“Капыльскія пацехі” насмяшылі нават масквічоў.

Карэспандэнты “НГ” напярэдадні свята завіталі ў госці да ўдзельнікаў народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі” і даведаліся, адкуль у акцёраў растуць хвасты, дзе яны бяруць рэквізіт і чым “лечаць” мясцовых тэатралаў.

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень тэатра. Не абмінаюць гэта свята і тэатральныя колы Беларусі. Тым больш што святкаваць ёсць каму. У краіне дзейнічаюць 27 прафесійных тэатраў. А калі палічыць яшчэ аматарскія і народныя тэатры, у якіх між іншым жыццё бурліць не горш за прафесійныя. Тут і свае самародкі, і праграмы, і “фішкі”... Карэспандэнты “НГ” напярэдадні свята завіталі ў госці да ўдзельнікаў народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі” і даведаліся, адкуль у акцёраў растуць хвасты, дзе яны бяруць рэквізіт і чым “лечаць” мясцовых тэатралаў.

Схадзіў за штанамі

— А як гэта ты, Адамаўна, у спадніцу ўлезла? — пытаецца ў калегі перад выступленнем адна з удзельніц тэатра “Капыльскія пацехі”.
— Дык худзею ж.
— А чаго гэта?
— На вынас рыхтуюся, — засмяялася тая.
Што ў жыцці, што на сцэне бясконца жартуюць удзельнікі народнага тэатра гульні і гумару Капыльскага раённага Цэнтра культуры. Відаць, гумар у іх у крыві.
—  Ой, ведаеце, на Капыльшчыне жарты пруць, як з якой крыніцы, — гаворыць кіраўнік і рэжысёр тэатра Любоў Галубовіч. — Канешне, мы не маглі дапусціць, каб гэта крыніца вычарпалася. Сабраліся самыя ініцыятыўныя і стварылі ў 1993 годзе тэатр гульні і гумару, дарэчы, першы на Міншчыне. А праз колькі год атрымалі і званне народнага.
Вядома, склад калектыву за гэты час змяніўся. Але запал застаўся той жа. З якімі толькі праграмамі не выступаюць артысты! Гульнявыя шоу, аўкцыёны, варожбы  і нават “пацешны шпіталь”. Праграмы  пішуць на мясцовым матэрыяле, а таксама паводле твораў беларускіх і рускіх класікаў.
— Памятаю, неяк ставілі “Да трэціх пеўняў” паводле твора Васіля Шукшына. Вось жа і смеху нарабілі на адной з рэпетыцый, — успамінае Галубовіч.
А адбылося вось што. Не паспелі артысты зняць касцюмы, як прыбягае жонка аднаго з іх — ён якраз выконваў ролю чорта.
— Валодзя, збірайся. Пакуль не зачыніліся ўсе крамы, пойдзем штаны табе глянем. Давай хуценька! — падганяла жонка мужа.
Ну сабраўся той, ідуць. А Валодзю ўсе людзі поглядам праводзяць.
— Слухай, а чаго яны ўсе так глядзяць на мяне? — пытаецца ён у жонкі.
Як глянула яна на мужа:
— Валодзя, ты ж з хвастом!
Аказваецца, артыст так спяшаўся, што касцюм не да канца зняў.

Прыколы аграгарадка

І не так часам  закруціцца галава ў акцёраў. Яно і не дзіўна, у кожнага ж свае справы. Тэатр — гэта хобі і любімы занятак. А ёсць жа і  асноўная праца. Сярод удзельнікаў тэатра — і індывідуальны прадпрымальнік, і  клубны работнік, і псіхолаг, і студэнт сельскагаспадарчага каледжа, і тамада... Людзі самых  розных прафесій, якія проста любяць гумар і не ўяўляюць жыццё без сцэны, хоць і маленькай. Таццяна Вошкат, да прыкладу, працуе дырэктарам сельскага клуба ў вёсцы Пацейкі.
— На рэпетыцыі ў райцэнтр езджу на папутках. Падымаю руку — падбіраюць яшчэ бабулю, — смяецца Таццяна Адамаўна. — Думаю, што толькі дзякуючы тэатру і жыву. Васямнаццаць гадоў таму былі жудасныя праблемы са здароўем, далі другую групу, і я перайшла працаваць у культуру. Вось, бачыце, да сёння жыву і весялюся. Мне гэты аптымізм ад мамы, відаць, перадаўся. Яна і цяпер, у 82 гады застаецца гумарной. Памятаю, прыступ сардэчны ў яе здарыўся. Яна — за бутэлечку валяр’янкі. Спрабуе адкрыць, а корак пракручваецца. Адкручвае, а ён не адкручваецца. І як ёй ні дрэнна, кажа: “Вось жа ж халера! Сделано в СССР. Открытию не подлежит”.
Вось і думаеш пасля такога: каму прасцей працаваць — прафесійным артыстам ці вось такім аматарам, якім прыходзіцца сумяшчаць і працу, і рэпетыцыі, і гастролі?.. А выязджаць “Капыльскім пацехам” прыходзіцца шмат.
— Штораз выдумляем асобную праграму, падбіраем спецыяльна пад гледача, — гаворыць кіраўнік тэатра Любоў Галубовіч. — Для  вясковых жыхароў, да прыкладу, спецыяльна распрацавалі “Прыколы аграгарадка”. Яны добра ўспрымаюць жарты пра жыццё на вёсцы, пераапрананне ў хатніх жывёл. Гумар — справа сур’ёзная. Жартаваць яшчэ  трэба ўмець.

“А я хлопец добры”

І ў “Капыльскіх пацех” гэта, відаць, добра атрымліваецца. Бо ездзяць артысты не толькі па раёне. Чакаюць іх і на абласных святах, і на рэспубліканскіх. Нават у Маскве некалькі разоў былі. Але самыя ўдзячныя гледачы хіба ў родным раёне і яго невялікіх вёсках.
Давялося на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах прыходзіцца працаваць артыстам падчас іх выступлення ў вёсцы Старыца. Невялікі клуб, маленькая сцэна, пра грымёрныя, вядома, і гаварыць не прыходзіцца. Аднак усе артысты — людзі гумарныя. І такія ўмовы іх толькі пацяшаюць.
— Класныя ў вас боты, — заўважыла ў аднаго з артыстаў бліскучыя хромавыя боты. — Такіх сёння і ў продажы не знойдзеш.
— Бацькавыя, — з гонарам кажа іх уладальнік, індывідуальны прадпрымальнік Антон Шышмароў (на фота ўверсе). — Ён у мяне ваенным быў. Вось выдалі аднойчы. З трапятаннем захоўваю да сёння.
Як аказалася, дзякуючы бацьку Антон і на Капыльшчыну трапіў. Сам нарадзіўся ў Расіі, на мяжы з Кітаем. Але паколькі бацька быў ваенным, прыходзілася шмат падарожнічаць. І аднойчы лёс закінуў у беларускі Капыль, дзе і заўважылі творчыя таленты Антона —  запрасілі ў народны ансамбль народнай песні “Спадчына”, а пасля і ў “Капыльскія пацехі”. Антон асвоіў ігру на гармоніку і  зараз з вялікім захапленнем весяліць мясцовы народ беларускімі прыпеўкамі і песнямі:

“Казаў бацька, каб я ажаніўся,
Каб па ночах не хадзіў
і не валачыўся,
А я — хлопец добры, я не валачуся:
Дзе дзеўку пачую, там і заначую.
У адной спаў я, у другое ўпіўся,
А ў трэцяй на пячы
нагавіц забыўся”.

З усмешкай на вуснах і радасцю ў вачах, як упэўнілася сама, успрымаюць людзі праграмы народнага тэатра “Капыльскія пацехі”. І можна зразумець, чаму. Бо ўсе без выключэння артысты  выступаюць з адкрытай душой, шчыра і самааддана.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter