Капiтанскi мосцiк

Леанiд Краўчанка вывеў сваю навучальную ўстанову ў лiк лепшых

За непрацяглы час Леанiд Краўчанка вывеў сваю навучальную ўстанову ў лiк лепшых

Леанiд Мiкалаевiч пяць гадоў узначальвае Каменскую дапаможную школу-iнтэрнат. Да гэтага ён займаў такую ж пасаду ў сярэдняй школе на Бабруйшчыне, працаваў у раённым аддзеле культуры, намеснiкам старшынi райвыканкама. Калi прапанавалi заняць крэсла кiраўнiка ў школе-iнтэрнаце, згадзiўся адразу. I пачаў з «цвёрдай рукi»: парадку, дысцыплiны, каб дзецi выходзiлi ў жыццё паўнапраўнымi членамi грамадства. На першай сустрэчы з калектывам выклаў сваю пазiцыю. Сёй-той адсеяўся, але большасць педагогаў, выхавальнiкаў прынялi новыя патрабаваннi.

Школа набыла прывабны выгляд: адрамантавалi мяккую кроўлю, замянiлi цеплатрасу на пi-трубу, ва ўтульным двары пасадзiлi кветкi.

У кожным спальным пакоi навучэнцаў абнавiлi мэблю, iнтэр’ер. Таксама закупiлi новае абсталяванне для харчблока, сучасныя швейныя машыны, з дзесятак камп’ютараў, сантэхнiку…

Штогод на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнiчнай базы школы выдаткоўваецца 200—250 мiльёнаў рублёў, трэць з якiх зарабляюць самi навучэнцы. Яны ў пазаўрочны час збiраюць мэблю, шыюць пасцельную бялiзну, шторы, адкормлiваюць жывёлу на свiнаферме, вырошчваюць на прышкольным участку гароднiну. Увогуле, у школе некалькi профiльных класаў — шавецкi, слясарны, сталярны, сельскагаспадарчы.

Колькасць навучэнцаў, якiя паступаюць сюды з 12 раёнаў вобласцi, вагаецца ад 120 да 150 чалавек. Тут высокi ўзровень падрыхтоўкi — усе 16 выпускнiкоў мiнулага года паступiлi ў Магiлёўскi эканамiчны i Бабруйскi будаўнiчы каледжы. Вядома, i навучальна-выхаваўчая работа ў школе на высокiм узроўнi. Нездарма на яе базе праходзяць творчыя справаздачы ўстаноў адпаведнага профiлю Магiлёўскай вобласцi, iдзе абагульненне перадавога вопыту, адзначаюцца лепшыя. Сам Леанiд Мiкалаевiч нядаўна быў удастоены ганаровай граматы ўпраўлення адукацыi аблвыканкама.

У вялiкай пашане тут фiзкультура i спорт. Па адзiнаццацi вiдах спорту праводзяцца ўнутрышкольныя спаборнiцтвы, лепшыя прымаюць ўдзел у раённай спартакiядзе калектываў фiзкультуры, i па вынiках мiнулага года выйгралi першынство. Дырэктар — прызёр лыжных гонак сярод кiраўнiкоў прадпрыемстваў i арганiзацый раёна. Добры прыклад для ўсiх.

Прызнаюся, люблю назiраць, як ён вырашае справы. Тут i мэтанакiраванасць, i няўтольнае жаданне расцi, удасканальвацца. Як добра, што сышлiся iнтарэсы гэтага чалавека i школы, на гэтай глебе будзе яшчэ нямала розных дасягненняў, перамог. Гэта тым больш прыемна ўсведамляць, што неў-забаве Леанiд Мiкалаевiч адзначыць сваё 60-годдзе.

На здымку: Леанiд КРАЎЧАНКА са сваiмi выхаванцамi.

Фота: Мiкалай ДАВIДОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter