Фотарэпартаж: прывабныя для турыстаў могiлкi: з гомельскага Навабелiцкага некропаля збіраюцца зрабіць славутасць

Камяні могуць гаварыць

Пракуратура Гомельскай вобласці ініцыіравала прызнанне Навабеліцкіх могілак гісторыка-мемарыяльным месцам пахавання. Праверка паказала: аб’ект унікальны. На самых старых захаваўшыхся могілках пахаваны знакавыя для горада людзі, надмагільныя помнікі — сапраўдныя творы мастацтва, захавалася каталіцкая каплічка, наўскрайку размешчана брацкая магіла салдат і афіцэраў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, ёсць пахаванні байцоў Першай сусветнай. Карэспандэнт «Рэспублікі» паўдзельнічала ў невялікай экскурсіі па могілках, каб на свае вочы пераканацца ў іх унікальнасці.


Актывісты Навабеліцкай раённай арганізацыі БРСМ парадак на гэтай брацкай магіле наводзяць перыядычна, нягледзячы на тое, ёсць асаблівы статус у могілак ці не. Сёння працы на мемарыяле няшмат: прыбраць сухія кветкі пасля майскіх свят ды падмесці дарожкі. Ёсць час успомніць і пра сваякоў, якіх не абмінула вайна. Дзевяцікласнік Даніла Арабец з СШ № 4 свайго прадзеда Міхаіла Нікіфаравіча Юркевіча бачыў адзін раз, але цвёрда ведае — ён дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу. Звесткі пра ўладальніка ордэна Славы можна нават знайсці ў інтэрнэце. Даніла хвіліну гугліць і з гонарам зачытвае сябрам:

— Старшы сяржант пяхоты, кулямётчык, які стаў танкістам, ён фарсіраваў Днепр пад Лоевам, вызваляў Рэчыцу, удзельнічаў у баях пад Бабруйскам. Ордэн Славы ІІІ ступені атрымаў за фарсіраванне Одэра. 

Такія калоны стаяць на месцы пахавання невядомага інжынера і яго маці.

Гэта брацкая магіла — самы адкрыты для вачэй мінакоў участак. За тоўстай агароджай не менш цікавыя аб’екты, з поліканфесійным некропалем нас знаёміць гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў. Вывучэннем гэтага месца ён займаецца ўжо больш за 20 гадоў. Яшчэ ў 1990-я прыходзіў сюды разам з членамі краязнаўчай арганізацыі «Талака», каб навесці парадак, перапісаць імёны з самых старых надмагілляў, зрабіць фотаздымкі. Далей — болей, зараз гісторык ведае імёны на плітах амаль на памяць:

— Тут пахаваны вучань Гомельскай гімназіі Мікалай Хацкевіч. Памёр у 1896 годзе ад адру, у справаздачы гэтай гімназіі напісана, што была эпідэмія, але смяротны выпадак ва ўстанове быў адзіны. Вось гэта магіла 1886 года — самая старая. Тут пахавана нейкая Юлія Херхль-Лукашэвіч.

Яўген МАЛІКАЎ ведае на памяць амаль кожнае імя

На Навабеліцкіх могілках пахаваны гарадскі кіраўнік і правадыр дваранства Магілёўскай губерні Адольф Крушэўскі, картограф, аўтар вядомага плана Гомеля 1910 года Анісім Шчакудаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Караткевіч, без якога доўгія гады ніхто не ўяўляў сабе Гомельскі драмтэатр. Уражваюць два ідэнтычныя трайныя пахаванні савецкіх часоў: два экіпажы бамбардзіроўшчыкаў з аэрадрома Зябраўка, што размяшчаўся непадалёк, якія разбіліся з розніцай у чатыры гады. А на праваслаўнай частцы іншы гістарычны цуд: дзве надмагільныя пліты — Ануфрыя Саладоўнікава і Міхаіла Філонава, падпісаныя «Въ память отъ Князя Паскевича». Такія пасмяротныя «падарункі» зрабіў князь сваім каморніку і архіварыусу. 

На жаль, многія магілы засталіся без імёнаў. Па філігранна зробленым у выглядзе нейкай рэлігійнай кнігі надмагіллі Яўген Малікаў адразу бачыць: 

— Магіла ксяндза, дакладна невядома яго імя, аднак тут выявы усіх ксяндзовых «прылад».

Пахаванне трапіўшага ў катастрофу экіпажа зябраўскага бамбардзіроўшчыка

Цікавых з мастацкага пункта гледжання аб’ектаў гісторык паказвае шмат:

— Вось прыгожы прыклад каванай агароджы пачатку ХХ стагоддзя. Бачыце, дэталі не звараны, як сталі рабіць пазней.

Пікі і крыжыкі паміж сабой скаваны тонкімі металічнымі шчэпкамі, атрымліваецца зборная канструкцыя. Ажурныя крыжы ў каталіцкай частцы могілак датуюцца 1913—14 гадамі.

Прадзед Данілы дайшоў да Берліна

— Такія вырабы могуць заняць месца ў экспазіцыі па кавальстве ў тым жа Веткаўскім музеі стараверства і беларускіх традыцый, — лічыць наш экскурсавод. 

На некаторых надмагільных помніках стаіць кляймо майстра «Ивановъ Гомель», іншыя раскошныя экзэмпляры прывезены з-за мяжы. І ўся гэта памяць разбураецца з кожным годам:

— Вось тут пахаваны Баляслаў Дзерангоўскі — знакаміты фатограф дарэвалюцыйнага Гомеля. Агароджа тут была цэлая яшчэ год-два назад, разбіраюць на металалом марадзёры.

Сапраўдныя творы мастацтва.

Бяруць усё, ускрываюць па некалькі разоў склепы, выламліваюць крыжы. Дадаюць клопатаў і сваякі памерлых. Ставяць агароджу для сваіх — валяць стары чужы помнік. На магілы скідваюць смецце, хаця да спецыяльна адведзенага месца не больш за сто метраў у любым напрамку. Яўген Малікаў спадзяецца: калі б могілкі атрымалі статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, на больш высокі ўзровень паднялося б пытанне аховы. А галоўнае, з’явіліся б дадатковыя магчымасці захаваць мясцовую памяць. Магчыма, замежным турыстам такі некропаль падасца не вельмі маштабным, аднак для гамяльчан гэта частка мінулага, недастаткова вывучанага, але здольнага распавесці пра многія старонкі гісторыі.

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter