У РТБД - тыдзень сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”

Канцэнтраваная прастора

Быццам бы перахапіўшы ілюзорную эстафету ў VI Рэспубліканскага фестывалю нацыяльнай драматургіі, які прайшоў на мінулым тыдні ў Бабруйску, тэатр, у назве якога прысутнічае гэтая самая драматургія — РТБД, правёў шыкоўны тыдзень спектакляў па творах беларускіх аўтараў. І калі па асобку ў афішы яны выглядаюць не так пераканаўча, то разам, калі ідуць запар, вельмі ўражваюць. Безумоўна, у кожнай пастаноўцы ёсць свае пэўныя недахопы, але не пра іх зараз гаворка. Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі пад назвай “Канцэнтрацыя” атрымаўся як суцэльны і канцэптуальны праект.

Старт гэтаму тэатральнаму марафону дала “Кар’ера доктара Рауса” Віктара Марціновіча ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка РТБД Аляксандра Гарцуева. Далей эстафету пераняла прэм’ера спектакля “Калхознікі” выпускніка Санкт-пецярбургскай акадэміі тэатральнага мастацтва Цімафея Ткачова па знакамітай п’есе Паўла Пражко “Тры дні ў пекле”. У 2013 годзе гэту п’есу з поспехам паставіў у Маскве ў Тэатры нацый Зміцер Валкастрэлаў — галоўны спецыяліст па драматургіі Пражко.

Спектакль у Цімафея Ткачова атрымаўся звонкі, рытмічны, крыху клаўстрафабічны, але клаўстрафобія, як і панічныя атакі, зараз у модзе. Маладыя акцёры Эрык Абрамовіч і Аляксей Верашчака з Новага драматычнага тэатра, Анастасія Баброва і Максім Шышко з РТБД у эмацыянальным тэксце Пражко адчуваюць сябе вольна. Тых, хто знаёмы з яго творчасцю, наўрад ці здзівіць ненарматыўная лексіка. Дзеянне адбываецца ў 2012 годзе. З таго часу шмат чаго змянілася, але засталося галоўнае — разгубленасць людзей з вясковым менталітэтам у жорсткай прасторы вялікага горада. Героі “Калхознікаў” — духоўныя нашчадкі персанажаў з “Белых рос”, тых, хто па розных прычынах адарваўся ад свайго асяроддзя. У спектаклі шмат гумару, гратэску. Атрымалася амаль беларуская камедыя дэль артэ на сучасны лад.

Таксама ў праграму “Канцэнтрацыі” ўключылі спектакль “Гэта ўсё яна” па п’есе Андрэя Іванова. Нагадаем, пастаноўка атрымала прыз на знакамітым Авіньёнскім фестывалі — у намінацыі “Па-за межамі”.

Сёння адбудзецца развітанне са спектаклем “Белы анёл з чорнымі крыламі” па п’есе Дзіяны Балыкі — меладрама з поспехам ішла адзінаццаць гадоў. Гледачы ўбачаць яе ў апошні раз.

А завершыцца канцэптуальны тыдзень сямейнай драмай “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага і сучаснай трагедыяй “Сіндром Медэі” Юліі Чарняўскай.

Як і бабруйскі форум, “Канцэнтрацыя” паказвае ўвесь спектр сучаснай беларускай драматургіі. Нашых сучасных герояў і тэмы. Галоўнае, каб цяпер яна адваёўвала яшчэ большую прастору па-за межамі Беларусі. Каб і іншыя пастаноўшчыкі, акрамя Мікіты Кобелева ці Зміцера Валкастрэлава, цікавілiся сучаснай беларускай п’есай. Гэты канцэнтрат жыцця хочацца бачыць у розных меню.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter