Камянецкі клімат. Чым вабіць інвестараў Белавежскі край?

Камянецкаму раёну, слаўнаму Белавежскай пушчай, відаць, проста наканавана рабіць стаўку на развіццё не вялікіх прамысловых прадпрыемстваў, а малого высокатэхналагічнага бізнесу, здольнага добра “ўпісацца” ў мясцовыя краявіды. Прадпрымальніцтва і сапраўды тут добра развіваецца. Аднак яго будучыня залежыць не толькі ад мясцовых улад, але і ад рашэнняў на агульнарэспубліканскім узроўні.

Попыт на будаўнікоў і турыстычныя паслугі

У раёне 115 малых прадпрыемстваў, яшчэ звыш 500 індывідуальных прадпрымальнікаў. Для Камянеччыны, дзе насельніцтва складае каля 40 тысяч чалавек, гэта сапраўды шмат.
Як і ў цэлым па Беларусі, у раёне каля 30 працэнтаў малых прадпрыемстваў заняты ў прамысловасці, яшчэ прыкладна столькі ж — у гандлі і грамадскім харчаванні. Асаблівасць Камянеччыны — прыкладна трэцяя частка прыходзіцца на сельскую гаспадарку: у раёне каля 35 фермераў.
“Мы зацікаўлены, каб актыўна развіваліся турызм, прыдарожны сервіс, ствараліся будаўнічыя кампаніі”, — падказвае намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама Мікалай Антончык, куды патэнцыяльныя інвестары могуць накіраваць сродкі.

Каму выгадныя ільготы?

Ільготы, прапанаваныя бізнесменам у малых гарадах і сельскай мясцовасці, прыносяць плён і на Камянеччыне. За няпоўны бягучы год у раёне пачалі работу каля дзесяці новых прадпрыемстваў.
Фірмы, створаныя яшчэ раней, актыўна развіваюцца. Напрыклад, прадпрыемства “Аграпрадукт”, якое займаецца перапрацоўкай насення рапсу, па маштабах вытворчасці ўжо даганяе аналагічную віцебскую фабрыку. “Ільготы на “Аграпрадукце” дазволяць толькі сёлета сэканоміць каля 500 мільёнаў рублёў”, — адзначае Мікалай Антончык. І гэтыя грошы, відавочна, у першую чаргу ідуць на развіццё вытворчасці, дапамагаюць прабіцца на рынак, дзе канкурэнцыя за апошнія гады значна вырасла.
Нягледзячы на значныя ільготы, прадпрымальнікі працягваюць спраўна папаўняць мясцовы бюджэт. Іх унёсак складае каля 9—10 працэнтаў. І гэта значыць, што прапанаваныя прэферэнцыі — выгадныя. І прадпрымальнікам, і дзяржаве.

Спрасціць нельга забараніць

Частыя змены ў айчынным заканадаўстве — гэта заўсёды стрэс для бізнесменаў. Аднак і без далейшай шліфоўкі прававых дакументаў ніяк не абысціся.
Напрыклад, у свой час было прынята рашэнне, якое спрасціла працэдуру адчужэння новым гаспадарам дзяржаб’ектаў, што выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Аднак маёмасць сельгаскааператываў і акцыянерных таварыстваў засталася па-за межамі гэтай навацыі.
“У нас ёсць сельгас-прадпрыемства ў статусе акцыянернага таварыства, — узгадвае праблему Мікалай Антончык. — Да яго далучылі іншае, дзе быў свабодны будынак, якім зацікавіліся польскія інвестары”. Замежнікі былі згодныя заплаціць добрыя грошы, стварыць каля 50 працоўных месцаў, заняцца лесаперапрацоўкай і значную частку прадукцыі накіроўваць на экспарт. Аднак, як высветлілася, маёмасць акцыянаваных сельгаспрадпрыемстваў па спрошчанай працэдуры прадаваць нельга. Прыйшлося абвяшчаць аўкцыён, правесці шмат узгадненняў. У выніку палякі будынак набылі. Але пры гэтым і інвестары, і не менш зацікаўленыя мясцовыя ўлады страцілі некалькі каштоўных месяцаў.
У другім выпадку праблему пакуль што вырашыць не атрымалася. Сабраліся добраўпарадкаваць міні-рынак у Камянцы. Правялі конкурс, вызначылі пераможцу. Здаецца, забірай зямельны ўчастак у ранейшага гаспадара і перадавай новаму ў адпаведнасці з дзеючым зямельным заканадаўствам, няхай той рэалізоўвае праект. Але з гэтым якраз і ўзніклі неспадзяваныя праблемы, абумоўленыя неканкрэтнасцю трактоўкі ў зямельным заканадаўстве. Мясцовыя ўлады звярталіся за дапамогай у Мінск. Аднак праблема пакуль што не вырашана. Міні-рынак чакае добраўпарадкавання.

Агульны інтарэс

На Камянеччыне можа быць рэалізавана яшчэ нямала інвестпраектаў. Напрыклад, ужо нават вызначаны зямельны ўчастак, дзе па дарозе да сядзібы Дзеда Мароза можа размясціцца матэль, іншыя аб’екты прыдарожнага сервісу.
Інвестары з Чэхіі плануюць стварыць вытворчасць па шліфоўцы шкла і выпуску вітражоў.
Паспяховасць рэалізацыі гэтых ды іншых праектаў у значнай ступені будзе залежаць ад таго, ці не ўзнікнуць на іх шляху якія-небудзь “падводныя бюракратычныя камяні”. А між тым дзейнасць прыватнага бізнесу вызначае не толькі прыбытак яго ўладальнікаў. Для мясцовых жыхароў новае прадпрыемства — гэта працоўныя месцы і заробак. Для мясцовага і рэспубліканскага бюджэту — падаткі.
Калі ўсе зацікаўлены, то, можна спадзявацца, што і перашкоды на шляху развіцця бізнесу будуць хутка пераадольвацца?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter