Пятнаццаць гадоў вядучыя навін канала АНТ туліліся ў маленькай студыі, цяпер у іх валоданні трыста квадратных метраў

Канал стварае пары

У тэлевізійшчыкаў звычайна новы год у верасні. Менавіта ў пачатку восені яны рыхтуюць падарункі сваім гледачам: мяняюць афармленне каналаў, запускаюць новыя праекты і гэтак далей. Але ў АНТ гэты год асаблівы, юбілейны. І ў сваё пятнаццацігоддзе яны не перастаюць здзіўляць аж да самага сапраўднага Новага года. Прыхільнікі канала, напэўна, заўважылі перароблены лагатып, новую інфармацыйную студыю і пары вядучых у ёй. Мы адправіліся на Камуністычную, 6, каб убачыць усё гэта знутры.

Марыя Лемешава i Дзмітрый Максімовіч шчаслівыя працаваць у новай студыі.

Наша экскурсія пачынаецца не з першага паверха, дзе і размешчана абноўленая студыя, а з другога, дзе знаходзіцца старая. Намеснік старшыні Аляксандр Мядзведзеў тлумачыць: унізе — трыста квадратных метраў, наверсе — усяго сто. Хоць на самай справе памяшканне выглядае яшчэ меншым. Аказалася, гэта не аптычны падман: насамрэч фактычна здымачны павільён займае 36 «квадратаў», астатняе — апаратная і гэтак далей. Па сутнасці, усе пятнаццаць гадоў вядучыя навін туліліся вось у такой маленькай «кватэрцы».

Зараз жа ў іх сапраўдныя апартаменты. І мэбля, чытай, абсталяванне, як у лепшых дамах Парыжа. Аляксандр Мядзведзеў рапартуе:

— Мы правялі маштабную мадэрнізацыю студыі 300. Яна ажыццяўлялася па чатырох напрамках. Першы — замена парка экранаў. Раней яны былі фармату стандартнай выразнасці, а зараз — высокай. Колькасць камер павялічылася з шасці да васьмі. Такім чынам, мы атрымалі магчымасць рэалізоўваць навінавыя праграмы любога фармату. Галоўнае ж — пакрываецца ўся плошча студыі. Пры гэтым эфектыўна можам выкарыстоўваць здымачны кран. Другі напрамак — мадэрнізацыя студыйнага святла. Яго мы заказалі ў вядучага сусветнага вытворцы. Асвятленне зроблена па апошнім слове сучасных тэхналогій, у тым ліку энергазберагальных. Трэцяе — мадэрнізацыя нашай апаратнай. Там устаноўлены новыя серверы фармату HD, якія дазваляюць выдаваць да васьмі слаёў інфармацыі на святлодыёдныя экраны.

Пра гэтыя экраны, а разам з тым і пра чацвёрты напрамак мадэрнізацыі размова асобная. Усяго іх восем, і выглядаюць яны, як гіганцкія тэлевізары. І толькі пры пільным разгляданнi заўважаюцца маленькія святлодыёды, размешчаныя праз кожныя два з паловай міліметры. Гэтыя экраны рабілі ў Беларусі: спецыялісты АНТ выклалі свае ідэі вытворцу, і ён выканаў усе пажаданні. Асаблівасць гэтых «тэлевізараў» у наяўнасці спецыяльнага фільтра, які цалкам нівеліруе скажэнні, уласцівыя святлодыёдным экранам. Такая тэхналогія ў Беларусі выкарыстоўвалася ўпершыню, тэлевізійшчыкі нават думаюць атрымаць патэнт на яе вынаходку.

Але гэтыя экраны, плошча якіх, дарэчы, 44 квадратныя метры,  толькі частка новых дэкарацый. Ёсць тут шкляны подыум. Ён на колах, а значыць, перасоўны. Вось для «Контураў» яго кожны раз і перамяшчаюць. Такое абсталяванне дазваляе рабіць студыю больш мабільнай і цалкам змяняць яе выгляд. Таму тут збіраюцца закупіць яшчэ некалькі подыумаў, праўда, меншых. Цяперашні, памерам чатыры на чатыры метры, важыць амаль тону.

Але якія навіны без стала для вядучых? І ён тут, вядома, ёсць. З першага погляду вельмі падобны на той, што застаўся ў старой студыі на другім паверсе. Але спецыялісты запэўніваюць: гэта дзве, як кажуць, вялікія розніцы. Дык і цяперашнія навіны вельмі адрозніваюцца ад тых, што былі яшчэ пару тыдняў таму. Больш за тое, нават звычайныя выпускі, якія выходзяць кожныя дзве гадзіны, і вячэрні ў 20.30 абсалютна непадобныя паміж сабой. Паслухаем дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання Руслана Паддубскага:

— Цяпер усе вялікія медыя змагаюцца за дастаўку кантэнту. Ствараць яго сёння можа кожны, нават проста маючы пры сабе смартфон. А вось хто данясе гэтую навіну да эфіру ярчэй, таго і глядзяць. Адсюль і змены ў нашым вяшчанні. У вячэрняй вёрстцы ў нас па-ранейшаму каля 15 пунктаў. Але цяпер там зусім іншая падача. Вячэрні выпуск няпросты з пункта гледжання рэжысуры. Зараз у кадры працуюць два вядучыя, навіны спорту раней ішлі ў канцы, зараз мы перамясцілі іх у сярэдзіну праграмы, надвор’е сёння ў нас з чалавечым тварам.

Але гэта толькі пачатак пераўтварэнняў, якія пачаліся на АНТ з прыходам да кіраўніцтва каналам Марата Маркава. Дарэчы, Марат Сяргеевіч мае цвёрды намер вярнуцца ў кадр. Яго новая інфармацыйна-аналітычная праграма будзе мультыфарматнай і шматжанравай. Яе канцэпцыя зараз дапрацоўваецца, і ў бліжэйшыя месяцы яна выйдзе на экран. Будуць і іншыя новыя праекты. Пакуль іх трымаюць у сакрэце, пры гэтым інтрыгуючы: у 2018-м долю ўласнага кантэнту плануецца падняць яшчэ на 20—25 працэнтаў! Але галоўная задача на наступны год — пераход у HD-фармат вяшчання. Гледачы ў чаканні.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter