На выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 83,5% галасоў

Кандыдацкі максімум

На выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 83,5% галасоў
На выбарчым участку № 8, размешчаным у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, у нядзелю, як ніколі, было шматлюдна. Каля ўвахода ў будынак насупраць палаткі з прысмакамі і свежай выпечкай — бацькі з дзецьмі, у фае студэнты каледжа спявалі папулярныя песні. Старшыня камісіі Канстанцін Еўсіевіч асабіста сустракаў выбаршчыкаў і паказваў, дзе трэба рэгістравацца. Паводле яго слоў, з самай раніцы сюды бясконцай плынню ішлі галасаваць цэлымі сем’ямі. Кабінкі для галасавання ні на хвіліну не заставаліся пустымі. Урны, упрыгожаныя стужкамі з беларускім арнаментам, яшчэ да абеду запоўніліся бюлетэнямі на трэць...


Фота: Віталій Гіль

Выбаршчыкаў стала яшчэ больш да моманту, калі на ўчастку павінна была з’явіцца кандыдат у Прэзідэнты Таццяна Караткевіч. Варта прызнаць: у невялікай зале быў сапраўдны аншлаг — у ёй змаглі змясціцца далёка не ўсе жадаючыя. Нехта спецыяльна застаўся, каб сфатаграфавацца з Таццянай Мікалаеўнай. Некаторыя хацелі асабіста паціснуць ёй руку. Былі і тыя, хто проста прыйшоў паглядзець на сваю суседку, якая імкліва стала знакамітай. Сабралася ў зале і некалькі дзясяткаў журналістаў.

У 12.00, як і было заяўлена напярэдадні, Таццяна Караткевіч прыйшла на ўчастак разам з мужам. І калі Віталь быў некалькі збянтэжаны ад пільнай увагі прэсы, яго жонка пад прыцэлам камер адчувала сябе больш чым упэўнена. Выйшаўшы з кабінкі, яна ўсім прадэманстравала бюлетэнь з галачкай насупраць свайго прозвішча:

— Гэты дзень для мяне гістарычны. Упершыню ў сваім жыцці я прагаласавала за сябе.

Перш чым апусціць бюлетэнь ва урну, яна сфатаграфавала яго на памяць. Няцяжка здагадацца, як прагаласаваў і яе муж. Пазней ён расказаў:

— Нягледзячы на шчыльны графік, мая жонка знаходзіла час і імкнулася, наколькі гэта магчыма, удзяляць увагу сям’і. Цаню яе за гэта і цалкам ва ўсім падтрымліваю.

Сама ж Таццяна Караткевіч, адказваючы на пытанні журналістаў, расказала ў тым ліку пра далейшыя планы:

— 11 кастрычніка было для мяне не толькі днём галасавання. Я паехала балець за свайго сына, які ўдзельнічаў у школьных спаборніцтвах па піянерболе, схадзіла на выставу. У панядзелак у нас запланавана прэс-канферэнцыя, на якой я і мая каманда падвядзём вынікі. А далей... А далей, якім бы ні быў вынік, я застануся ў палітыцы.

Такое партыйнае жыццё


Сяргей Гайдукевіч прыйшоў зрабіць свой выбар на выбарчы ўчастак № 77 у аграгарадку Сёмкава да поўдня. Галасаванне ў мясцовай сельскай школе ішло актыўна: да сталоў камісіі нават выстраілася чарга. Хлапчук гадоў дзесяці з ахвотай дапамог бацьку апусціць бюлетэнь ва урну.


Фота: Аляксандр Ружачка

 Кандыдат у Прэзідэнты Сяргей Гайдукевіч таксама прыйшоў з сямействам — жонкай Алай, сынам Алегам, нявесткай Марыяй і ўнучкай Лізаветай — і ў добрым настроі. “Ты ж толькі правільна прагаласуй”, — жартам даваў наказ жонцы. І шчыра прызнаўся, што паставіў у бюлетэні галачку насупраць уласнага прозвішча.

— А наогул, я галасую за моцную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь, за нашу будучыню, за дастойнае жыццё і, самае галоўнае, каб над нашай краінай заўсёды было мірнае неба!

— Якое ўражанне ў вас пакінулі выбары Прэзідэнта?

— Яны праходзяць вельмі дастойна. На мой погляд, былі прадстаўлены цудоўныя магчымасці ўсім кандыдатам, шмат увагі надавалася кампаніі прэсай, тэлеканаламі. Работу свайго выбарчага штаба ацаніў бы таксама на самы высокі бал... Ведаеце, выбары павінны быць святам, таму што гэта заўсёды рух наперад. І звярніце ўвагу: ва ўчастковай камісіі ўсе ўсміхаюцца! Я вось таксама прыйшоў і адразу сказаў: “Віншую вас усіх!”

— Якія планы на будучыню?

— Партыя цяпер будзе рыхтавацца да парламенцкіх выбараў, і спадзяёмся там дасягнуць пэўных поспехаў. Ведаеце, у Ліберальна-дэмакратычнай партыі сёння столькі выдатнай моладзі вырасла, якая, можа быць, да часу ўжо наступных прэзідэнцкіх выбараў будзе змагацца на роўных з любым кандыдатам.

Сяргей Гайдукевіч пракаменціраваў вынікі выбараў:

— Выбары прайшлі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і дзеючым заканадаўствам. І яўка была вельмі вялікая, што не можа не радаваць. Таксама відавочна, што выбары выйграў Аляксандр Лукашэнка ў першым жа туры. Мы таксама праводзілі экзітпол, вынік якога цалкам супаў з тымі, што былі агучаны афіцыйнымі крыніцамі. Вынік вельмі радуе. Выйграў у выніку ўвесь беларускі народ. Будзем усе разам працаваць на карысць нашай цудоўнай краіны.

Падстава для аптымізму


З самай раніцы кандыдат у Прэзідэнты Мікалай Улаховіч пачаў адказваць на званкі блізкіх, сяброў і паплечнікаў, якія спяшаліся павіншаваць Мікалая Дзмітрыевіча з такім асаблівым для яго днём. На свой выбарчы ўчастак у інтэрнаце №5 БДТУ ён вырашыў ісці разам з жонкай Раісай.


Фота: Юрый Мазалеўскі

— Падстаў для аптымізму ў мяне дастаткова. Гэты этап свайго жыцця, лічу, прайшоў паспяхова. Думаю, я атрымаў галоўную перамогу — над самім сабою. Таму што асмеліўся на такі крок, я ж раней палітыкай асабліва не займаўся. А яшчэ я ўпэўнены, што не прайграю гэтыя выбары ўжо таму, што знаходжуся на баку цяперашняй улады.

Калі пара Улаховічаў з’явілася на выбарчым участку № 54, на ім, паводле слоў старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Наталлі Кароўкінай, прагаласавала ўжо каля 70 працэнтаў насельніцтва. За ходам галасавання ўважліва сачылі дэпутаты італьянскага парламента, якія назіраюць за выбарамі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ. За каго галасаваў, Мікалай Улаховіч не сказаў. А вось жонка не хавала, што гатовая заўсёды і ва ўсім падтрымліваць мужа. Сын і дачка Улаховічаў таксама зрабілі ўчора свой выбар, бацькі не сумняваюцца: правільны. Вечар Мікалай Дзмітрыевіч збіраўся якраз правесці ў коле сям’і. А ўжо назаўтра ехаць у Растоў-на-Доне, каб сустрэцца з казакамі. Але на пытанні ахвотна адказаў.

— Вашы ўражанні аб выбарчай кампаніі?


— Выбары прайшлі спакойна і дастойна. Вельмі актыўна і ўсебакова папрацавалі СМІ, падтрымліваючы ўсіх кандыдатаў інфармацыйна. У першую чаргу таму мне ўдалося ў надзвычай кароткія тэрміны стаць вядомым у народзе і прайсці перадвыбарную гонку да канца. Зразумела, дзякуй і майму штабу.

— Што будзеце рабіць далей?

— Хачу ўдзельнічаць і ў парламенцкіх выбарах.

Мікалай Улаховіч даў ацэнку першым вынікам галасавання:

— Я быў гатовы да такога выніку. Трэба цвяроза глядзець на рэчы: Аляксандр Лукашэнка — выдатны палітык з вялікім досведам, яго любіць народ, паважаюць у свеце. Шчыра віншую яго, жадаю ажыццявіць усё задуманае! Мне ж, лічу, была дадзена выключная магчымасць прадэманстраваць, што з’явілася яшчэ адна партыя, якая заўсёды гатова яго падтрымаць.

Меркаванні міжнародных назіральнікаў

Размік Хумаран, міжнародны назіральнік, намеснік дырэктара Дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД:


— Мне пашчасціла працаваць у Беларусі з 2000 па 2003 год. Свядома гавару “пашчасціла”, таму што больш добразычлівай і адкрытай нацыі, чым беларусы, цяжка сабе нават уявіць! Ужо тады поспехі вашай цудоўнай краіны былі ўражлівымі. А цяпер... Змены ў лепшы бок відаць нават візуальна — прыгожа, чыста, утульна, актыўна вядзецца будаўніцтва. У Гродне ў дзень выбараў пабываў з назіральнай місіяй на 11 участках. Усё арганізавана і спланавана вельмі дакладна, выбарчыя камісіі працуюць без збояў, як добра адладжаны механізм. Якіх-небудзь істотных заўваг няма. Галоўная выснова — людзі робяць свой выбар свабодна і асэнсавана.

Петр Бахмаер, старшыня Аўстрыйска-Беларускага таварыства, прафесар:

— Я думаю, што цяперашнія прэзідэнцкія выбары зменяць адносіны еўрапейцаў да Беларусі да лепшага. ЕС ужо пачаў развіваць адносіны з Мінскам, у тым ліку і аўстрыйскі міністр замежных спраў быў тут у маі і сустракаўся з Прэзідэнтам Лукашэнкам.

Адносіны аўстрыйцаў да вашай краіны заўсёды былі добрымі. Асабіста для мяне Беларусь — гэта краіна, якая захавала мінулыя дасягненні, у тым ліку адукацыю, прамысловасць, сацыяльныя выгоды і гарантыі для людзей. Я думаю, гэта варта было захаваць і развіваць.

Майкл Маргуліс, кіраўнік фонду “Духоўная дыпламатыя”, ЗША:

— Цяпер немагчыма гаварыць пра выбары, не звязваючы іх з чымсьці вялікім. Усё, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку і гэтыя выбары, ідзе ў кантэксце яшчэ некалькіх падзей. Яны ідуць у кантэксце мінскіх пагадненняў, якія былі прыняты па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі. І, вядома, у кантэксце выступлення Прэзідэнта ў ААН, дзе ён вельмі выразна выказаў тое, пра што думалі многія.

Беларусь заявіла пра сябе. У выступленні Прэзідэнта прагучала, што Беларусь адчувае сябе еўрапейскай краінай, і гэтым самым ён паказаў, што Беларусь таксама клапоціцца і занепакоена будучыняй Еўропы. Я заўсёды называю Беларусь варотамі паміж Усходам і Захадам і гавару аб тым, што, хто ўвойдзе ў гэтыя вароты, той будзе сябрам Беларусі, а хто будзе таптацца каля варот — пратопчацца і ніколі не зробіць свае справы.

Захары Захарыеў, старшыня Федэрацыі дружбы з народамі Расіі і СНД, кіраўнік фонду “Славяне”, Балгарыя:

— Мы ўсё ведаем і бачым пазітыўную ролю Мінска па лініі мінскага працэсу. Гэта без перабольшання галоўная падзея сусветнай палітыкі. І тут канструктыўная пазіцыя вашага Прэзідэнта і адыграла важную ролю. Усе ўлічваюць гэта. Дай бог, каб не толькі ўлічвалі і гаварылі, але і пайшлі на зняцце ўсіх гэтых, па-мойму, вар’яцкіх, бессэнсоўных санкцый. Сігналы аб гэтым ёсць, але патрэбныя не толькі сігналы, але і канкрэтныя дзеянні Еўрасаюза ў гэтым напрамку.

Драгамір Карыч, дэпутат парламента, кіраўнік групы дружбы Сербіі і Беларусі, ганаровы консул Беларусі ў Белградзе:

— Усё вельмі дэмакратычна і цывілізавана. Народ усмешлівы, жыццярадасны. Людзі ішлі на ўчасткі цэлымі сем’ямі, нават з груднымі дзецьмі. Відаць, што для вас гэта па-сапраўднаму сямейнае свята. З другога боку, мяне парадавала ўсведамленне людзьмі таго факта, што на прэзідэнцкіх выбарах вырашаецца лёс краіны. Відаць, таму ўжо на 14 гадзін дня яўка склала 55 працэнтаў. Як назіральнік, які пабываў у многіх краінах, магу сказаць, што ў вас цудоўна арганізаваны выбарчы працэс. Умовы для галасавання проста выдатныя. Усё празрыста, паўсюль іграе музыка, арганізаваны гандаль рознымі прысмакамі. Ведаеце, у нейкі момант мне нават самому захацелася прагаласаваць. Шкада, што не мог гэтага зрабіць. Але дакладна ведаю, што на Захадзе могуць пазайздросціць вашым выбарам.

Выбары павінны праводзіцца выключна па тых законах і правілах, якія дзейнічаюць у краіне. Захад часцяком стараецца праціснуць, навязаць свае законы і прынцыпы невялікім дзяржавам, у тым ліку Беларусі. Але трэба сябе паважаць. І вы правільна робіце, што адстойваеце сваё права на самастойную палітыку.

Яшчэ да дня галасавання я шмат размаўляў з простымі людзьмі, з таксістамі, афіцыянтамі, не раскрываючы свайго статусу. І ўсе яны гаварылі, што пойдуць галасаваць і прагаласуюць так, як лічаць патрэбным. Для мяне як назіральніка свабоднае волевыяўленне грамадзян — гэта галоўнае.

Алена Пярмінава, прадстаўнік місіі назіральнікаў ад СНД, дэпутат Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі:

— У дзень выбараў мы наведалі больш за дзесяць участкаў, а напярэдадні, у суботу, былі ў пасёлку Руба — глядзелі, як праходзіць датэрміновае галасаванне. Павагу выклікаюць высокая актыўнасць грамадзян Беларусі, іх адказная грамадзянская пазіцыя. Хацелася б адзначыць, як пастаўлена работа на Віцебшчыне, дзе я пабывала — усе ўчасткі вельмі добра падрыхтаваныя, створаны ўмовы і для выбаршчыкаў, і для супрацоўнікаў выбарчых камісій, і для назіральнікаў, якіх шмат на кожным участку. З боку аблвыбаркама нам аказваецца ўсялякае садзейнічанне, прадастаўляецца максімум інфармацыі. Да вечара 11 кастрычніка я не пачула ніводнай заўвагі на ўчастках, у мяне іх таксама няма.

Таццяна Маскалькова, назіральнік ад СНД, дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі, намеснік старшыні Камітэта па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі, генерал-маёр МУС:

— У параўнанні з мінулай кампаніяй заканадаўства ў Беларусі змянілася ў станоўчы бок, індэкс дэмакратыі падняўся, мы бачым на ўсіх участках назіральнікаў ад розных палітычных сіл. У Віцебскай вобласці на ўсіх участках мы назіраем празрыстыя урны. Лічу гэта вельмі прагрэсіўным крокам, які пераканаўча сведчыць: ва урну трапляе адзін бюлетэнь, выключаецца магчымасць нейкага фальсіфікату. І па напаўненні урн відаць, што актыўнасць выбаршчыкаў вельмі высокая. Гэта было відаць і падчас датэрміновага галасавання — у суботу мы пабывалі на чатырох участках. Для мяне стала нечаканасцю, што за дзень да галасавання так многа народу прыходзіць загадзя для таго, каб не ўпусціць шанц выказаць сваю волю.

Як для расійскага назіральніка для мяне важна, што беларускае заканадаўства прадугледжвае парог яўкі выбаршчыкаў — не меншы за 50 працэнтаў, што можа вызначыць дакладна легітымнасць выбараў. У нас няма парога, і гэта заўсёды выклікае дыскусію ў грамадстве: ці можна прызнаць выбары кіраўніка муніцыпалітэта легітымнымі, калі яўка выбаршчыкаў была вельмі нізкая, ці з’яўляюцца такія выбары выражэннем волі народа. Тут такіх пытанняў не ўзнікае.

Хайдар Валееў, міжнародны назіральнік ад СНД:

— Я ў Беларусі на выбарах не ў першы раз. І ў гэты таксама адзначаю сур’ёзную падрыхтоўку. Памяшканні выбарчых участкаў, дакументацыя — усё добраўпарадкавана, выверана. Падабаецца актыўнасць выбаршчыкаў. Вельмі добрая яўка на ўчасткі. Імпануе датэрміновае галасаванне для тых, хто не зможа па нейкіх прычынах прыйсці на ўчастак у дзень выбараў.

Адчуваецца, што галасаванне праходзіць акуратна і далікатна. Няма сутычак, канфліктных сітуацый, у якія прыйшлося б умешвацца праваахоўным органам. Беларусь наогул заўсёды здзіўляе сваім парадкам і чысцінёй. Я думаю, што народу Беларусі ёсць з чым параўноўваць, бачачы, што адбываецца ў іх брацкага народа ва Украіне. Ваша ж краіна стала тэрыторыяй міру ва ўсіх сэнсах слова. А мірная ініцыятыва Прэзідэнта Лукашэнкі, які імкнецца ўкласці ўсе сілы і магчымасці, каб у братоў быў мір, — гэта значная з’ява.

Святлана Савіцкая, міжнародны назіральнік, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю, намеснік старшыні Камітэта Дзярждумы РФ па абароне:

— Я не першы раз з’яўляюся назіральнікам на беларускіх выбарах. Наведала за першую палову асноўнага дня галасавання 7 выбарчых участкаў, прычым пабывала непасрэдна на падрыхтоўцы і адкрыцці аднаго з іх. Цяперашняе галасаванне праходзіць больш спакойна, відаць, што людзі прыходзяць на ўчасткі, ужо ведаючы ўсіх кандыдатаў. У Расіі ж нярэдка выбаршчыкі вывучаюць спіс кандыдатаў толькі непасрэдна перад галасаваннем, на ўчастку. Якіх-небудзь парушэнняў я не выявіла, затое актыўнасць лю­дзей вельмі значная.

У Расіі і прэзідэнцкія выбары, і выбары дэпутатаў Дзярждумы заўсёды вылучаюцца высокай яўкай выбаршчыкаў. Моладзь прыходзіць вялікімі кампаніямі, весяліцца. Ёсць асаблівы клопат і для арганізатараў выбараў, назіральнікаў за імі. Каб не дапусціць правядзенне праславутых “каруселяў”, напрыклад. У Беларусі ж, як я заўважыла, “каруселяў” наогул няма. А самі выбары праходзяць больш спакойна, па-сямейнаму, ці што. У гэтым плане вельмі ўдалая і наяўнасць датэрміновага галасавання: людзі маюць магчымасць аддаць свой голас загадзя, а ў выхадныя куды-небудзь выехаць з сям’ёй. Ды і ў цэлым Беларусь — спакойная, упэўненая ў сваёй будучыні краіна. Усе апошнія дзесяцігоддзі гавораць пра гэта. І ход цяперашніх выбараў сведчыць аб тым жа.

Міхаіл Лебядзінскі, місія назіральнікаў ад СНД, старшыня камітэта па мясцовым самакіраванні, міжнацыянальных і міжканфесійных адносінах адміністрацыі Ленінградскай вобласці:

— Мы пабывалі на некалькіх участках, вельмі высокая яўка: на ўчастку №18 у Чыгуначным раёне Віцебска за першыя паўгадзіны галасавання прыйшло 40 чалавек. Бачым: усё законна, чыста, ніякіх парушэнняў. Гэта пацвярджаюць і ўнутраныя назіральнікі. Звярнуў увагу, што ў вас намнога актыўней, чым у іншых краінах, дзе мне даводзілася працаваць назіральнікам, праходзіць датэрміновае галасаванне. Не бачу ў гэтым нічога крамольнага — гэта для многіх зручна, такі падыход дае больш магчымасцяў для таго, каб выказаць сваю волю. У Расіі для датэрміновага галасавання ўстаноўлены закрыты пералік прычын, адсутнасць у дзень выбараў трэба пацвердзіць дакументальна, гэта не лепшым чынам адбіваецца на яўцы выбаршчыкаў.

Аляксандр Кічыгін, міжнародны назіральнік ад місіі СНД (Расія, Курская вобласць):

— Так атрымалася, што літаральна перад выбарамі я два тыдні адпачываў у Гомельскай вобласці і змог акунуцца ў медыйны свет палітычнага перадвыбарнага жыцця Беларусі. На мой погляд, усе кандыдаты ў Прэзідэнты мелі магчымасць данесці свае ідэі да электарату. Гэты працэс праходзіў адкрыта, і ў выбаршчыкаў была магчымасць ацаніць палітыкаў. Такую ж адкрытасць і роўнасць магчымасцяў я назіраю сёння на выбарчых участках.

Серык Егізбаеў, назіральнік ад выканкама СНД, намеснік загадчыка аддзела дзяржаўнага кантролю і арганізацыйна-тэрытарыяльнай работы адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Казахстан:


— Ход выбараў ацэньваю станоўча. Прыемна бачыць, што людзі ідуць галасаваць як на свята. З раніцы аб’ездзілі мноства ўчасткаў. Сустракаліся і з простымі выбаршчыкамі, і з назіральнікамі ад АБСЕ. Ніхто не змог сказаць нічога дрэннага. Перад тым як ехаць у Беларусь, уважліва вывучылі беларускае выбарчае заканадаўства. Пабываўшы на ўчастках, магу сказаць — нідзе ніякіх парушэнняў не зафіксавалі. Галасаванне праходзіць у рамках закона.

Бахрам Хайдары, прадстаўнік АБСЕ (выбарчыя ўчасткі №№44, 45, 46 г. Мінска):

— Пытанняў і нараканняў на ход галасавання ў мяне няма. Больш за тое, на гэтых выбарах адзначаю атмасферу выключнай добразычлівасці.

Алег Іваноў, міжнародны назіральнік ад місіі СНД (Расія, Смаленская вобласць):

— На ўсіх участках, якія мы наведалі, ні адной скаргі. Усё вельмі цывілізавана, дэмакратычна. Выбаршчыкі могуць свабодна прагаласаваць за свайго кандыдата.

Аляксандр Станькоў, старшыня камітэта Смаленскай абласной думы па законнасці і правапарадку:


— Выбары праходзяць спакойна. Выбарчы працэс арганізаваны дастойна. Мы пабывалі на многіх участках у Бабруйскім раёне. Ніякіх нараканняў няма.

Ігар Каплуноў, міжнародны назіральнік ад місіі СНД (Расія, Бранская вобласць):

— Хачу адзначыць высокі прафесіяналізм членаў выбарчых камісій, участкі цалкам абсталяваныя для галасавання. Беларусь падышла да выбараў Прэзідэнта на высокім узроўні. Пакуль намі парушэнні не зафіксаваныя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter