«Канюшына — гэта авёс»?!

Суботнім вечарам разам з матуляй і малодшай сястрой селі глядзець тэлевізар. Якраз трансліравалі інтэлектуальную гульню «Адзін супраць усіх». Абаяльны вядучы Георгій Калдун амаль гадзіну дапытваў мілавідную жанчыну...

Але ж сапраўдным апагеем вечара стала гульня — калі так можна назваць некалькі хвілін эфіру — аднаго маладога чалавека. На першае пытанне, хто спявае песеньку «В Африке горы вот такой вышины! Аа-а-а! В Африке реки вот такой ширины! Аа-а-а!», хлопец упэўнена адказаў: «Чырвоны Капялюшык!» А вось на другім пытанні ён запароўся. Як, дарэчы, і яшчэ шаснаццаць удзе- льнікаў. Што ж за пытанне? «Как переводится с белорусского языка на русский слово «канюшына»?» І варыянты адказу — «овес, клевер, рожь». Хлапец доўга не вагаўся — раз ёсць корань «конь», значыцца… авёс. Вядучы спытаў, які адказ выбраў удзельнік пад нумарам сорак шэсць, бо той працуе ў батанічным садзе. Увага! Сорак шосты таксама адказаў: «Авёс». Георгій Калдун шчыра смяецца — нішто сабе праца ў хлопца!

А правільны адказ — «клевер». І ніякім чынам не авёс касіў Ясь, калі паглядаў на дзяўчыну…

Хлопец быў вельмі здзіўлены, калі камп’ютар зазначыў няправільны адказ. А мы перад экранам засталіся абураныя тым, што для грамадзян Беларусі самае цяжкае — перакласці словы з роднай, здавалася б, мовы.

Дарэчы, адзін раз бачыла ў праграме «Наша раніца», таксама на АНТ, як расказвалі аб паходжанні беларускага слова «парасон». Мяркую, для тых, хто хоча выстаяць «супраць усіх» ды пайсці дамоў з мільёнам, будзе вельмі карысным глядзець яе штораніцы.

На маю думку, кожны грамадзянін нашай рэспублікі павінен ведаць беларускую мову і навучыць ёй сваіх дзяцей. Падкрэслю, кожны грамадзянін. Згадзіцеся, калі беларус жыве, напрыклад, у Германіі, ён будзе вывучаць нямецкую мову, у Англіі — англійскую. Вядома, у Беларусі для сацыяльных зносінаў можна абысціся адной рускай мовай. Але ж ведаць родную беларускую мы проста абавязаны! Успомніце словы Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…» І яшчэ ёсць адна падстава: каб не было сорамна.

Надзея БУТОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter