Канцэрт у выкананні старшыні райвыканкама

У імправізаваным “парадзе” прынялі ўдзел сем’і Зубкоў, Фурсаў, Сіняўскіх і шматдзетная Парфяновічаў. На ўрачыстасць з Глыбокага прыехала і сям’я-госця — сям’я старшыні райвыканкама Алега Морхата. Алег Віктаравіч на свяце быў не як старшыня, а як бацька, галава сям’і. Да слова “дынастыя” яго сям’я мае непасрэднае дачыненне: яна — сплаў двух мнагадзетных родаў. Алег Віктаравіч і яго жонка Валянціна Уладзіміраўна выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях. Самі маюць траіх сыноў, двое з іх разам з бацькамі прысутнічалі на свяце. Старэйшы Віктар вучыцца ўжо на земфаку ў Белдзяржакадэміі. Павел — гімназіст, а самы малодшы Жэня яшчэ дзетсадавец.

На Глыбоччыне прайшоў парад сямейных дынастый

У імправізаваным “парадзе” прынялі ўдзел сем’і Зубкоў, Фурсаў, Сіняўскіх і шматдзетная Парфяновічаў. На ўрачыстасць з Глыбокага прыехала і сям’я-госця — сям’я старшыні райвыканкама Алега Морхата. Алег Віктаравіч на свяце быў не як старшыня, а як бацька, галава сям’і. Да слова “дынастыя” яго сям’я мае непасрэднае дачыненне: яна — сплаў двух мнагадзетных родаў. Алег Віктаравіч і яго жонка Валянціна Уладзіміраўна выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях. Самі маюць траіх сыноў, двое з іх разам з бацькамі прысутнічалі на свяце. Старэйшы Віктар вучыцца ўжо на земфаку ў Белдзяржакадэміі. Павел — гімназіст, а самы малодшы Жэня яшчэ дзетсадавец.

Празароцкая школа шчыра вітала сваіх гасцей — далёкіх і блізкіх, але такіх родных! У вялікай спартыўнай зале, дзе праходзіла сустрэча, панавала атмасфера ўзнёсласці, душэўнай цеплыні і спагады. Шчыра, са словамі-пажаданнямі сустракалі сваіх гасцей настаўнікі і вучні школы. Радаваліся сустрэчы члены сямей-радаводаў, якія хваляваліся і стараліся як найлепш прэзентаваць свой род праз фотаздымкі, захапленні, аповеды, народную творчасць, вершы і песні…

Ф. Скарына сцвярджаў: як кожны звер ведае сваю нару, птушка — сваё гняздо, так і чалавек павінен ведаць свае карані. Прадстаўніца роду Зубкоў — Саламея Антонаўна (жанчына ўжо на пенсіі) — даследавала свой род да восьмага калена, які налічвае больш за сотню чалавек. У час даследавання сваёй радаслоўнай Саламея Антонаўна адкрыла вельмі многа цікавых і драматычных гісторый.

— У нас маці была добрая расказчыца, — гаварыла яна. — Яе ўспаміны мне ў многім дапамаглі. Радаслоўную склала да 1820 года, цяпер ведаю, адкуль пайшоў наш род. У маіх бацькоў была загубленая маладосць. Дзед служыў у царскай арміі, ваяваў супраць немцаў. Тата быў вывезены ў Германію ў рабства. Іх было там пяць братоў. Вызвалялі амерыканцы. І ў іх быў выбар — Амерыка, Канада, Францыя… Мой бацька выбраў Беларусь, бо не мог без сям’і, без бацькоў…

З усіх куточкаў у дзень свята ў Празарокі з’ехаўся вялікі і дружны род Фурсаў, які зарадзіўся на хутары над ціхаю рэчкай Жадзіцай. Над гэтай ракою яшчэ ў пачатку хрушчоўскай “эры” стаялі хутары. Не было ў той час ні электрычнасці, ні радыё, затое ўдосталь хапала бездарожжа, снежных гурбаў, вышэйшых за стагі сена. А людзі жылі-пажывалі, дабро нажывалі. Працавалі да сёмага поту, хто маладзейшы — яшчэ і песні спяваў да першых пеўняў. Дзяцей у кожнай хаце гадавалі… У Басянкоў было сямёра, у Зубко — сямёра, у Івана Фурса сямёра, а ў яго брата Віктара — дзесяць! Іх матуля, Вацлава Адольфаўна, — маці-гераіня. На ўрачыстасці яе дзеці з пяшчотай і любоўю згадвалі бацькоўскі дом, чыталі вершы ўласнага сачынення, расказвалі аб тым, як склаўся іх лёс і як дорага ім малая радзіма — празароцкая зямля. Дзеці і ўнукі гэтага роду берагуць гітару, пад якую спявала Вацлава Адольфаўна. Яна зараз — родавая рэліквія. 48 чалавек налічвае сямейная дынастыя Сіняўскіх. Юльян Антонавіч і Эмілія Альбінаўна — самыя старэйшыя ўдзельнікі ўрачыстасці. Абодвум за 80 гадоў. Разам па жыцці ідуць, лічы, 60 год. Радуюцца, што ў дзяцей сем’і дружныя і моцныя.

Па ўспамінах роду Сіняўскіх атрымліваецца, што Эмілія Альбінаўна — дачка таго самага Альбіна Фаміча, які выступаў у трупе Ігната Буйніцкага, заснавальніка Беларускага тэатра, родам з празароцкай зямлі — вёскі Палевачы.

Шматдзетная сям’я Парфяновічаў вельмі хвалявалася, бо іх род толькі пачынаецца. Але ж іх дзеці-школьнікі — Міша, Арцём, Леначка, Валя — адзначаны ганаровымі граматамі за старанне і таленавітасць. Малодшаму сыну-дашкольніку Віталіку ёсць на каго раўняцца.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат уручыў ганаровыя граматы вучням Празароцкай сярэдняй школы за перамогу ў алімпіядах. Пажадаў ім і надалей расці, узбагачаць сваю радаводную скарбонку.

Вялікай нечаканасцю для прысутных быў імправізаваны падарунак — канцэрт старшыні райвыканкама: Алег Віктаравіч узяў у рукі баян і праспяваў некалькі песень. З ім разам спявала і зала.

На свяце ніхто не застаўся абдзеленым увагай. Гасцей урачыстасцей віталі вучні школы, настаўнікі, рабіліся фотаздымкі на памяць, сем’і абменьваліся падарункамі, кветкамі, прыўзняты настрой стваралі любімыя мелодыі.

— Мы бачылі ўрок маральнасці, урок справядлівасці і сумленнасці, урок патрыятызму, — зазначыла ў сваёй прамове дырэктар школы Вольга Гінько. — Такія сустрэчы сямейных радаводаў будуць працягвацца. На іх празароцкая зямля даволі багатая.

Запрошаныя дынастыі падарылі шмат сваіх рэліквій школьнаму сямейнаму клубу “Дом”, які і ладзіў гэту ўрачыстасць.

Тамара ЯЦКЕВІЧ, “БН”
Глыбоцкі раён
НА ЗДЫМКАХ: прывітанне школьнікаў; дынастыя ЗУБКО.
Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter