Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Навуковае даследаванне “Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка” дае магчымасць па-новаму прачытваць і разумець творы класіка

Кантэкст з падтэкстам

Доўгі час творчасць беларускага пісьменніка-сатырыка Андрэя Мрыя (Андрэя Шашалевіча) была “рэпрэсаванаю” — цяпер жа ў школе вывучаецца ягоны раман “Запіскі Самсона Самасуя”, апавяданні. Творы, напісаныя ў далёкія 20-я гады, прыцягваюць увагу як удумлівых чытачоў, так і даследчыкаў беларускай літаратуры. Летась, у прыватнасці, у выдавецтве “Беларуская навука” пабачыла свет кніга літаратуразнаўцы Валерыя Назарава “Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка”. Прычым, як пісала ў газеце “Літаратура і мастацтва” Жанна Капуста, “часам навуковыя манаграфіі чытаюцца як сапраўдны раман — з захапленнем, прадчуваннем мастацкіх адкрыццяў і раскрыццём інтрыгі”. То гэта, пэўна, якраз той самы выпадак удалага спалучэння глыбокай навуковасці ды займальнасці аповеду.


Пра што кніга? Малады навуковец даследуе тое, што прыхавана ў тэкстах класіка — спрабуе чытаць тайнапіс Андрэя Мрыя. А творчасць яго, заўважым, багатая на “эзопаву мову”: удумлівы ды адукаваны чытач можа знаходзіць у аповедах шмат алюзій, прыхаваных намёкаў, рэмінісцэнцый, прыхаваных і прамых цытат. Ёсць там, прыводзіць прыклады Валеры Назараў, і супастаўленні, кантрасты і дысанансы, алегорыі, недагаворанасці, гаваркія імёны, а таксама іронія ды сарказм. Аднак, вядома ж, каб усё тое бачыць, трэба добра ведаць гістарычна-культурны кантэкст часу, асяродку, паглыбіцца у атмасферу беларускага жыцця, у якой жыў і працаваў пісьменнік.

Цікава, што Валеры Назараў спрабуе вызнаць: чым жа кіраваўся Андрэй Шашалевіч, выбіраючы сабе псеўданім Андрэй Мрый? Ёсць, вядома, пашыраная версія, што гэта — утварэнне ад знаёмых нам слоў “мара”, “мроя”, “мроіць”. Даследчык, аднак, прыводзіць і значэнні дзеяслова “мреять”, зафіксаваныя ў слоўніку Уладзіміра Даля. І вось тады ў псеўданіме, аказваецца, могуць “загучаць” новыя сэнсы. Калі сыходзіць са значэння “мільгаць, мітусіцца, мігцець, маячыць”, то, разважае Валеры Назараў, “Мрый — нехта заўважны, але каго складана злавіць, наблізіць і дэталёва разгледзець”. Можна ўзяць за сыходныя й значэнні “няясна бачыцца, абазначацца ў цемры” ці “займацца на дзень, пачынаць святлець”. Тады, прадаўжае свае развагі даследчык, “Мрый — нехта, каго пакуль яшчэ цяжка разгледзець у змроку; нейкі ледзь заўважны арыенцір або ледзь прыкметная крыніца святла ў прыцемках. І ў той самы час ён — ледзь улоўны папярэднік золку, які прыходзіць на змену непрагляднай цемры ночы і пачынае праясняць тое, што не было бачна раней, гэткі перадранкавы змрок”.

Кніга “Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка”, вядома ж, адрасуецца найперш студэнтам і выкладчыкам гуманітарных ВНУ, даследчыкам літаратуры, мовазнаўцам. Шмат цікавага ў ёй для сябе могуць знайсці таксама фалькларысты, этнографы, гісторыкі, архіўныя ды музейныя работнікі, а таксама ўсе, хто цікавіцца як творчасцю пісьменніка ў прыватнасці, так і беларускай мінуўшчынай увогуле.

Дачка А. Мрыя, літаратуразнаўца з Петразаводска Наталля Прушынская напісала нам у рэдакцыю, што кніга Валерыя Назарава ёй вельмі падабаецца, і што яна ўжо спасылаецца на яе, пішучы свае тэксты. “Ну і, па-мойму, добра й тое, што ёсць пра што паспрачацца — скажам, пра высновы аб поўнай інфернальнасці Самасуя, — заўважае Наталля Андрэеўна. — Я пра тое збіраюся выказацца ў сваіх успамінах”.

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter