Багатыя талентамі Капаткевічы

Капаткевічы: людзі на тарфяніках і школьны трамплін зорак

У БЕЛАРУСІ вядома шмат стаянак першабытнага чалавека, што сведчыць пра засяленне нашай зямлі ў далёкай старажытнасці.  Больш за трыццаць археалагічных могільнікаў – побач з палескімі Капаткевічамі. Паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў гістарычных дакументах сярэдзіны ХVI стагоддзя як Капатковічы. 


Паводле метрыкі караля польскага Жыгімонта II Аўгуста, значная частка маёнтка аддадзена ў валоданне Руцкаму. Пазней гаспадарылі тут заможны род Яленскіх, царскі генерал Мікалай Цылаў. 

У канцы ХVIII стагоддзя ўзведзены касцёл святога Аўгусціна. Адкрылася народнае вучылішча.
 
Ветэран працы Фёдар МІНЧУК

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Расійскай імперыі. Заходняя экспедыцыя на Палессе, якою кіраваў вядомы рускі геадэзіст Іосіф Жылінскі, унесла ў 1866 годзе ў план асушэння балот і капаткевіцкія. Мястэчка стала цэнтрам воласці, што аб’ядноўвала амаль два дзясяткі паселішчаў. Адкрылася прагімназія, ператвораная ў сямігадовую школу. Летам 1924-га ўтвораны Капаткевіцкі раён, які праіснаваў сем гадоў. У 1935 годзе мястэчку вяртаецца статус раённага цэнтра Мазырскай акругі, рэарганізаванай у 1938-м у Палескую вобласць. У 1938 годзе Капаткевічы сталі гарпасёлкам. Пасля рэарганізацыі ў 1962-м увайшлі ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці. 

У перыяд калектывізацыі ў мястэчку арганізаваліся тры гаспадаркі, якія аб’ядналіся ў саўгас. 

Кіраўнік справамі сельвыканкама Алена ПАЎЛЮЧОК і інспектар Ірына ЖУКАВЕЦ

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя пакінулі свой разбуральны след. Дзве вайны партызаніў у навакольных мясцінах легендарны дзед Талаш. Акупанты люта помсцілі народным змагарам. Летам 1921 года ў выніку карнай аперацыі кайзераўскіх войскаў загінула 118 мясцовых сялян. У 1943-м нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі пасёлак і забілі 112 яго жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінула амаль тры сотні тутэйшых. Памяць пра іх увекавечана мемарыяльным помнікам.

Гарпасёлак, у якім дзейнічаюць будаўнічая, меліярацыйная арганізацыі, сельгаспрадпрыемства, сацыяльна-бытавыя службы, установы адукацыі і аздараўлення, рыхтуецца сёлета адзначыць 450-годдзе.

Дырэктар сярэдняй школы Наталля КАМНАЦКАЯ з навучэнцамі

АД ажыўленай аўтатрасы Гомель–Брэст да петрыкаўскіх Капаткевічаў, куды накіраваўся ў чарговую вандроўку, звыш дзесяці кіламетраў. За акном легкавіка мільгалі пералескі ўперамежку з заснежанымі палямі. Старыя вербы і нізкарослы вербалоз чарнелі ўздоўж звілістай ракі Пціч, якая ад прысталічных крыніц нясе даніну паўнаводнай Прыпяці. Капаткевіцкія агароды падступаюць да рачных берагоў. У пойменнай нізіне пабудаваны сажалкі рыбгаса “Трэмля”, аднаго з найбольш буйных на Гомельшчыне.

З паўднёвага боку гарпасёлка на пакатым пагорку ўзвышаюцца вытворчыя муры. На адным з іх здалёку кінулася ў вочы абвестка наконт запрашэння на працу. Кіраўнік справамі сельвыканкама Алена Паўлючок, з якою сустрэліся ў рабочым кабінеце, патлумачыла, што пачынае дзейнасць прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Па суседстве вытворчая база былога будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі, дзе ў лепшыя часы працавала амаль дзевяцьсот чалавек. 

Урок гісторыі ў 8 “Б” класе вядзе настаўніца Надзея СІГАЙ

Узгадалася даўняя сустрэча з машыністам экскаватара Піліпам Горбачам, якому за вытворчыя поспехі надалі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Па купінах, пераскокваючы з адной на другую, з “рэпарцёрам” на плячы дабраўся да экскаватара, які каўшом угрызаўся ў векавую твань. У кабіне побач з меліяратарам заўважыў падлетка. Піліп Сямёнавіч паведаміў, што гэта адзін з трох яго сыноў, і дадаў: марыць стаць меліяратарам. Больш за трыццаць гадоў прайшло з таго часу. Няма ў жывых Піліпа Горбача. Абноўленымі масівамі пакінуў памяць пра сябе. 

У кіраўніка ПМК-67 Васіля Каляды, які шаснаццаты год узначальвае калектыў, пацікавіўся, ці здзейсніў мару сын героя. Адказаць дапамог намеснік Міхаіл Лёгкі, які даўно працуе ў арганізацыі. Валера Горбач пасля заканчэння гідрамеліярацыйнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі вярнуўся дамоў. Працаваў майстрам і прарабам на меліярацыйных аб’ектах. Цяпер на пенсіі.

Трактарыст КСУП “Капаткевічы” Уладзімір БАЖОК

Адышоў у мінулае масавы наступ на палескія балоты. У калектыве капаткевіцкіх меліяратараў засталося 70 чалавек. Рамантуюць, рэканструююць асушальныя сістэмы, чысцяць каналы ў рыбгасе “Трэмля”. ПМК-67 лідзіруе ў трэсце “Калінкавічыводбуд”. Васіль Каляда за мінулы год прызнаны лепшым кіраўніком у Петрыкаўскім раёне. Акрамя асноўнай дзейнасці меліяратары наводзяць парадак у населеных пунктах. Летась знеслі 8 пакінутых падворкаў у Капаткевічах, 3 – у вёсцы Гарадзішча і 2 — у пасёлку Трэмля. Вызваленыя сядзібы забудоўваюцца. 

Свой дом ставіць прадпрымальнік Алег Ермакоў, у якога двое дзяцей. З дзяржаўнай падтрымкай пачала будаўніцтва катэджа шматдзетная сям’я Дзмітрыя і Наталлі Кусман. Пяцярых дзяцей гадуюць Ірына і Дзмітрый Ткачовы. Тры дачкі ў інспектара сельвыканкама Ірыны Жукавец. У сельсавеце 42 шматдзетныя сям’і.

ДЫРЭКТАР КСУП “Капаткевічы” Аляксандр Пінчук распавёў пра сям’ю Ульяны і Івана Несцерчукоў з вёскі Першая Слабодка, у якіх 13 дзяцей. Гаспадар да выхаду на пенсію працаваў механізатарам, а жонка – жывёлаводам. Гаспадарка не пакідае без увагі такія сем’і. Па льготнай цане выдзяляецца тэхніка для апрацоўкі прысядзібных участкаў, выпісваюцца кармы для жывёлы. Сельгаспрадпрыемства эканамічна моцнае. На 7000 гектараў вырошчваюцца збожжавыя і кармавыя культуры. Пераважная большасць угоддзяў – меліяраваныя землі, якія патрабуюць асаблівага догляду. Мадэрнізаваны гідратэхнічныя збудаванні на масіўных урочышчах “Дабрынскае”, “Міжрэчча” і “Хаткі”. Спецыялісты аднавілі двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму. Парадак на палях дае вынікі. Ураджайнасць збожжавых перавышае 40 цэнтнераў з гектара. На залужаных тарфяніках атрымліваюць па некалькі ўкосаў. Летась для грамадскага статка, а гэта 2200 галоў буйной рагатай жывёлы, назапашана па 50 цэнтнераў кармавых адзінак. Ёсць магчымасць 10 000 тон сіласу рэалізаваць у абмен на маладняк жывёлы для далейшага яго адкорму. 

Аператар Ніна ГЕРАСІМЕНКА і намеснік начальніка аддзялення сувязі Анжэла ПУПЕНКА абслугоўваюць абанентаў

Грамадскі статак утрымліваецца на некалькіх комплексах. На адзін з іх, што на ўскрайку Капаткевічаў, завіталі. Асобна размешчаны дойныя каровы, маладняк, які папаўняе дойны статак. Ёсць радзільнае аддзяленне. Усюды чысціня і парадак. Даглядчыкі раздавалі фураж. На трактары МТЗ прыпыніўся Уладзімір Бажок, які вёз ад траншэй сілас у памяшканні. З маладых гадоў працуе механізатарам. Жонка Ірына Міхайлаўна — вартаўнік на мехдвары. Тры дзесяцігоддзі таму ад гаспадаркі атрымалі дом. Выкупіць не хапае сродкаў. Уладзімір Раманавіч кінуўся шукаць лепшы занятак. Пакруціўся і вярнуўся назад.

Аляксандр Пінчук за два дзесяцігоддзі кіравання калектывам ведае, каго падтрымаць, а з каго строга спытаць. Не даруе ляноту і падман. Клапоціцца пра людзей. Маладыя сем’і забяспечваюцца жыллём. Два дзясяткі катэджаў упрыгожылі Асеннюю вуліцу ў Капаткевічах. Пабудаваны новыя дамы ў вёсцы Першая Слабодка. Прыбытковая вытворчасць дазваляе і надалей узводзіць жыллё. 

Вучань 8 ”А” класа Даніла МАГІЛЯВЕЦ і настаўнік фізкультуры Генадзь ДЗЕМІДЗЕНКА
Папаўняе казну і прадпрымальнасць. Пяць гадоў таму выкупілі пустуючыя падворкі ў вёсцы Івашкавічы і стварылі аграсядзібу “Матчына хата”. Мінулым летам там адзначалі пяцідзесяцігоддзе пасля заканчэння школы выпускнікі 1967 года. 

СУСТРЭЦЦА з сябрамі юнацтва прыязджала і нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч. З дырэктарам Наталляй Камнацкай зазірнулі ў створаны кабінет пісьменніцы, дзе ўрок гісторыі для васьмікласнікаў вяла настаўніца Надзея Сігай. Заняткі па батаніцы звычайна праводзяцца ў зімовым садзе, багатым на экзатычныя расліны. У залітым сонечнымі промнямі памяшканні каля гаршкоў і вазонаў увіхаліся юныя натуралісты. 

Ідучы з дырэктарам па доўгім школьным калідоры ў музей, заўважыў на падаконніках гаршкі з кветкамі. Прасторны пакой запоўнены ўнікальнымі экспанатамі. Пра паходжанне іх цікава расказала Наталля Каліцька. Выкладае яна родную мову і літаратуру. Захапляецца краязнаўствам. Пачыналі са збору звестак пра 125-ю Капаткевіцкую партызанскую брыгаду. Па навакольных вёсках вышуквалі прадметы побыту палешукоў, сістэматызавалі дакументы па гісторыі Капаткевічаў. Змайстравалі накрытую чаротам хатку, дах якой увянчалі буслянкай. У пачатку лютага музею споўнілася 25 гадоў. Ён прызнаны лепшым сярод школ раёна. 

Педагог Віктар Цылько і старшакласнікі арыгінальна аформілі выставачную залу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Школа пакінула ўражанне як сапраўдны храм навукі. Акрамя Святланы Алексіевіч, адсюль выйшлі прызёр Алімпійскіх гульняў Наталля Стасюк, Героі Сацыялістычнай Працы Надзея Якубовіч і Валянціна Булава, дзяржаўны дзеяч Ніна Мазай, дактары навук Валерый Цішкоў, Неафіт Рагозін, Валерый Ціхіня, Мікалай Бяляцкі, выдатныя медыкі, педагогі, інжынеры, прадстаўнікі самых розных прафесій і заняткаў. 

Кожнае лета збіраюцца ў родных пенатах выпускнікі розных гадоў. Многім з іх выпала вучыцца ў заслужаных настаўнікаў БССР Фёдара Чаўнавіка, Адама Цалка, Алега Мінчука, Рымы Макарэвіч.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы Наталля КАЛІЦЬКА з вучнямі ў школьным музеі

У строгім кабінеце дырэктара кінуўся ў вочы прымацаваны да сцяны школьны герб, на якім красуюцца раскрытая кніга і сонца на фоне блакітнага неба. Гаспадыня кабінета ўдакладніла, што нябесны блакіт – сімвал Капаткевічаў. Амаль чатырыста навучэнцаў і паўсотні педагогаў у школе. Палова настаўнікаў – былыя выпускнікі. У ліку  і іх дырэктар. 

Многія выхаванцы застаюцца ў родных мясцінах. Да вайны пачынаў вучобу  ў школе Фёдар Мінчук, да якога завіталі. У сенцах ляжалі бярэмкі сухіх дроў. Аўдавелага бацьку штодзень праведваюць сыны Віктар і Лёня. Дапамагае і сацыяльны работнік Сяргей Харланаў. Памятае дзевяностагадовы ветэран, як летняй раніцай 1943 года гітлераўцы ўварваліся ў Капаткевічы і пачалі карную аперацыю. Іх сям’ю ўратаваў лёс. Пасля вайны Фёдар Мінчук падлеткам пайшоў працаваць у саўгас і вучыўся ў вячэрняй школе. Завочна закончыў заатэхнічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Узначальваў вытворчае аддзяленне саўгаса “Капаткевіцкі”, кіраваў калгасам у вёсцы Кашэвічы, да выхаду на пенсію працаваў у меліярацыйнай арганізацыі. 

З МАЛЫХ гадоў артысткай марыла стаць Ядзвіга Суботка. Закончыла танцавальнае аддзяленне Магі- лёўскага культасветвучылішча і па размеркаванні адправілася ў Ганцавічы. Душа трымцела роднымі мясцінамі. Вярнулася і стварыла ў Доме культуры самадзейны калектыў, які вырас у ансамбль народнай песні, музыкі і танца “Лявоніха”. Муж Анатоль Аляксандравіч кіруе народным тэатрам, дзе артыстамі прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў. З п’есай Янкі Купалы “Прымакі” ўдала выступілі на абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва ў Мазыры. Да  Міжнароднага дня тэатра, які адзначаецца 31 сакавіка, рыхтуюць пастаноўку  Міхася Чарота “Мікітаў лапаць”. Трыццаць гадоў тэатр носіць званне народнага.

Кожны вечар ажыўлена ў Доме культуры, у якім дзейнічае амаль дваццаць гурткоў па інтарэсах. Некалькі груп аб’яднаны ў дзіцячы ўзорны танцавальны калектыў “Верасок”. Самадзейныя артысты часта выступаюць у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Пціч”. Перапоўненымі гледачамі клубамі сустракаюць іх у палескіх вёсках. Ім апладзіруюць на прэстыжных рэспубліканскіх фестывалях і святах. 

Палескай глыбінкай Капаткевічы ніяк не назавеш. 

Петрыкаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter