Найбуйнейшы камбінат Мінска выгадаваў да 1 верасня 80 000 руж: у якую суму абыдзецца сярэдні букет

Кантрольны зрэз

Той, хто раніцай 1 верасня бываў у падземным пераходзе станцый метро «Плошча Леніна» і «Плошча Я. Коласа», ведае яшчэ адно значэнне слова «апакаліпсіс». Вялікія чэргі назiраюцца і ў іншых кропках продажу кветак. За букетам для настаўніка бацькі могуць адстаяць у чэргах па паўгадзіны i больш. Яно і зразумела: ну як прыйсці на сустрэчу з педагогам без кветак? Каб задаволіць попыт, пастаўшчыкі раслiннай прадукцыi пачалі рыхтавацца да дня «Х» за некалькі месяцаў. Разлічвалі цыкл раскрыцця бутонаў, рэгулявалі асвятленне, падбіралі аптымальныя тэмпературу і вільготнасць, каб буйную хвалю ўраджаю атрымаць менавіта да Дня ведаў. Карэспандэнт «Р» даведалася, адкуль у крамах бяруцца кветкі і колькі будзе каштаваць букет для настаўнiка ў гэтым годзе.

У цяпліцах цэху «Кветкі сталіцы» вырошчваюць 25 сартоў руж — ад вогненна-аранжавых да пастэльна-белых

Напярэдадні «кветкавай» даты праца на Мінскім парнікова-цяплічным камбінаце, які з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам кветкавай прадукцыі ў горадзе, спорыцца. «Спецаперацыя» па падрыхтоўцы пачалася яшчэ ў ліпені. Расліны рэгулярна падкормлівалі, для кожнага сорту вытрымлівалі аптымальныя ўмовы вырошчвання. І вось прыгожыя ружы ўжо томяцца ў цяпліцах.

— Ажыятажны попыт пачаўся яшчэ на мінулым тыдні, — право-дзячы позіркам чарговую машыну з ружамі, падрыхтаванымі для рэалізацыі, сустракае нас начальнік цэха «Кветкі сталіцы» Наталля Мірановіч. — Кожны дзень з прадпрыемства сыходзіць не менш за пяць тысяч кветак. Усяго да 1 верасня мы выгадавалі каля 80 тысяч руж.

Яны растуць у спецыяльных цяпліцах. У цэху «Кветкі сталіцы» для іх вырошчвання адведзена пяць цяпліц. Агульная плошча — 1,2 гектара. Унутры кожнай створаны свой асаблівы мікраклімат: вільготнасць і тэмпература рэгулююцца ў залежнасці ад сорту і аптымальных умоў для яго. Да кожнай расліны падведзена кропельніца, па якой, кіруючыся камп’ютарнай праграмай, падаюцца да пабегу пажыўныя растворы з усімі патрэбнымі элементамі ў неабходным аб'ёме і ў пэўны час.

Усяго тут вырошчваюць 25 сартоў руж — ад вогненна-аранжавых да пастэльна-белых. Заходзім у цяпліцу з самым папулярным у пакупніка сортам — Jumilia. Гэта кветкі белага колеру з ружовым абадком. Каб задаволіць клiента прыгожымі і якаснымі ружамі, кветкаводы выконваюць усе агратэхнічныя мерапрыемствы. Займаюцца доглядам, выбіраюць экзэмпляры з пэўнай ступенню распускання бутонаў і зразаюць іх. Так, кожная раніца ў супрацоўніц прадпрыемства пачынаецца са свежазрэзаных духмяных руж — праца мары любой жанчыны. Зрэзаныя кветкі адпраўляюць у сартавальны цэх. Там іх на суткі пакідаюць у спецыяльным растворы, які дазваляе даўжэй захоўваць таварны выгляд. А на наступны дзень ружы сартуюць.

У шчыльных пальчатках кветкаводы Ірына Труш і Вера Лячыцкая зачышчаюць ружы ад калючак і лішняга лісця, размяркоўваюць іх па памеры бутона і вышыні сцябла, а затым загортваюць у цэлафан. Пасля сартавання тавар адпраўляецца ў спецыяльныя халадзільныя камеры цэха. У іх падтрымліваецца тэмпература каля 4 градусаў цяпла, пры якой ружы ў зрэзаным выглядзе даўжэй за два тыдні не губляюць таварнага выгляду. Рэалізацыя кветак ажыццяўляецца праз уласную сетку магазінаў і праз іншыя арганізацыі.

Фларысты раяць афармляць кветкі пакаваннем, каб дзіця не запэцкала рукі і касцюм
ФОТА АЛЯКСЕЯ ВЯЗМІЦІНАВА

Кошт адной ружы вышынёй 50 сантыметраў складае 2,6 рубля, 80-сантыметровы экзэмпляр абыдзецца ў 4 рублі. Акрамя руж, у гандлёвых пунктах Мінска можна знайсці гваздзікі, хрызантэмы, лілеі, герберы, сланечнікі... Пазбегнуць ранішняй мітусні ў кіёсках можна, звярнуўшыся ў інтэрнэт-крамы. Ружы са сцяблом 60 сантыметраў там прапануюць у сярэднім па 4—6 рублёў. Можна набыць гатовыя букеты. Іх кошт напрамую залежыць ад віду кветак. Напрыклад, кампазіцыя з гартэнзіі абыдзецца ў 28 рублёў, з вяргінь — у 33 рублі, са сланечніку і хрызантэм — у 40 рублёў. Пры гэтым 1 верасня прыведзеныя лічбы чакана вырастуць, у некаторых крамах — у разы.

Не разгубіцца ва ўсім багацці і сабраць прыгожы букет школьніку дапамагла фларыст Карына Данчанкава.

— Часта спрабуючы пераўзысці саміх сябе, бацькі ўручаюць дзіцяці раскошныя, важкія кампазіцыі ў кошыках. Трымаць іх усю лінейку цяжка, таму для школьніка пачатковых класаў букет павінен быць зручным і лёгкім.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter