Капітаны гранёнай шклянкі

Пагоня за квадрацыклам-парушальнікам: як прайшоў рэйд на Мінскiм моры

Ішоў шаснаццаты дзень лета – менавіта столькі цёплых дзён налічылі супрацоўнікі выратавальнай станцыі на Мінскім моры ў гэтым сезоне. Людзі карыстаюцца любой магчымасцю пагрэцца на сонейку, таму на пляжах параўнальна шматлюдна. За парадкам сочаць міліцыянеры і амапаўцы, супрацоўнікі прыродаахоўнай інспекцыі і інспекцыі маламерных суднаў. Карэспандэнт «Р» прыняла ўдзел у рэйдзе па пляжах Мінскага мора.

Маторкі без апазна-вальных знакаў — па-за законам

Гонкi на выжыванне

На думку Юрыя Шчарбакова, камандзіра роты ППСМ МГБ Мінскага РУУС, самыя распаўсюджаныя парушэнні — распіццё спіртных напояў і знаходжанне на пляжы, які з’яўляецца грамадскім месцам, у нецвярозым стане:

— Раней хапала крадзяжоў з прыпаркаваных машын, але зараз такіх злачынстваў стала значна менш. Магчыма, падобныя намеры стрымлівае верагоднасць трапіць у поле зроку відэарэгістратараў або на вочы патрульным.

Людзі купаюцца, загараюць, ладзяць шашлыкі

Міліцэйскі «ўазік» павольна рухаецца па дарожцы ўздоўж пляжаў. Прысутнасць любых машын, акрамя спецтранспарту, тут забаронена, уезд на пляж перагароджваюць шлагбаумы. Але раптам да нашых вушэй даносіцца роў матора, а потым з-за паварота выскоквае і яго крыніца: чырвоны квадрацыкл. Імчыць ён з немалой хуткасцю для месца, дзе хапае малых дзяцей, траекторыя руху якіх непрадказальная. «Уазік» здае назад, каб перагарадзіць дарогу парушальніку, але той і не думае спыняцца — наадварот, дадае газу. Пад віск напалоханай пасажыркі квадрацыкл літаральна праціскаецца паміж машынай і кустамі. Мы разварочваемся і кідаемся ў пагоню, якая хутка заканчваецца: мотаўсюдыход рэзка нырае ўніз з дарогі па вузенькай пешаходнай сцяжынцы. УАЗ там не пройдзе… Юрыю Шчарбакову толькі і застаецца, што перадаць паведамленне пра парушальніка супрацоўнікам ДАІ:

— Катацца на квадрацыклах па шасэ і вуліцах нельга, можна толькі па лясных або палявых дарогах, куды чатырохкалёсны матацыкл трэба даставіць на лафеце. Што датычыцца яго знаходжання на пляжы, то гэта ўвогуле недапушчальна, таму што нясе небяспеку для адпачывальнікаў.

Урокi плавання

Зручней за ўсё назіраць за сітуацыяй на беразе з вады. Таму разам з ратавальнікамі мы на катары адпраўляемся ў аб’езд пляжаў. З сабой бяром медсястру: паступіла паведамленне пра дзіця, што пашкодзіла нагу. Высвятляецца, што дзяўчынка гадоў дзевяці спатыкнулася і абадрала аб камяні абодва калены. Крыві і страху шмат, але раны не надта сур’ёзныя, для ліквідацыі наступстваў дастаткова перакісу вадароду і пластыру. Дзіця, зачараванае відовішчам катара і людзей у выратавальных камізэльках, хутка супакойваецца, а мы працягваем свой шлях. У гучнагаварыцель супрацоўнік выратавальнай станцыі напамінае пра неабходнасць быть уважлівымі на вадзе, пільна сачыць за дзецьмі і не давяраць плавальным сродкам кшталту надзіманага круга або матраца.

У адной лодцы

У акваторыі Мінскага мора хапае лодак, катараў і нават яхт. Недалёка ад берага змагаюцца с ветрам два віндсерферы. Ні да каго з іх пытанняў няма, таму я здзіўляюся, калі мае спадарожнікі насцярожваюцца і падбіраюцца, убачыўшы чарговую маторную лодку.

Разбітыя калені хутка гояць перакіс вадароду і ўвага

— На бартах няма нумароў. Лодка, хутчэй за ўсё, не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю, тэхнічны агляд і праверку матора, — тлумачаць мне. — А гэта сур’ёзнае парушэнне.

Да таго ж на борце маленькае дзіця, апранутае ў сімвалічную выратавальную камізэльку — такая не дапаможа пры няшчасным выпадку. Вадзіцель атрымлівае загад заглушыць матор, але яго пасажыр перакрыквае шум хвалі і ветру:

— Мужыкі! Мы вады начэрпалі, заглохлі, ледзь завяліся! Баюся, калі выключым запальванне, больш увогуле не завядзёмся!


Парушальнікам дазваляюць паволі рухацца за намі, да выратавальнай станцыі, дзе іх ужо будуць чакаць супрацоўнікі інспекцыі маламерных суднаў. А я са здзіўленнем даведваюся, што правілы выкарыстання маторных лодак даволі строгія і вельмі падобныя да аўтамабільных. Вадзіцелю нават неабходна адпаведнае пасведчанне, калі магутнасць матора больш за 9 конскіх сіл.

У асноўным жа на пяці пляжах Мінскага мора, дзе мы пабывалі, спакойна. Людзі купаюцца мала, таму што вада халаднаватая; затое загараюць, гуляюць у валейбол, ладзяць шашлыкі і нават, здаецца, прызнаюцца ў каханні.

nevmer@mail.ru

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?