В этом году у всех десятиклассников будут новые учебники: мы побывали на полиграфкомбинате и увидели, как они печатаются

Канвеер ведаў

Новыя падручнiкi заўсёды валодалi нейкай асаблiвай магiяй. Пах палiграфiчнай фарбы, шоргат свежай паперы, яркiя iлюстрацыi: разглядаць кнiгi, якiя толькi што выйшлi з друкарскай машыны, — адно задавальненне. Праўда, мала хто ведае, якi доўгi шлях яны праходзяць, перш чым трапляюць на парты школьнiкаў. Напярэдаднi навучальнага года мы пабывалi на ААТ «Палiграфкамбiнат iмя Якуба Коласа» i здзiвiлiся, як шмат працы ўкладзена ў падручнiкi, заклiканыя стаць праваднiкамi ў свет ведаў.

Аддрукаваныя новыя кнігі хутка з’явяцца на сталах усіх школьнікаў.

У пачатку было слова

Мы патрапiлi на палiграфкамбiнат у самы пiк сезона. Праца ў дзве змены, адсутнасць выхадных — парушыць графiк i тым самым абдзялiць школьнiкаў кнiгамi ну нiяк недазваляльна. А ўлiчваючы, што прадпрыемства выпускае больш за 70 працэнтаў усiх падручнiкаў, на яго ўскладаюць асаблiвыя надзеi. Толькi ўдумайцеся: супрацоўнiкi палiграфкамбiната ўжо аддрукавалi больш за 2 мiльёны экзэмпляраў i тэмп змяншаць пакуль не збiраюцца: у гэтым месяцы яны плануюць выпусцiць падручнiкi па замежных мовах i беларускай лiтаратуры агульным накладам больш за 400 000 штук. У вераснi праца працягнецца: друкары плануюць выпусцiць другiя часткi падручнiкаў, якiя трапяць да дзяцей толькi ў трэцяй чвэрцi.

— Перш чым узяцца за працу, мы ўдзельнiчаем у палiграфiчным тэндары, якi праводзiцца выдавецтвамi: галоўны крытэрый адбору — якасць i прывабная цана. Наклады сур’ёзныя, адзiн падручнiк можа друкавацца ў больш чым 100 000 экзэмпляраў. Лiтаральна ўчора адгрузiлi навюткi «Русский язык» для 10 класа — 132 000 кнiг атрымалася, Ларыса Шчэбетава, намеснiк дырэктара па вытворчасцi, праводзiць нас у друкарскi цэх. Ля ўвахода — вялiкiя ролiкi паперы, вагой больш за сотню кiлаграмаў. Перш чым патрапiць у друкарскую машыну, на спецыяльным абсталяваннi рулоны паперы разразаюцца на асобныя аркушы. Паралельна з гэтым на ўчастку дадрукарскiх працэсаў вырабляюцца друкаваныя формы па макетах выдавецтваў. Ну а далей справа тэхнiкi — друкарская машына, як гарачыя пiражкi, выдае на паддон асобныя аркушы з хуткасцю каля 15 000 штук у гадзiну.

На фальцоўцы аркушы складаюцца ў сшытак, кожны са сваім нумарам.

Традыцыйны фармат

Як жа вялiкiя папяровыя палотны ператвараюцца ў старонкi падручнiкаў? Гэта ўсё адбываецца ў пераплётна-брашуровачным цэху. На фальцоўцы аркушы складаюцца ў сшытак, кожны са сваiм нумарам. Паралельна вырабляецца пераплётная накрыўка, прыклейваецца форзац, сшыткi падбiраюцца ў адзiны камплект i прашываюцца памiж сабой. I, нарэшце, апошнi этап: злучэнне прашытага блока з пераплётнай накрыўкай. Вуаля — у мяне ў руках падручнiк беларускай мовы для 10 класа, з яркiмi старонкамi якога зусiм хутка пазнаёмяцца нашы школьнiкi. Каб надрукаваць увесь тыраж, спецыялiсты трацяць адзiн-два тыднi.

