з чарговых прыездаў у Мінск. Ці яшчэ італьянскія туфлі, падораныя Надзеі “па шчаслівай выпадковасці” Уладзімірам. Яна мяркуе, што раскошныя па тым часе туфлі, хутчэй за ўсё, прызначаліся Марыне Уладзі, ды па нейкай прычыне да яе не трапілі, засталіся ў Мінску. Але, удакладняе суразмоўніца, гэта ж было ў яго характары: дарыць, не задумваючыся.

Цяпер Надзея Фёдараўна займаецца афармленнем дакументаў на будучы Дом-музей. Перажывае, што можа й не паспець зрабіць “усё па максімуме, як задумвалася”, да юбілею: 25 студзеня 2018 года Уладзіміру Высоцкаму споўнілася б 80 гадоў. Але ў любым выпадку ў гэты дзень пройдуць невялікія мерапрыемствы ў музеі. Афіцыйнае ж адкрыццё адбудзецца 25 ліпеня: у дзень смерці паэта і акцёра. “Хачу запрасіць прадстаўнікоў амбасадаў — французкай, расійскай, амерыканскай, — дзеліцца планамі Надзея Высоцкая. — Запрасіць таленавітых выканаўцаў песень Уладзіміра Высоцкага. Вельмі спадзяюся, што прыедзе жонка Уладзіміра, Марына Уладзі. У мяне з ёй па гэты час выдатныя адносіны. Мы стэлефаноўваемся. Дарэчы, Марына Уладзіміраўна Палякова — так гучыць яе сапраўднае прозвішча — таксама мае беларускія родавыя карані! Яе бацька нарадзіўся на Навагрудчыне, і яна не раз бывала там. Запрашу на адкрыццё музея “высоцказнаўцаў”: іх так шмат у Беларусі! Яны дапамаглі напоўніць музей матэрыяламі. Нядаўна жанчына прывезла зборнік вершаў, так званы самвыдат, мы выявілі там вершы, не апублікаваныя па гэты час. Мне шмат пішуць прыхільнікі Высоцкага, дасылаюць афішы, грампласцінкі, кнігі... Знаёмячыся з такімі людзьмі, я зразумела: Высоцкі дагэтуль жывы...”.

Прыватны музей Уладзіміра Высоцкага размесціцца ў вёсцы Вялешына: там на мясцовых могілках пахавана мама Надзеі Фёдараўны. “Гэта мой вясковы дом, якому больш за паўстагоддзя. У тым доме, як і ў вёсцы, ніколі не бываў Уладзімір Сямёнавіч, што, урэшце, і не важна. Бо песні, вершы, фільмы, у якіх здымаўся кумір мільёнаў людзей, па-ранейшаму не пакідаюць абыякавымі ў тым ліку й жыхароў Вялешына. І мясціны там цікавыя. У 20-я гады ўся тая вёска ездзіла ў Амерыку на заробкі. Вярталіся людзі з-за акіяна не толькі з доларамі, але й са сталярнымі інструментамі. Таму ўся мэбля ў акрузе была зроблена іх рукамі. Многія з тых інструментаў па гэты час у працоўным стане. І старонцы беларуска-амерыканскіх сувязяў 20-х гадоў прысвецім экспазіцыю ў музеі”.

Будзем спадзявацца, што Дом-музей Уладзіміра Высоцкага ў Вялешына дзякуючы намаганням яго сваячкі стане яшчэ адной цікавай адметнасцю Капыльшчыны.

Голас Радзімы № 2 (3554), чацвер, 11 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter