Прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры 25 ліпеня падпісаў кіраўнік дзяржавы

“Канстытуцыя для культуры”

Прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры 25 ліпеня падпісаў кіраўнік дзяржавы. Беларусь з’яўляецца піянерам у такой справе: Кодэкс аб культуры распрацаваны ўпершыню і не мае аналагаў на постсавецкай прасторы.



Чым і каму цікавы гэты дакумент і якія навацыі ён прынясе


Кодэкс аб культуры распрацаваны ўпершыню і не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Чым выклікана неабходнасць яго стварэння?

Варта мець на ўвазе, што ў  Беларусі адносіны ў сферы культуры рэгулююцца немалой колькасцю нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, што стварае цяжкасці іх прымянення. Пры гэтым нарматыўныя прававыя акты дзейнічаюць працяглы перыяд часу, носяць устойлівы характар і апрабаваныя на практыцы. Беларусь назапасіла дастатковую нарматыўную прававую базу, склалася магчымасць вылучэння абагульняючых нормаў, што стварыла ўмовы для кадыфікацыі заканадаўства аб культуры. З’яўленне такога кодэкса — своеасаблівы вынік працэсу фарміравання нацыянальнага заканадаўства ў сферы культуры. Акрамя таго, дакумент працягвае традыцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (ён напісаны на беларускай мове) і традыцыю кодэкснага мыслення, якое характэрна для беларускай правазнаўчай практыкі.

Якія дакументы леглі ў аснову Кодэкса аб культуры


Звод заканадаўчых актаў не стаў простым зборам дзеючых цяпер нормаў. Ён аб’яднаў каля 60 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, з іх 7 законаў, 4 указы Прэзідэнта Беларусі, каля 20 пастаноў Урада і 30 нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры. У прыватнасці, кодэкс грунтуецца на дзеючых у цяперашні час нормах законаў “Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь”, “Аб бiблiятэчнай справе ў Рэспублiцы Беларусь”, “Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь”, “Аб творчых саюзах i творчых работнiках”, “Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб музеях i Музейным фондзе Рэспублiкi Беларусь”, “Аб ахове гiстарычна-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь”. Усе дзеючыя нормы былі прарэвізаваныя, прааналізаваны замежны досвед. У выніку ў дакумент увайшлі нормы, якія знайшлі прымяненне на практыцы і носяць стабільны характар.



Якая структура “бібліі” аб культуры


Дакумент аб’ёмам большым за 200 старонак уключае агульную і асаблівую часткі, складаецца з 5 раздзелаў (“Асновы прававога рэгулявання ў сферы культуры”, “Суб’екты культурнай дзейнасці”, “Культурныя каштоўнасці”, “Культурная дзейнасць” і заключныя палажэнні) і 257 артыкулаў. Прадмет прававога рэгулявання кодэкса — грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць пры стварэнні, ахове, карыстанні, распаўсюджванні і вяртанні культурных каштоўнасцяў, а таксама прававыя, эканамічныя, сацыяльныя і арганізацыйныя асновы дзяржпалітыкі ў сферы культуры. У дакуменце аформлена прававое рэгуляванне па ўсіх напрамках, у прыватнасці, па бібліятэчнай справе, творчых калектывах, кінематаграфіі. Рэвалюцыйных змен кодэкс не нясе, аднак змяшчае навацыі, якія ўдасканальваюць адносіны ў сферы культуры. У цэлым дакумент сістэмна і комплексна рэгулюе адносіны ў сферы культуры. Якія навацыі прыўнясе Кодэкс аб культуры ў жыццё асобна ўзятай творчай асобы? Распрацоўшчыкі своеасаблівай канстытуцыі ў сферы культуры не раз адзначалі, што кодэкс з’яўляецца не кабінетным, а жывым дакументам, да якога змогуць звяртацца не толькі людзі, чыя дзейнасць мае дачыненне да сферы культуры, але і радавыя грамадзяне, паколькі ён з’яўляецца зборам правоў і абавязкаў і для гледачоў, і для наведвальнікаў музеяў, і для чытачоў. Усяго больш за 60 навацый уключана ў Кодэкс аб культуры. Так, пашырана кола асоб, якія належаць да суб’ектаў культурнай дзейнасці. Гэта не толькі грамадзяне (у тым ліку работнікі культуры і творчыя работнікі), калектывы мастацкай творчасці, творчыя саюзы і арганізацыі культуры, але таксама спонсары і мецэнаты культуры, установы адукацыі, навуковыя ды іншыя арганізацыі і падраздзяленні юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць. Кодэкс замацоўвае асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржорганаў з камерцыйнымі арганізацыямі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі і дзяржаўныя меры па ажыццяўленні такога супрацоўніцтва. Асобнымі суб’ектамі культурнай дзейнасці ў дакуменце абазначаны спонсары, а таксама мецэнаты культуры. Навацыі закранулі ўдасканаленне механізмаў узаемадзеяння з беларусамі замежжа, гэта значыць абазначаны меры па іх падтрымцы ў сферы культуры. Спрошчаны парадак пацвярджэння статусу творчага работніка, паводле якога статус можа пацвярджаць творчы саюз адпаведнага профілю незалежна ад таго, з’яўляецца творчы работнік членам гэтага саюза ці не. Унесены змены ў сферу народнай творчасці. У адрозненне ад дзеючага закона аб народнай творчасці, народных промыслах да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў можа быць аднесена прадукцыя не толькі індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў і арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, але і іншых юрыдычных асоб, і ім таксама можа аказвацца падтрымка. Дакумент змяшчае шэраг навацый па тэме гістарычна-культурных каштоўнасцяў. У прыватнасці, удакладнены і значна скарочаны пералік крытэрыяў для надання статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Абазначаны і парадак правядзення археалагічных даследаванняў. Даследаванні, у тым ліку пошук археалагічных аб’ектаў і артэфактаў, праводзяць навуковыя арганізацыі ці музеі, якія маюць дазвол Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дазвол выдаецца грамадзянам, якія працуюць на падставе працоўнага дагавора ці грамадзянска-прававога дагавора ў навуковай арганізацыі або музеі. Тым самым будзе папярэджана дзейнасць чорных капальнікаў, якія сваімі дзеяннямі руйнуюць культурны пласт і пазбаўляюць магчымасці папаўнення музейных фондаў археалагічнымі артэфактамі, а таксама абцяжарваюць правядзенне навуковых даследаванняў. У дакуменце ўпершыню прапісана, што прафесійна і выпадкова выяўленыя археалагічныя артэфакты падлягаюць перадачы ў дзяржулас­насць. У параўнанні з дзеючым законам аб музеях і музейным фондзе прадугледжаны больш сур’ёзныя патрабаванні да стварэння музеяў, спрашчаецца парадак стварэння музеяў-запаведнікаў і музеяў пад адкрытым небам. Шмат навацый датычыцца арганізацыі канцэртнай дзейнасці. Кодэкс адкарэкціраваў тэрміны і ўмовы вяртання ўваходных білетаў на культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Прадугледжаны тэрмін, у які арганізатар мае права адмовіцца ад правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, прапісана магчымасць вяртання ўваходных білетаў у выпадку змены складу ўдзельнікаў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і г. д. Асобны артыкул Кодэкса аб культуры прысвечаны парадку правядзення дыскатэк.

Калі ўступіць у сілу Кодэкс аб культуры


“Канстытуцыя” ў сферы культуры пачне дзейнічаць праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання. Раней прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі агучвалі меркаванні, што дзейнічаць збор нарматыўных актаў аб культуры пачне ў Год культуры, якім аб’яўлены гэты год. Альбо ў пачатку 2017-га.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter