На кірмаш - са сваімі лыжкамі

Каму з клёну, каму з ліпы

За мінулую зіму Валянцін Піцько з вёскі Грыгароўшчына Шаркаўшчынскага раёна паспеў вырабіць добрую партыю неабходных у кожнай сялянскай гаспадарцы драўляных тапарышчаў, касавілаў, чаранкоў для рыдлёвак. Ён рыхтуецца да вясновых кірмашоў, якія праходзяць у райцэнтры кожную нядзелю. Змайстраваў і дзясяткі простых лыжак для гаспадынь.

Фота аўтара

Драўляныя лыжкі — не творы мастацтва. Але якая асалода трымаць такія кухонныя рэчы, зробленыя з паленцаў бярозы альбо вольхі, ліпы ці клёну! Адчуваць аксамітавую фактуру матэрыялу, чуць пах натуральнага дрэва. Аднак лыжкі — толькі частка ўмельства вясковага жыхара. Ён вырабляе і бочкі, і кадушкі, і маслабойкі. Раз-пораз выконвае бондарскія заказы: майструе самы экалагічны посуд.

Валянцін заўсёды ўзгадвае пра першыя крокі ў працы з дрэвам, як да ўсяго даходзіў уласным досведам. Само жыццё падказала рамесніку, што рабіць і як рабіць.

Скончыўшы школу-васьмігодку, хлопец яшчэ да арміі паспеў папрацаваць у калгасе трактарыстам і вадзіцелем. Пазней быў фатографам у раённым Доме быту — здымаў выпускныя класы, вяселлі, рабіў фота на дакументы. А ў перабудову, калі прафесія бытавога фатографа амаль не карміла, зноў падаўся ў родны калгас, уладкаваўся да бацькі на лесапілку. Даглядаў і калгасны пчальнік з трыццаці вулляў.

— Памятаю час, калі зусім не было грошай, дык на хатніх жорнах малоў зерне на бліны. Самыя розныя заказы выконваў, каб сям’ю ўтрымліваць. Зрабіў невялікую майстэрню, у якой і дагэтуль працую, — кажа Валянцін.

Ён бездакорна асвоіў бондарскую справу — габлюе клёпку для бочак і кадушак, рэжа лыжкі, засвоіў тэхналогію іншых работ з дрэвам. У яго руках ажывае просты і цяслярскі рыштунак. Валянціна называюць “сапраўдным майстрам”, які, несумненна, з’яўляецца пераемнікам і прадаўжальнікам народных традыцый.

Іван Лужынскі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter