МАЗ і кітайская кампанія Weichai Power пабудуюць у "Вялікім камені" завод па вытворчасці рухавікоў

Капітал прыйшоў у дзеянне

Праз два гады ў МАЗа з'явіцца ўласны рухавік. Будучы завод пабудуюць разам з кітайскім вытворцам Weichai Power. Кошт праекта — 20 мільёнаў долараў. Як прайшла закладка першага каменя на будоўлі, убачыў карэспандэнт «Р».

Амаль кожны ўдзельнік сумеснай беларуска-кітайскай дэлегацыі ўзяўся за рыдлёўку.
Фота БЕЛТА

Новая вытворчасць да канца наступнага года павінна з'явіцца ў Кітайска-Бела­рускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Пакуль што на месцы будучага завода толькі расчышчаная пляцоўка і першы ўра­чыста ўстаноўлены камень.

Сумесная беларуска-кітайская дэлегацыя прыбыла на месца бу­даўніцтва на 1,5 гадзіны пазней за журналістаў. Таму мы паспелі прагуляцца па парку і пагля­дзець, як рухаюцца іншыя праекты. Напрыклад, завод кітайскай карпарацыі Zoomlion, закладка сімвалічнага каменя якога адбылася ў красаві­ку, да гэтага часу знаходзiцца ў стадыі падрыхтоўкі пляцоўкі і, магчыма, стварэння падмурка. Але асаблівай ажыўленасці на будоўлі няма.

Генеральны дырэктар МАЗа Дзмітрый Кацярыніч заявіў, што завод доўга вывучаў рынак перад тым, як прыняць рашэнне:

— Weichai Power — вядучы сусветны вытворца рухавікоў. Абарот кампаніі складае каля 30 мільярдаў долараў у год. Карпарацыя мае свае прадпрыемствы па ўсім свеце. У тым ліку ў Францыі, Германіі, ЗША.

У выніку сёння ў Прэм'ер-міністра бакі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Адкрыццё завода плануюць 8 лістапада 2018 года.

фота источник

У сваю чаргу намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Калінін запэўніў усіх удзельнікаў праекта ў тым, што ва Урада няма сумненняў у паспяховасці задуманага і што праз год тут усе збяруцца зноў, каб урачыста адкрыць завод.

Пасля гэтага пачалася цыры­монія закладкі першага каменя. Было бачна, што і міністры, і дырэктары рады ўзяцца за рыдлёўкі пасля стаяння пад дажджом і ветрам. А таму ўсё, што адбываецца, было больш падобна на спаборніцтвы: хто хутчэй закідае сімвалічны камень — нашы ці кітайцы. Але пера­можцаў не аказалася — усе папрацавалі сумленна.

Пасля таго як сагрэліся, удзель­нікі больш ахвотна дзяліліся з журналістамі падрабязнасцямі праекта. Такім чынам, па сутнасці, праз два гады сумеснае прадпрыемства ТАА «МАЗ-Вейчай» пачне выпуск рухавікоў, якія цалкам закрыюць усю лінейку тэхнікі з нашага аўтазавода (нават 30% агрэгатаў плануюць экспартаваць). Гэта значыць, МАЗ нарэшце атрымае ўласны матор. Праўда, спачатку тут будзе зборка з прывазных кітайскіх дэталяў. Але запланавана і павышэнне лакалізацыi. Серыйны выпуск павінен з’явіцца да 2019 года.

На новым заводзе будуць выпускаць 20 тысяч адзінак дызельных рухавікоў экалагічнага стандарту Euro-6 для грузавікоў, спецмашын і аўтобусаў у год. Магутнасць агрэгатаў складзе ад 220 да 460 л.с. Маторы, як сцвярджаюць спецыялісты, будуць надзейней і мацней за аналагі: змогуць без рамонту прапрацаваць мінімум 1,2 мільёна кіламетраў прабегу.

Дарэчы, кампаніі будуць сумесна фінансаваць стварэнне агульнага прадпрыемства. Аб'ём інвестыцый будзе складаць 20 мільёнаў долараў. Долі нераўназначныя: 70% укладвае Weichai, 30% — мы. Асноўныя сродкі, па словах Дзмітрыя Кацярыніча, — прамыя інвестыцыі кітайскай кам­паніі:

— Мы ж маем намер скарыстацца льготным крэдытаваннем у рамках падпісанай дамовы паміж урадамі дзвюх краін.

Сумеснае прадпрыемства стане 20-м рэзідэнтам індустрыяльнага парка. Кіраўнік адміністрацыі парка Аляксандр Ярашэнка называе гэты праект адным з найбуйнейшых:

— Гэта на самай справе высокатэхналагічны праект. Паверце, тыя напрацоўкі па дызельных рухавіках, якія ёсць у гэтага вытворцы, — лепшыя ў свеце. Электрамабілі — гэта наша заўтра, але сёння дызельныя маторы не менш важныя.

Застаецца толькі спадзявацца, што будаўніцтва будзе ісці хутка і завод запусцяць своечасова. Пакуль жа інду­стрыяльны парк працягвае запрашаць інвестараў. Напярэдадні было падпісана пагадненне з расійска-беларускімі засна­валь­нікамі аб стварэнні вытворчасці па вырошчванні штучных сап­фіраў для прамысловых мэт. Неўзабаве прыйдзе сюды праект па вытворчасці беспілотнікаў і многія іншыя.

kuletski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter