Апошнім часам шмат пішуць і гавораць пра тых, хто, не жадаючы працаваць, старанна чэрпае з агульнага катла. Дармаедству і ўтрыманству аб’яўлены сапраўдны бой. Але нежаданне працаваць можа ўзнікаць па розных прычынах. Можна пачуць, што моладзь сёння не хоча працаваць, а толькі імкнецца атрымліваць усё і без лішніх намаганняў. Але ці заўсёды гэта так? Думаю, не.

Мой сын пасля заканчэння школы вырашыў уладкавацца сушыстам у модны рэстаран — аб`яву ўбачыў у інтэрнэце. Пайшоў на субяседаванне, там яму намалявалі прыгожую карціну: і заробак будзе добрым, і кар`ерны рост хуткім. А тое, што няма санітарнай кніжкі і вопыту ў прыгатаваннi ўсходняй стравы, дык гэта не важна. Шэф сказаў: «Прыходзь заўтра». Прыйшоў, яго паставілі крышыць капусту і рабіць іншыя нарыхтоўкі для салатаў. Потым паклікалі яшчэ два разы. На гэтым працоўныя адносіны скончыліся. Натуральна, ні пра якую аплату і гаворкі не было. Скарысталіся супрацоўнікі рэстарана бясплатнай рабочай сілай і выкінулі патэнцыяльнага сушыста, нібыта непатрэбную рэч. Яшчэ ў адным рэстаране яго прынялі на работу, але замест працоўнага дагавора далі падпісаць, як потым высветлілася, анкету. Дарэчы, дакумент быў вельмі хітра складзены і нагадваў кантракт. Павел абіраў бульбу, выразаў ружачкі з морквы ды памідораў, а яшчэ танюсенькімі палоскамі наразаў вугроў і скручваў ролы. І па маёй парадзе настойліва пытаўся ў начальства пра свае перспектывы. Мінуў тыдзень, і надышоў час выплаты заработнай платы. І тут высвятляецца, што яму нічога не налічана, трэба, маўляў, адпрацаваць два тыдні... Зразумеўшы, што гэта звычайны «развод», Павел кінуў гэты занятак. Я хацела пайсці і высветліць з прадпрымальнай дырэктаркай адносіны, але сын не дазволіў.
Пасля гэткіх жыццёвых урокаў мне няпроста было пераканаць сына, што ёсць іншыя калектывы і адносіны. Вось і скажыце, каго вінаваціць у тым, што малады чалавек зведаў такое расчараванне? Яго, даверлівага і неспрактыкаванага ў юрыдычных тонкасцях? А можа, босаў у гадах, якія бессаромна выкарыстоўваюць дзеля сваёй выгады, па сутнасці, дзяцей і адбіваюць у іх жаданне прыносіць карысць грамадству?
Ганна ПЫТЛЕВА, Мінск
Малюнак Мікалая ГІРГЕЛЯ
Малюнак Мікалая ГІРГЕЛЯ