— Дарэчы, наша прадпрыемства — адзiнае ў краiне, дзе вырабляюцца кнiгi са шрыфтам Брайля для дзяцей са слабым зрокам. Калi я бачу нашы падручнiкi i дзённiкi ў школьнiкаў, адчуваю гонар за прадпрыемства: мы займаемся важнай справай, — дзелiцца эмоцыямi Ларыса Шчэбетава. — Для мяне самы цiкавы падручнiк — гэта буквар, першая кнiга, якую бяруць у рукi маленькiя вучнi, у ёй шмат малюнкаў. Хоць цяпер усе кнiгi для школьнiкаў рыхтуюць настолькi скрупулёзна, што немагчыма вока адарваць. Якасць падручнiкаў моцна вырасла: калi раней для старэйшых класаў мы выкарыстоўвалi толькi дзве фарбы, то зараз — усе чатыры. Так, цяпер кнiгi сыходзяць у электронны варыянт, але, на маю думку, падручнiк павiнен заўсёды заставацца ў традыцыйным фармаце. Няхай дзецi iх трымаюць у руках i ведаюць, колькi працы мы ўклалi: гэтыя кнiгi зроблены з любоўю. Жадаем усiм школьнiкам поспехаў у новым навучальным годзе i трапяткога стаўлення да ведаў у вокладцы!

КАМПЕТЭНТНА

Людмiла РАМАНОЎСКАЯ, намеснiк дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага iнстытута адукацыi:

— Да 2020/2021 навучальнага года спецыялiсты абнавiлi праграмы для 10 класа i ў адпаведнасцi з iмi распрацавалi 17 новых вучэбных дапаможнiкаў. Iх асаблiвасць — наяўнасць электронных дадаткаў, якiя забяспечаць засваенне зместу навучальных прадметаў на павышаным узроўнi. Дадаткi размешчаны на iнтэрнэт-рэсурсе «Профiльнае навучанне», ён пачне працаваць з 1 верасня. Гэта значыць, рабятам, якiя вывучаюць, напрыклад, рускую мову на базавым узроўнi, будзе дастаткова матэрыялу з кнiгi. Дадаткам жа ў першую чаргу скарыстаюцца тыя, хто вывучае прадмет на павышаным узроўнi. Аднак сайт даступны ўсiм жадаючым, таму з заданнямi можа азнаёмiцца любы вучань. Акрамя таго, кожная кнiга «абсталявана» QR-кодамi i дапоўненай рэальнасцю.

Пры падрыхтоўцы падручнiкаў для 10 класа ў нас з’явiлася дадатковая магчымасць для ўдасканалення iх зместу. Выдавецкiя арыгiналы падрыхтавалi яшчэ летась, але з улiкам таго, што выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе iх будуць толькi з 1 верасня гэтага года, спецыялiсты правялi дадатковую педагагiчную экспертызу. Яе ўдзельнiкамi сталi 155 кампетэнтных спецыялiстаў з усiх рэгiёнаў краiны: 123 педагагiчныя работнiкi ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыi, 19 спецыялiстаў устаноў дадатковай адукацыi дарослых, 13 супрацоўнiкаў Нацыянальнага iнстытута адукацыi. На чым мы прасiлi сфакусiраваць увагу ўдзельнiкаў экспертызы:

• наколькi рэалiзаваны прынцып даступнасцi (цi адпавядае матэрыял узроўню папярэдняй падрыхтоўкi навучэнцаў);

• наколькi рэалiзаваны прынцып сiстэматычнасцi i паслядоўнасцi (цi паслядоўна ўводзяцца новыя тэрмiны, цi лагiчна выкладзены матэрыял, цi выконваюцца прычынна-вынiковыя сувязi);

• цi рэалiзаваны прынцып актыўнасцi i свядомасцi навучання (цi ёсць заданнi даследчага, дыскусiйнага, праблемнага характару);

• цi рэалiзаваны прынцыпы практыкаарыентаванасцi, нагляднасцi, цi прасочваюцца мiжпрадметныя сувязi.

Трэба сказаць, эксперты высока ацанiлi выдавецкiя арыгiналы, i мы спадзяёмся, што новыя вучэбныя дапаможнiкi не расчаруюць дзесяцiкласнiкаў, iх бацькоў i, вядома, настаўнiкаў.

Дарэчы, усяго сёлета запланаваны выпуск 50 вучэбных дапаможнiкаў: ужо выдадзена 36 з iх, а ў астатнiх заканчваецца рэдакцыйна-выдавецкая падрыхтоўка.

glushko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter