Каму маёнтак, каму каралі з пярсцёнкам

Што пакідалі ў спадчыну адзін аднаму беларусы ў ХVI стагоддзі?

Што пакідалі ў спадчыну адзін аднаму беларусы ў ХVI стагоддзі?

На паліцах кнігарняў з’явілася  незвычайнае выданне, якое адразу звяртае на сябе ўвагу. Гэта не бэстсэлер
і нават не модны дэтэктыўчык, а зборнік архіўных дакументаў “Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI стагоддзя”, падрыхтаваны Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі і выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Чым жа ён цікавы, спытаецеся. А ўжо тым, што дазваляе зазірнуць у душу нашых продкаў, якія  жылі пяць стагоддзяў таму.

Права на тастамент

Цяжка нават уявіць, колькі прыйшлося супрацоўнікам архіва папрацаваць, каб скласці гэты зборнік. У кнізе змешчана  сто шаснаццаць дакументаў апошняй волі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, унесеных у актавыя кнігі гродскіх і земскіх судоў Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Новагародскага, Слонімскага паветаў, а таксама Магілёва за 1559—1600 гады. Дакументам, якія ў яго ўвайшлі, ужо амаль пяцьсот гадоў, яны напісаныя ад рукі на старабеларускай і старапольскай мовах. “Расшыфроўваць” некаторыя літары прыходзілася ледзь не пад лупай. Але справа таго каштавала.

Тастаменты, або завяшчанні, з’яўляюцца ўнікальнымі гістарычнымі крыніцамі, яны дазваляюць даведацца пра канфесійную прыналежнасць людзей, іх маёмасны стан, склад сям’і, ступень адукаванасці. Акрамя таго, гэта скарбонка для вывучэння гісторыі пэўных населеных месцаў, генеалогіі шляхецкіх родаў і шматлікіх пытанняў, звязаных са штодзённым жыццём насельніцтва ВКЛ у другой палове XVI стагоддзя.

— Важнае значэнне тастаментаў пацвярджаюць нарматыўныя акты, — расказвае адзін са складальнікаў зборніка, галоўны архівіст  Нацыянальнага гістарычнага архіва Ірына Бобер. — Ва ўсіх трох Статутах ВКЛ запісаны спецыяльныя артыкулы, у якіх досыць падрабязна пададзены правілы складання тастаментаў: хто меў права складаць тастамент, колькі асоб і пры якіх абставінах павінны былі засведчыць дакумент, як павінны былі складацца  тастаменты падчас вайны ці знаходжання на чужой зямлі і гэтак далей.

Сафія Слуцкая... без спадчыны

Хто складаў завяшчанні ў XVI стагоддзі?

— І мужчыны, і жанчыны. І пажылыя, і маладыя. Да прыкладу, сустрэла падчас працы тастамент нежанатага хлопца, які ўсё завяшчаў сваёй маці, — расказвае Ірына Міронаўна. — Праўда, амаль усе аўтары не  зусім простыя людзі. Як правіла, гэта былі прадстаўнікі сярэдняй шляхты, якія валодалі невялікай маёмасцю, а таксама асобы вышэйшага становішча, якія займалі розныя кіруючыя пасады і мелі важнае значэнне ў сістэме дзяржаўнага кіравання.

Сярод аўтараў тастаментаў, якія ўвайшлі ў зборнік, сустракаем нават такіх вядомых асоб, як першая жонка канцлера ВКЛ Льва Сапегі — Дарота Фірлей, смаленскі ваявода Васіль Тышкевіч, слонімскі староста Міхал Валовіч, віцебскі гараднічы Багдан Янушкоўскі, князь Шчасны Свірскі, магілёўскі бурмістр Кузьма Есманавіч, маці княжны Сафіі Слуцкай — Барбара Кішка.

— Цікава, што Барбара не  пакінула Сафіі Слуцкай анічога, хоць тая была яе адзінай дачкой. Дарэчы, як і сваёй маці з сястрой, — расказвае Ірына Бобрык. — Яна завяшчала ўсё свайму мужу. Чаму так? Загадка гісторыі.

Выяўляючы сваю апошнюю волю ў тастаменце, чалавек не проста распараджаўся ўласнай маёмасцю, але і разважаў. Аб пражытых днях, пра смерць, пра сваіх родных...

— Рыхтуючы зборнік, мы разглядалі тастаменты не толькі як архівісты, але і як жанчыны, — расказвае Ірына Міронаўна. — Усе гэтыя дакументы падаліся нам вельмі  эмацыйнымі. Людзі цэлымі абзацамі разважаюць пра жыццё і смерць, шкадуюць пра свае  ўчынкі (некаторыя з аўтараў у  мінулым былі частымі гасцямі ў крымінальных судах — біліся, сварыліся, рабілі іншыя прыкрыя рэчы) і ўзгадваць пра страшны суд. А колькі там сямейных праблем! Была такая спадарыня Альхоўская, якая мела мора дзяцей. Аднак сваю спадчыну яна пакінула толькі аднаму сыну, які яе даглядаў, пры гэтым тлумачачы, што астатнія дзеці былі вельмі няўдзячнымі. Вельмі эмацыйны тастамент.

Бранзалет на памяць

Па аб’ёме тастаменты маглі быць ад аднаго аркуша да дзесяці і больш. Адзін з самых вялікіх, напрыклад, тастамент жонкі канцлера ВКЛ Льва Сапегі Дароты Фірлей, напісаны ёй у 1591 годзе, калі яна ўжо цяжка хварэла.

— Жанчына шмат разважае і моцна перажывае за сваю малодшую дачку ад першага шлюбу. Барбара, або Бася, як называе яе ў завяшчанні маці, пасля смерці Дароты заставалася круглай сіратой — яе родны бацька памёр яшчэ раней. Таму Дарота Фірлей вельмі просіць свайго другога мужа Льва Сапегу, з якім у Дароты быў агульны сын, паклапаціцца пра Басю і не даць яе ў крыўду, — расказвае Ірына Бобрык.

Дарота таксама вельмі падрабязна апісвае сваю маёмасць, нават вопратку і ўпрыгожванні. Цікава, што свае рэчы яна завяшчала ў тастаменце не толькі родным, але і простым людзям, якія былі да яе добрымі. Напрыклад, сваёй кастэлянцы Ганне Тарноўскай “na pamiathke milosci moiey” (са старапольскай — “на памяць аб маёй любові”) Дарота завяшчала ланцужок з бранзалетам.

Падручнікі жыцця

Адным з самых ранніх дакументаў, прадстаўленых у зборніку тастаментаў, з’яўляецца тастамент Аляксандра Гарабурды, напісаны ў 1570 годзе.

— Невялікі па памерах (усяго дзве старонкі), ён вылучаецца з шэрагу астатніх сваёй канкрэтнай сувяззю з мінулым Беларусі, бо жыццё яго аўтара праходзіла падчас аднаго з самых драматычных момантаў гісторыі ВКЛ — Лівонскай вайны, з якой звязана  шаснаццацігадовая акупацыя войскамі Івана IV Полацка, пад якім знаходзіліся маёнткі Аляксандра Гарабурды, — расказвае Бобрык.

З тастамента можна даведацца, што Аляксандр быў у маскоўскім палоне, рана страціў бацькоў і яшчэ не паспеў стварыць уласную сям’ю. Таму ён, адчуваючы хуткую смерць, завяшчае ўсю нерухомую маёмасць у Полацкай зямлі дзядзькам Міхаілу і Лукашу. А астатняя маёмасць “вышодши с того везеня неприятелского не мел, есми кгды ж при взятю замку Полоцкого вся маетность моя через неприятеля г(о)с(по)д(а)рского московского забрана и посягнена”.

“Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI стагоддзя” карысныя не толькі нейкімі канкрэтнымі гістарычнымі звесткамі. Чытаючы завяшчанні людзей, якія жылі шмат стагоддзяў таму, пачынаеш задумвацца пра ўласнае жыццё, пра тое, што нас чакае пасля смерці і ці не робім мы чагосьці, пра што нам, магчыма, прыйдзецца, як і многім з аўтараў тастаментаў, шкадаваць у апошнія хвіліны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter