Каму – бульба, каму – парасяты

Прадукцыю на самы розны густ і таўшчыню кашалька прапаноўвалі спажыўцам больш чым у 180 кропках выязнога гандлю.

У мінулую суботу гомельскія плошча Паўстання і вуліца Перамогі некалькі змянілі сваё паўсядзённае аблічча. Яшчэ ў прыцемках на кірмаш пачалі з’язджацца аўтамашыны з гароднінай, садавінай, іншымі харчовымі і прамысловымі таварамі.

Прадукцыю на самы розны густ і таўшчыню кашалька прапаноўвалі спажыўцам больш чым у 180 кропках выязнога гандлю. Бульба і цыбуля, морква і буракі, капуста і яблыкі хутка знаходзілі сваіх пакупнікоў.

Усё гэта можна было набыць па даволі прымальным кошце.

 Актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх восеньскіх кірмашоў з’яўляюцца гаспадаркі Буда-Кашалёўскага, Гомельскага і Жыткавіцкага раёнаў, паведамілі ў прэс-службе абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню. Калі гароднінаводчыя прадпрыемствы КСУП “Брылёва”, “Цяплічнае”, “Камбінат “Усход” і іншыя змагаліся за спажывецкі попыт якаснай прадукцыі з уласных палёў і цяпліц, то перапрацоўчыя цэхі КСУП “Зара”, “Новы шлях”, ААТ “Тураў”, “Агракамбінат “Паўднёвы”, “Саўгас-камбінат “Сож”, СВК “Урыцкае” ў шырокім асартыменце прапаноўвалі кансервы, мясную вэнджаніну і паўфабрыкаты, кулінарныя вырабы. А ў гандлёвых кропках трох рыбгасаў Жыткавіцкага раёна не толькі прадавалі жывую рыбу, але і частавалі духмянай юшкай.

На абласным кірмашы можна было набыць парасят, саджанцы пладовых дрэў і кустоў, камбікармы.

Гаспадаркі Гомельшчыны падчас восеньскага гандлёвага марафону ўжо рэалізавалі прадукцыі больш чым на 4 мільярды рублёў, у тым ліку толькі ў абласным цэнтры — на 1,5 мільярда.

Анатоль ЦЫБУЛЬКА, “БН”

НА ЗДЫМКУ: у час абласнога сельскагаспадарчага кірмашу.

Фота Сяргея АРЦЁМАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter