Канцэрт для «падрыхтаванага» раяля

У сталіцы пачалася «Беларуская музычная восень»...

У сталіцы пачалася «Беларуская музычная восень»

Артыстаў з сямі краін сабраў у Мінску Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень». Трыццаць дзявяты па ліку форум працягнецца да 3 лістапада. Учора ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

Па традыцыі, першым гасцей і ўдзельнікаў музычнага свята вітаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. Дарэчы, днямі музыканты гэтага славутага калектыву вярнуліся з Варшавы, дзе іх выступленне прайшло з трыумфам, польская публіка тройчы ўставала, апладзіруючы выканальніцкаму майстэрству беларускіх артыстаў.

На адкрыцці фестывалю яны прадставілі вялікую класіку — Сімфонію № 5 Чайкоўскага, адно з самых складаных сачыненняў сусветнага сімфанічнага рэпертуару, а таксама дзве прэм’еры сучасных беларускіх кампазітараў — Сімфонію № 5 Вячаслава Кузняцова і Канцэрт для клавіра з аркестрам Віктара Капыцько.

Свой новы твор Віктар Капыцько прысвяціў маладой піяністцы і кампазітару з Санкт-Пецярбурга Настассі Хрушчовай, якая саліравала на сцэне Белдзяржфілармоніі.

— Настасся — унікальны музыкант, да таго ж яшчэ і вучоны, рыхтуецца абараняць дысертацыю. На мой погляд, яна адна з найбольш выдатных прадстаўнікоў новага пакалення расійскіх музыкантаў, яе творчасць прыносіць свежасць у музычны свет, — гаворыць пра маладую калегу Віктар Капыцько.

Цікава, што яго сачыненне напісана для аднаго саліста і трох розных клавірных інструментаў — фартэпіяна, «падрыхтаванага» фартэпіяна і чэмбала-клавесіна.

— Гісторыя музыкі ведае розныя мадыфікацыі клавіра — хамер-клавір, клавесін, клавікорд і г.д. У ХХ стагоддзі многія выдатныя кампазітары стваралі музыку для так званага «падрыхтаванага» раяля. Да струн  інструмента загадзя прыладжваюцца пэўныя аксесуары, з-за чаго мяняецца яго тэмбрава-акустычная сутнасць. Выкарыстоўвацца для гэтага могуць розныя прадметы, напрыклад гума ці шурупы. Першым такі інструмент увёў ва ўжытак вядомы амерыканскі кампазітар Джон Кейдж, а пасля ён распаўсюдзіўся па свеце. Для «падрыхтаванага» раяля многа пісаў Альфрэд Шнітке, а між струн устаўляў 10-капеечныя манеты, — расказаў Віктар Капыцько.

Дарэчы, сам ён да выканання свайго новага твора «рыхтаваў» раяль з дапамогай кавалачкаў звычайнай гумкі, набытай у магазіне «1000 дробязей».

Усяго ў праграме сёлетняга фестывалю — 23 канцэрты. У афі-шы —  юбілейная праграма да 25-годдзя Дзяржаўнага камернага хору Беларусі, выступленні беларускіх піяністаў з сусветнымі імёнамі Андрэя Паначэўнага (Беларусь — ЗША), Віталя Стахіевіча (Беларусь — Нідэрланды) і маладых беларускіх оперных салістаў, якія зараз жывуць і працуюць у вядучых тэатрах Расіі. Вядомыя песні Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка прагучаць на сумесным аўтарскім вечары мэтраў эстрады. У госці да знакамітага беларускага баяніста-віртуоза Уладзіслава Плігаўкі завітае літоўскі ансамбль «Subtilu—Z», вядомы сваёй манерай спалучаць класіку, джаз, рок, кантры і рок-н-рол. У канцэрце, прысвечаным выдатнай савецкай скрыпачцы Зоры Шыхмурзаевай, на сцэну выйдуць яе дзеці і ўнукі, таксама знакамітыя музыканты. На вечары памяці Якава Навуменкі прагучаць песні з рэпертуару вядомага артыста і яго аўтарскія творы.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі Юрыя Гільдзюка, сёлетняя «Беларуская музычная восень» парадуе меламанаў разнастайнасцю жанраў — ад оперных і сімфанічных твораў да папулярнай песні і джаза.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...