Молодой археолог из Бреста исследует земли своих предков и мечтает найти городище

Капнуць глыбей

У двары Старога замка ў Гродне сёлета раскапалі фрагменты гатычнай вежы, якая была пабудавана ў часы Вітаўта. А ў Полацку знайшлі плінфу XII стагоддзя — старажытную цэглу — з выявай музыкі. Яшчэ адзін артэфакт падарыў гістарычнай навуцы Бабруйск — меч сярэдзіны XIII стагоддзя. «Археолагі робяць каласальную працу», — кажа аспірант Інстытута гісторыі НАН Беларусі Антон Дацкевіч з Брэста. Дарэчы, за апошнія два гады Антон прывёз з экспедыцый каля дзвюх соцень этнаграфічных экспанатаў, якія перадаў у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей


Адчыняйце скрыні

З Антонам Дацкевічам мы пазнаё­міліся ў музеі падчас ­адкрыцця вы­ста-вы «Па слядах музейных экспе­ды­цый». Антон удзельнічаў у сцэн­цы — сыграў ролю музейшчыка, які разам з калегай хо­дзіць па вёсках і ўгаворвае вясковых жанчынак не шкадаваць «дабра». Ды так пераканаўча сыграў, што захацелася спытаць, адкуль у гарадскога хлопца такая добрая заходнепалеская гаворка?

— Гаворка паўднёвазагародскага тыпу, тыповая для Заходняга Палесся, — удакладняе Антон. — Мы так размаўляем дома — гэта мова маіх продкаў па мамінай лініі. Дзіцём кожнае лета бываў у бабулі ў вёсцы Хлевішча, што каля горада Высокае Камянецкага раёна. Любоў да гісторыі, зацікаўленасць мінулым там і сфарміраваліся. Дзякуючы бабе Шуры, якая любіла з гумарам расказваць розныя гісторыі з жыцця.

Дарэчы, пра свой род Антон кажа — «з асочнікаў». У часы Вялікага Княства Літоўскага так называлі каралеўскіх леснікоў з Белавежскай пушчы. Яны мелі вайсковую павіннасць і суправа­джалі ваенныя абозы. Як вядома, мяса для Грунвальдскай бітвы нарыхтоўвалі ў Белавежскай пушчы. Пэўна, прычаснымі да той справы былі і продкі Антона.

Пытаюся, ці шмат чаго было ў дзедаўскіх хатах цікавага — старыя рэчы, адзенне? Кажа — не шмат:

— Народныя строі на Камянеччыне зніклі на адно-два пакаленні раней, чым у Маларыцкім ці Кобрынскім раёне. Уплыў горада адчуваўся ўжо пасля Першай сусветнай — фабрычныя тканіны, пінжакі, гарадскі касцюм. Народнае адзенне — свае клятчастыя спадніцы, характэрныя для Камянеччыны, — насілі, мабыць, толькі старыя жанчыны.

З Камянецкага раёна Антон прывёз у краязнаўчы музей таксама шмат старых рэчаў, напрыклад разныя прасніцы, па-мясцоваму — «потёскі». Зараз яны прадстаўлены ў новай экспазіцыі. Яскравы прыклад беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Кожная з гэтых прасніц — унікальны экспанат, таму што не паўтараюцца арнаментальныя кампазіцыі. Іх, дарэчы, у будучыні можна выкарыстоўваць у кніжнай графіцы, — лічыць Антон.

З экспедыцый ён прывозіць таксама адзенне, посцілкі, ганчарныя вырабы, драўляны посуд, цуркі — палачкі, якімі звязвалі снапы. Важна ўсё гэта сабраць, пакуль не згублена.

Чаму ў археолага такая цікавасць да этнаграфіі? Кажа, не заўсёды археалагічныя разведкі даюць вынікі, а з пустымі рукамі дадому ехаць не хочацца:

— Наш традыцыйны строй — наш гонар. Чым больш зберажом, тым лепш. На тэрыторыі Брэсцкага Пабужжа распаўсюджаны Камянецкі, Кобрынскі, Маларыцкі і Дамачаўскі (Надбужанскі) строі. Цудоўна, каб кожны сельсавет быў прадстаўлены сваім традыцыйным касцюмам. Бо амаль у кожным сяле ёсць пэўныя адрозненні. На жаль, некаторыя строі можна пабачыць толькі на фотаздымках. Шмат даводзіцца размаўляць з людзьмі, распытваць, што яны памятаюць, што ў іх захавалася. Фіксуем і фальклорныя творы — песні, прыказкі, легенды, паданні. Так, на левым беразе Буга ў вёсцы Неплі бытавала паданне пра каменны крыж — скамянелую нявесту.

Машына часу

Археолагам Антон вырашыў стаць на апошнім курсе Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна, дзе вучыўся на гісторыка:

— Мая першая студэнцкая практыка праходзіла пад кіраўніцтвам вядомага беларускага археолага Вадзіма Георгіевіча Беляўца ў Жабінкаўскім раёне каля вёскі Пятровічы. Гэта была экспедыцыя НАН Беларусі — раскопкі грунтавога могільніка вельбарскай культуры жалезнага веку. Гэтую культуру пакінула насельніцтва ўсходнегерманскага племяннога саюзу готаў. Падчас раскопак пад некалькімі метрамі жоўтага пяску мы знаходзілі грунтовыя пахаванні па абрадзе крэмацыі, у якіх ляжалі перапаленыя чалавечыя косткі, пацеркі, фібулы і іншае. Потым я ездзіў з Вадзімам Георгіевічам у археалагічныя разведкі.

Што тычыцца Брэстчыны, то Антон прымаў таксама ўдзел у раскопках пад кіраўніцтвам Аляксандра Башкова ў Дастоева, дзе была сядзіба ­роду Дастаеўскіх, у Скоках — на сядзібе Нямцэвічаў, быў удзельнікам экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў Белавежскай пушчы, дзе зараз будуецца археалагічны ­скансэн.

Адной з цікавых экспедыцый лі­чыць удзел у раскопках пад кіраў­ніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Іова:

— У Юравічах на Гомельшчыне Алег Вільгельмавіч даследуе старажытны горад, які ён звязвае з першапачатковым Туравам. Ён мяркуе, што ранні Тураў X — першай паловы XI стагоддзя знаходзіўся ніжэй па цячэнні Прыпяці, на ўсход ад Мазыра. А Тураў у Жыткавіцкім раёне ўзнік пазней — у сярэдзіне XI стагоддзя. У яго вельмі цікавая гіпотэза, якой ён шукае доказы.

Тэма навуковага даследавання Антона Дацкевіча — сістэма рассялення на тэрыторыі Беларускага Пабужжа ў IX—XV стагоддзях.

Стаіць задача выявіць новыя гарадзішчы, селішчы і курганныя могільнікі, высветліць, якія памеры мелі паселішчы, вызначыць іх тапаграфію і храналогію.

— Невялікія гарадзішчы-сховішчы дыяметрам каля 30 метраў узнікалі ў X стагоддзі і існавалі да пачатку XI. Потым масава знікалі. Гэта звязана хутчэй за ўсё з падпарадкаваннем тэрыторый Кіеўскай дзяржаве, бо кіеўскія князі знішчалі мясцовую эліту. Прыкладам такога помніка з’яўляецца гарадзішча каля вёскі Франопаль Брэсцкага раёна. Мне цікава прасачыць сістэму рассялення ў перыяд узнікнення дзяржаўнасці на нашых землях, як было ўладкавана жыццё нашых продкаў.

— Ці магчымы яшчэ сенсацыі?

— Канечне. Не губляю надзеі, што можна адшукаць цэлае гара­дзі­шча. Ёсць раёны на Брэстчыне — Дра­гі­чынскі, Кобрынскі, — якія даследаваны ў меншай ступені. У верхнім цячэнні Мухаўца можна выявіць новыя цікавыя помнікі.

Сцэнка з жыцця музейных супрацоўнікаў у этнаграфічнай экспедыцыі.

 Кожнай вёсцы па музеі

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, куды нясе цікавыя артэфакты Антон Дацкевіч, мае багатую не толькі этнаграфічную, але і археалагічную калекцыю. Выдатныя этнаграфічныя і археалагічныя артэфакты можна ўбачыць у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна, дзе археалагічная экспазіцыя створана дзякуючы знаходкам шматгадовых экспедыцый на Ясельду пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Алены Калечыц.

Але на Брэстчыне не хапае этнаграфічных музеяў, лічыць Антон:

— Напрыклад, у Маларыцкім раёне, калі не браць у расклад экспазіцыю цэнтра народнай творчасці, зусім няма. А раён найбольш багаты на этнаграфічныя помнікі, і там можна было стварыць не проста музей, а круты скансэн. Школьныя музеі, цэнтры рамёстваў, сельскія клубы, бібліятэкі з экспазіцыямі, прыватныя вясковыя музеі — гэта ўсё добра. Але яны не з’яўляюцца профільнымі ўстановамі, там, як правіла, няма адпаведнага ўліку, сістэматызацыі, а ў гэтай справе павінен быць жорсткі кантроль.

Антон кажа, што ў вясковых хатах яшчэ шмат чаго засталося:

— Усё залежыць ад рэгіёна. Упэў­нены, музеі могуць яшчэ папаў­няцца экспанатамі.

kozlovich@sb.by

Фота Паўла Богуша і з архіва Антона Дацкевіча
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter