Высокие технологии добрались до малых городов: по всей стране открываются летние детские ИT-лагеря

Канікулы з робатам

Лета ў разгары: адны школьнікі паехалі да бабулі ў вёску, іншыя ўкацілі з бацькамі на мора, а трэція праводзяць канікулы максімальна карысна — адправіліся ў дзіцячыя адукацыйныя лагеры. Сфера IT — самая папулярная. І юным праграмістам з малых гарадоў для гэтага не абавязкова ехаць у Мінск ці абласныя цэнтры: рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) адкрываюць сучасныя лічбавыя класы па ўсёй краіне на базе звычайных сярэдніх школ. Карэспандэнт «Р» пабывала на занятках у адным з такіх наварочаных IT-цэнтраў у Докшыцах.

У нашай краіне сёння ствараюцца адны з лепшых у свеце ўмоў для IT — шмат у чым дзякуючы Дэкрэту № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Галоўная яго мэта — стварыць выдатныя ўмовы, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт. Другая немалаважная задача — інвеставаць у будучыню, гэта значыць надаваць увагу адукацыі і вырошчванню кадраў. Як гэта ажыццяўляецца, даведаемся на адным з прыкладаў — у сярэдняй школе № 2 Докшыц.

Людміла Лукашэвіч, школьны настаўнік інфарматыкі, усяляк падтрымлівае імкненне сваіх падапечных.

Лета, у школьных калідорах ціха. Настаўнікі ў адпачынках, дзеці на канікулах. Але вiдаць, што не ўсе: гэта я разумею ўжо каля дзвярэй незвычайнага класа — IT-цэнтра з сучаснымі камп’ютарамі, праграмным забеспячэннем, 3D-прынтарам і LEGO-робатамі. Праграміраванне там вывучаюць 110 дзяцей, і гэта толькі ў малодшых класах. Пасля заканчэння навучальнага года многія лічбавы клас не пакідаюць, застаюцца, каб пашырыць свае веды. Ды і проста таму, што тут весела.

— Мне вельмі падабаецца, — васьмігадовая Маша Малашонак нешта старанна майструе з канструктара LEGO. — Старэйшыя хлопцы кажуць, што калі сабраць усе дэталі, то гэтай штуковінай можна будзе кіраваць з дапамогай мабільнага тэлефона.

Не менш дзіўныя рэчы адкрывае для сябе і сямігадовая Даша Страпавец. Дзяўчынка ў захапленні ад наварочанага начыння IT-цэнтра. Прызнаецца, што марыць усяму навучыцца за некалькі гадоў. Будучую прафесію ёй яшчэ выбіраць рана, але адно зразумела — такія навыкі спатрэбяцца ў любой сферы. Пакуль Даша ўважліва вывучае праграму па стварэнні свайго робата, але планы на лета грандыёзныя:

— Тут разбяруся, а потым навучуся свае мульцікі рабіць. Вось як тыя хлопцы.

Людміла Лукашэвіч, школьны настаўнік інфарматыкі, усяляк падтрымлівае імкненне сваіх падапечных. Уводзіць мяне ў курс справы:

— Ёсць такая дзіцячая мова праграмавання — Scratch. Там не трэба пісаць код, праграму можна збіраць быццам бы па цаглінках. Глядзіце, тут усё даволі проста.

Уключае камп’ютар, запускае праграму. Пару клікаў мышкай, і на экране пачынаюць рухацца прадметы. Для прыкладу задае каманды маляванай сняжынцы: тая пачынае кружыцца проста на маіх вачах. Выкладчык тлумачыць мне, як любому пачаткоўцу:

— Дзеці могуць аніміраваць абсалютна любую казку, верш, дадаць да гэтага гук і іншыя эфекты. Атрымліваецца паўнавартасны мульцік, цікавая гульня або рэбус.

Спрабую зразумець, як тут усё працуе, — прызнацца, на першым этапе гэта цяжкавата. Чаго не скажаш пра малодшых школьнікаў, якія вельмі хутка з усім разабраліся. Скрэтчам тут займаюцца каля 60 працэнтаў усіх вучняў гэтага ўзросту.

Летнія лагеры з IT-ухілам — першая ступень да ўзыходжання нашых школьнікаў на лічбавую арэну.

— У такіх невялікіх населеных пунктах, як Докшыцы, менш магчымасцей, чым у буйных гарадах і абласных цэнтрах. Але ў нас жывуць дзеці не менш таленавітыя, — Людміла Лукашэвіч на хвіліну адцягваецца ад справы. — Перакананая, што IT-адукацыя павінна быць ужо са школы.

У размове даведваюся: Людміла Яўгенаўна з дзяцінства хацела звязаць сваё жыццё з матэматыкай, а калі сталі ўкараняцца камп’ютарныя тэхналогіі, то вырашыла паглыбіцца ў інфарматыку. Гэты прадмет і выкладае ў Докшыцах усё жыццё.

Іван Шкелка, дырэктар СШ № 2 Докшыц, дадае:

— ПВТ спансіруе лічбавыя класы ў тых школах, дзе адміністрацыя і настаўнікі зацікаўлены ў гэтай ініцыятыве, гатовыя спасцігаць новае і рухацца наперад. Мы і нашы школьнікі выдатна разумеем: сёння практычна любая галіна не можа існаваць без нейкіх лічбавых рашэнняў. Свет змяняецца, становіцца лічбавым.

І сапраўды, сучаснаму чалавеку без інфармацыйных тэхналогій ужо ніяк не абысціся. Тым больш такія навыкі — канкурэнтная перавага спецыяліста пры пошуку працы. Летнія лагеры з IT-ухілам — першая ступень да ўзыходжання нашых школьнікаў на лічбавую арэну. Хлопцаў і дзяўчат з малодшых гадоў навучаюць асновам робататэхнікі, вучаць праграмаваць, выкарыстоўваць камп’ютарнае мадэляванне, тлумачаць, як працуе 3D-прынтар. Гэта адукацыя — інвестыцыі ў будучыню краіны, якая ў свеце IT ужо гучна заявіла пра сябе.

Дарэчы, сёння рэзідэнтамі ПВТ з’яўляюцца 563 кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай праграмных прадуктаў і прадастаўленнем IT-паслуг кліентам больш чым з 67 краін свету. Рэзідэнты робяць задзел на будучыню: адкрываюць IT-класы для школьнікаў па ўсёй нашай краіне. Робяць усё, каб дзеці маглі не толькі зайсці ў камп’ютар і адкрыць нейкія праграмы, але і разумець, як адбываюцца тыя ці іншыя працэсы ў розных галінах эканомікі.

Каля 10 000 вучняў па ўсёй краіне ўжо вывучаюць Scratch — яшчэ два гады таму пра гэта ведалі менш за 200 вучняў.

Дзмітрый Цітоў, прэс-сакратар ПВТ, акцэнтуе ўвагу:

— Уявіце, што на ўроках будуць вывучаць краіны або планеты Сонечнай сістэмы ўжо не па картах, а з дапамогай галаграм. У нашага рэзідэнта «Кино-мо» працуе штат унікальных дызайнераў, якія ажыўляюць любую карцінку і здольныя зрабіць навучальны працэс больш цікавым. Або возьмем віртуальную адукацыю. З дапамогай VR-акуляраў і спецыяльных джойсцікаў можна навучацца прафесіі маляра і машыніста цягніка, не выходзячы з аўдыторыі. ПВТ і яго кампаніі сёння вельмі падтрымліваюць сферу адукацыі. Рэзідэнты адкрываюць IT-класы па ўсёй краіне, нават у малых населеных пунктах. Напрыклад, стваральнік дзіцячай мовы праграмавання Scratch Мітчэл Рэзнік быў прыемна здзіўлены ўзроўнем пранікнення тэхналогій у беларускія школы, калі пабываў у адным са STEM-цэнтраў у Оршы.

Цікавая лічба: летась ПВТ адкрыў больш за 50 новых камп’ютарных класаў і IT-лабараторый у розных кутках краіны. Толькі ў сельскай мясцовасці, малых і сярэдніх гарадах пачалі працаваць больш за 20 сучасных IT-цэнтраў. Напрыклад, у Лельчыцах, Плісе. Падобныя класы таксама з’явіліся ў Лідзе, Лёзне і Бортніках. Дзякуючы анлайн-курсам ПВТ мове Scratch навучыліся больш за 1000 настаўнікаў, якія цяпер і выкладаюць яе ў школах. Каля 10 000 вучняў па ўсёй краіне ўжо вывучаюць Scratch — яшчэ два гады таму пра гэта ведалі менш за 200 вучняў. Дарэчы, рэзідэнты ПВТ працягнуць адкрываць IT-класы.


Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter