«Канцэртаў у глыбінцы не цураемся, наадварот, – прагнем!»

БЕЗ ІХ не абыходзяцца ніводныя «Дажынкі», на іх сольных канцэртах заўсёды аншлагі, а самыя ўдзячныя слухачы — вяскоўцы. Напэўна, гэта невыпадкова: амаль усе ўдзельнікі «Бяседы», як і рэпертуар калектыву, родам з глыбінкі.

Ансамбль народнай музыкі «Бяседа», які амаль увесь родам з вёскі, адзначыў сваё дваццацігоддзе.

БЕЗ ІХ не абыходзяцца ніводныя «Дажынкі», на іх сольных канцэртах заўсёды аншлагі, а самыя ўдзячныя слухачы — вяскоўцы. Напэўна, гэта невыпадкова: амаль усе ўдзельнікі «Бяседы», як і рэпертуар калектыву, родам з глыбінкі.

— Нашы песні, сапраўды, узяты з вясковага фальклору, — патлумачыў карэспандэнту «БН» мастацкі кіраўнік ансамбля, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі кампазітар Леанід ЗАХЛЕЎНЫ. — Мелодыя застаецца некранутай. Мы толькі па-свойму апрацоўваем кампазіцыю,  робім  аранжыроўку,  укладваем  у  ноты  душу  і натхненне.

Сёння ў творчай скарбонцы ансамбля чатыры дыскі (гэта прыкладна сотня песень) і амаль чатыры сотні запісаў. Імі сістэматычна папаўняюцца фонды беларускай музыкі, якія захоўваюцца ў тым ліку і ў фанатэцы Беларускага радыё. Ад іншых гэты калектыў адрознівае перш за ўсё сапраўдная армія прыхільнікаў народнай музыкі.

— Бывае такое, што прыязджаем у вясковы Дом культуры ці райцэнтр, а нас з парога сустракаюць песняй. «Хлеб ды соль», «Звіняць звончыкі», «Чарка на пасашок»… Самадзейныя калектывы, а разам з імі і мясцовыя жыхары, спяваюць наш рэпертуар. Гэта самае прыемнае! — усклікае Леанід Захлеўны. — Канцэртаў у глыбінцы не цураемся. Больш таго — прагнем: тут наша самая любімая публіка. Але ж гэта не значыць, што ў гарадах і сталіцы няма нашых прыхільнікаў. На канцэрты нярэдка прыходзяць тыя, каго яднае з намі любоў і павага да сваіх каранёў.

Сёння ў «Бяседзе» дванаццаць удзельнікаў. Кожны, па словах мастацкага кіраўніка, індывідуальнасць. За дваццаць гадоў існавання склад ансамбля амаль што не змяніўся. Салісткі Таццяна Суседчык, Наталля Раманская, Таццяна Лазоўская працуюць у калектыве ад самага пачатку.

— Тое, што амаль увесь састаў «Бяседы» родам з сельскай мясцовасці — гэта факт, — удакладняе Леанід Захлеўны. — Калі толькі ствараўся ансамбль, у мяне не было мэты сабраць у адным калектыве выхадцаў з вёсак. Хаця яны насамрэч вельмі пранікнёна спяваюць народныя песні. З калегамі мне прыемна працаваць перш за ўсё як з прафесіяналамі.

Таццяна УСКОВА, «БН»

АД «БН». Ад усяго сэрца і ўсяго калектыву віншуем «Бяседу» і зычым усяго самага найлепшага!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter