На якія фестывалі варта патрапіць сёлета заўзятым меламанам

Канцэрт пад небам

Для аматараў музыкі лета — сезон не столькі пляжны, колькі фестывальны. Беларусы ледзь не кожныя выхадныя, пачынаючы з мая, маюць магчымасць наведаць той ці іншы музычны фестываль. Вядома, нашы фэсты не могуць пахваліцца мільёнамі слухачоў, як, скажам, самыя буйныя ў свеце фестывалі Donauinselfest у Аўстрыі альбо Mawazine ў Марока. Але аншлаг на іх забяспечаны. І справа тут не толькі ў тым, што квіткі на фестывалі больш танныя за канцэртныя альбо наогул бясплатныя і на іх можна паслухаць не адзін гурт, а шмат выканаўцаў. Проста жывое выступленне пад адкрытым небам — гэта сапраўды кайфова. Да таго ж любы музычны фэст суправаджаецца дадатковай праграмай гульняў, майстар-класаў, фуд-кортаў. Апошнім часам з-за недастатковай акупнасці некаторыя з любімых многімі беларусамі фестываляў, кшталту “Маста” на аэрадроме “Баравая”, бяруць перадышку на год-другі альбо наогул спыняюць дзейнасць. Аднак у краіне яшчэ дзейнічае шмат фестываляў, дзе можна пачуць самыя розныя музычныя жанры. 
Выбірай па жаданні: рок, фолк, джаз, электра...

XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”

2—4 чэрвеня, Маладзечна, Мінская вобласць.
Класіка, поп, рок.

Фото: БелТА

Фестываль у Маладзечне лічыцца адным з найбуйнейшых творчых форумаў у краіне, які з радасцю сустракае аматараў не толькі музычнага і песеннага мастацтва, але і паэтычнага, тэатральнага, выяўленчага. Сёлета фестываль вырашылі прысвяціць адразу некалькім падзеям — 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Праграма ўражвае сваёй насычанасцю і рознабаковасцю. Тут і выставы, і прэзентацыі кніг, і спектакль “Паўлінка” Купалаўскага тэатра, і нават спартыўныя спаборніцтвы. Вядома, не застануцца расчараванымі і тыя, хто прыедзе ў Маладзечна па якасную музыку. Традыцыйна падчас фестывалю пройдуць рэспубліканскія этапы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Прыхільнікаў дзіцячай эстраднай творчасці арганізатары запросяць на гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі”. Прысвечаны нашым класікам канцэрт “Купала і Колас, вы нас гадавалі” прадставіць ініцыятар фестывалю Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга. І своеасаблівым рэхам фестывалю стане канцэрт “Рок яднае” з удзелам гуртоў з Беларусі, Расіі і Украіны, які пройдзе 4 чэрвеня на сцэне Амфітэатра.

“Свята Сонца”

17—18 чэрвеня, музейны комплекс “Дудуткі”.
Фолк, фолк-рок.

Фото: dudtki.by
Фэст прымеркаваны да дня летняга сонцастаяння і старажытнага свята Купалля, таму падчас яго чакаюцца і традыцыйныя скокі-карагоды, і купальскае вогнішча, і факельнае шэсце да ракі, і “Горад майстроў”, і старадаўні кірмаш, і абрадавая пляцоўка. У гасцей фестывалю будзе магчымасць прыняць удзел у семінарах і майстар-класах, развеяцца на пляцоўцы для спартыўных ды настольных гульняў і, вядома, паслухаць таленавітых артыстаў. Якое ж народнае свята без якаснай этнамузыкі! Той, хто трапіць на фэст упершыню, проста здзівіцца, якое багацце фальклорнай і этнічнай музыкі ў Беларусі. Госці пачуюць фолк-фэнтэзі Irdorath, medieval folk “Стары Ольса”, беларускі кельт-панк “ВСЁ_CRAZY”, неафолк “Рокаш”, фолк-рок Pawa, фолк-фэнтэзі HardWood, этна-метал Plemя, аўтарскае этна Ketri.

“Рок за Баброў”

22 чэрвеня, аэрадром “Баравая” пад Мінскам.
Рок, панк-рок, поп-рок.

Фото: БелТА

Фестываль “Рок за Баброў” заўсёды радаваў і насычанай праграмай, і чаканымі ўдзельнікамі, і шырокай публікай. Летась на ім пабывала каля 15 тысяч гледачоў. А сёлета, калі “Рок за Баброў” адзначае сваё дзесяцігоддзе, ён чакае яшчэ больш гасцей. І іх будзе чым здзівіць. Арганізатары ўжо аб’явілі хэдлайнераў фестывалю. Сярод іх культавы расійскі рок-гурт “Чайф”, першыя рэперы Расіі “Каста”, пецярбургскія музыканты “Сплін”, беларускія панкі “Дай дарогу!”, сёлетнія прадстаўнікі Беларусі на “Еўрабачанні” NAVIBAND і праект Brutto & Lyapis з праграмай Double Hot. Чакаецца, што па ўзроўні арганізацыі дзясяты фестываль “Рок за Баброў” павінен перасягнуць многія еўрапейскія аналагі.

“Вялікая бард-рыбалка”

28—30 чэрвеня, Чыгірынскае вадасховішча ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці.
Аўтарскія песні, шансон.

Фото: БелТА

Мяркуючы па назве фестывалю, ён не сканцэнтраваны толькі на выступленнях бардаў. Як таго і патрабуе жывапіснае месца правядзення свята, у яго праграме адпачынак на возеры, рыбалка, майстар-класы ад парыльшчыкаў, умельцаў вязаць венікі, варыць натуральнае мыла і многае іншае. Вядома, не абыдзецца і без песень на свежым паветры. Музычную частку фестывалю складуць конкурс аўтарскай песні, рэтрадыскатэка, шматлікія канцэртныя праграмы з удзелам музыкантаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Славакіі, Чэхіі, Грузіі, Ізраіля. Сярод тых, хто выступіць для гасцей, заслужаная артыстка Расіі, актрыса Тэатра Расійскай Арміі Людміла Татарава-Джыгурда, легендарны аўтар-выканаўца з Украіны і арганізатар турніраў гульні “Што? Дзе? Калі?” у розных гарадах былога СССР Віктар Байрак, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі імя Булата Акуджавы, аўтар вядомых песень з легендарных савецкіх кінафільмаў Юлій Кім і многія іншыя.

“Энергія лета”

1 ліпеня, парк Dreamland у Мінску.
Электронная музыка.

Фото: источник

Гэты фэст — сапраўднае свята для прыхільнікаў electronic dance music. Фестываль электроннай музыкі “Энергія лета” — гэта амаль цэлыя суткі весялосці, тры “запальныя” танцпляцоўкі і некалькі займальных лакацый, дзе можна будзе пакупацца ў пене і пакатацца на горках. Арганізатары папярэджваюць: перш чым ісці на фестываль, добра разамніце ногі і рукі — 30 папулярных дыджэяў, сярод якіх Stadiumx, Bobina, Feel, Magnit & Slider, Going Deeper, Matvey Emerson, Arston і іншыя, не дадуць сумаваць.

Mirum Music Festival

19 жніўня, зялёны луг ля Мірскага замка на Гродзеншчыне.
Поп, рок, джаз, этна і іншае.

Фото из социальных сетей

За пяць гадоў існавання фестываль стаў адной з самых важных і чаканых музычных падзей Беларусі. 
Яшчэ б! Музыканты граюць ля сцен велічнага замка, уключанага ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ды якія музыканты! У розныя гады ў фестывалі прынялі ўдзел лепшыя артысты Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі, Літвы: Leon Somov & Jazzu, Nino Katamadze & Insight, ONUKA, Nina Karlsson, Sophie Villy, DaKooka, Dzierzynski Bitz, Dave DK, Eddie C, Vidis, Shuma, Intelligency і іншыя. Унікальнасць Mirum Music Festival у тым, што ў ім гарманічна спалучаюцца сярэднявечная і сучасная культуры, а акцэнт музычнага фармату ставіцца на разнастайнасць жанраў і стыляў музыкі. Гэта значыць, што ён цікавы для досыць шырокай аўдыторыі слухачоў, а не толькі для прыхільнікаў нейкай адной музычнай плыні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter