Камп’ютэр? Камп’ютар! А можа, кампутар?!

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У адрозненне ад літары о, напісанне якой адназначна акрэслена новай рэдакцыяй правіл, правапіс літары э будзе выклікаць шмат пытанняў і ў будучых пакаленняў. Бо тут можа мець месца суб’ектыўны фактар, які пры пэўных умовах прарасце буйным цветам. Маю на ўвазе традыцыю вымаўлення, якую фарміруем мы з вамі, носьбіты мовы. Што такое традыцыйнае вымаўленне? Гэта тое, што не паддаецца сучасным законам, а значыць, можа трактавацца згодна з моўным густам той ці іншай асобы.
Літара э з’явілася ў беларускіх тэкстах у канцы XV ст., а само яе ўзнікненне ў нашай мове звязваецца з запазычаннямі. Дарэчы, ёсць меркаванне, што ў рускую мову яна прыйшла праз беларускую. Так, Традзіякоўскі ў працы “Размова пра арфаграфію” ўказвае на вынаходніцтва яе Мялеціем Сматрыцкім. Як гэта і водзіцца, прызнанне новай літары ішло цяжка. Яе называлі і “уродом”, і “бездельной”, і “противнейшей”, а часам лічылі “повреждением кириллицы”. Але гэта ўсё ў мінулым. У іншых сучасных славянскіх кірылічных алфавітах гэтая літара не выкарыстоўваецца.

Сёння напісанне э ў спрадвечнабеларускіх словах не выклікае цяжкасцей, бо яно падлягае закону акання: літара э пішацца пад націскам, ненаціскное э пераходзіць у а: стрэхі — страха, шэры — шарэць, чэргі — чарга, крэмль — крамлёўскі, жэмчуг — жамчужына, жазло, жарала, шаптаць і інш. Калі словы даўно трапілі ў беларускую мову і з’яўляюцца высокачастотнымі ва ўжытку, то маюць шанец падпарадкавацца агульнаму правілу. Традыцыйна такія словы называюць даўно запазычанымі: арэнда — арандаваць, майстэрня — майстар, адрас, габраістыка, галантарэя, далікатны, літара, літаратура, лямант, латарэя, момант, рамонт. Як бачым, назіраецца тэндэнцыя да паступовага пераходу э не пад націскам у а нават у словах запазычаных, што і павінна адбывацца: з цягам часу запазычанае слова падпарадкуецца законам мовы, у якую патрапіла. Таму ў новай рэдакцыі правіл зафіксавана норма: ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання — пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапав?ец, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чал?юскін, транслітарацыя. Сюды ж можна аднесці і наступныя імёны ўласныя: Гашак, Праабражэнскі, Чалябінск, Чаркасы, Чачэнія, Шаліхін, Шарамецьеў.
У пачатку запазычаных слоў э пішацца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя.
На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імёнаў і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вердэ, Душанбэ, Сан-Тамэ; але: сальта-мартале, філе, камюніке, піке.
Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, інтэрнэт пішуцца з літарай э, а словы мед?аль, менеджмент, нервы, парл?амент, перспектыва, газета, сервіз — з літарай е.
Вызначыць нюансныя заканамернасці вымаўлення даволі цяжка, асабліва калі гэта датычыць мяккіх і цвёрдых зычных. Адзначым адно: у беларускай мове вымаўленне э ў словах іншамоўнага паходжання дакладна не рэгламентавана. Дарэчы, як і ў рускай. Звяртае на сябе ўвагу толькі тая акалічнасць, што ў параўнанні з рускай у роднай мове літара э адпавядае і напісанню, і вымаўленню.
У новай рэдакцыі правіл напісанне э ў запазычаннях значна пашыраецца. Напрыклад, на сёння існуе два варыянты: інтэрнэт і інтэрнет, экзэмпляр і экземпляр, тунэль і тунель. Паводле правапісных удакладненняў, перавага, як бачым, аддаецца літары э.
Трэба заўважыць, што ў некаторых запазычаных словах ненаціскны спрадвечны [э] перадаецца праз ы: брызэнт, дрызіна, інжынер, канцылярыя, рысора, цырымонія. Тое ж назіраецца ў беларускіх прозвішчах, утвораных ад імёнаў іншамоўнага паходжання на -эй: Андрыеўскі ад Андрэй, Кірыеўскі ад Кірэй.
У перадачы акання на пісьме ў правілах было зроблена даволі істотнае ўдакладненне. Яно датычыць ненаціскных -эль, -эр. Своеасаблівым штуршком да выяўлення гэтай праблемы стала моднае на сёння слова камп’ютэр (з англійскай computer — “вылічальнік”). З аператыўным пашырэннем слова, як і распаўсюджаннем самога камп’ютэра, звязваўся арфаграфічны і вымаўленчы разнабой: камп’ютэр — камп’ютар — кампутар. Ужо гаварылася пра тое, што запазычанае слова мае пагрозу быць адаптаваным і падпарадкаваным законам той мовы, у якую яно патрапіла. Асабліва калі яно становіцца высокачастотным ва ўжытку. Мы сталі сведкамі той з’явы, што ненаціскныя фіналі
-эль, -эр усё часцей сталі падлягаць аканню. Гэта актыўна адлюстроўвалася ў друку, нават у падручніках, што стала заканамерным крокам засваення запазычаных слоў роднай мовай. Адсюль натуральнай выглядае норма ў новай рэдакцыі правіл: ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як
-аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп’ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсв?ітар. Выключэнне было зроблена для ўласных імёнаў: ненаціскныя фіналі -эль,
-эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр. Думаю, што і гэтае выключэнне прамежкавае ў поўным пераходзе да канцавых -аль, -ар ва ўсіх словах і было пакінута ва ўгоду суб’ектыўным меркаванням.

Зазначу, што новаўвядзенне прывядзе да ўзнікнення поўных амонімаў: катар ‘тып судна’ і ‘насмарк’; статар ‘палова унцыі, манета’ і ‘частка электрарухавіка’. З’явяцца амафоны (словы з аднолькавым гучаннем, але розным значэннем): катар ‘тып судна’ і Катар (дзяржава ў Азіі), а таксама амографы (словы з аднолькавым напісаннем, але розным значэннем): л?іхтар ‘тып баржы’ і ліхтар ‘асвятляльная прылада’, педаль ‘судовы служка’ і педаль (веласіпеда). Але гэта натуральная для мовы справа, і асабліва хвалявацца няма падстаў.

Прапануем да новага правіла пералік слоў, якія яно закране: адаптар, азотабактар, альма-матар, альтар эга, аўтагрэйдар, аўтсайдар, афрыкандар, бартар, бараль, баўар, блістар, брандмаўар, брандар, бранякатар, брудар, брыдаль, брыдар, брэкватар, бустар, вакодар, вальтар, ватар, відэарэкордар, віндроўар, вінчэстар, газгольдар, гальванакаўтар, гангстар, гастарбайтар, гелертар, гендар, гетар, грундар, грэйдар, гунтар, дрыфтар, дрэгстар, дыптар, дэбаркадар, дэтандар, дэфібрар, кагерар, калеоптар, катэтар, каўтар, кікстартар, кільватар, кластар, клафтар, кратар, крофтар, кутар, лідар, лістар, манадэтандар, маркшэйдар, мерталь, мідаль, містар, міталь, ордар, паліптар, патар, патэрностар, перыптар, пойнтар, польдар, портар, правайдар, протапрэсвітар, псеўдадыптар, псеўдаперыптар, ротэнфюрар, рутар, рэйдар, рэйсфедар, рэкордар, рэпетытар, світар, сэтар, скватар, скутар, спічрайтар, спрынтар, стартар, статар, стэндар, сфінктар, тайм-чартар, трансмітар, трэйдар, тэлетайпсетар, тэндар, тэрмакаўтар, уітлендар, унтар, фарватар, фідаль, фідар, філістар, фінішар, фламастар, флатар, фолдар, форталь, фотасетар, фотаэмітар, фрыгольдар, фрытрэдар, фухталь, фюрар, хескер-шрэдар, цугундар, чартар, чэстар, шарфюрар, шрэдар, штабсшарфюрар, штатгальтар, штурмбанфюрар, экспандар, эмітар, эспандар, юпітар.

 Зваротная сувязь

Аўтарам правіл трэба было б прасунуцца крыху далей. Напрыклад, унармаваць у правілах выкарыстанне (а больш правільна — невыкарыстанне) суфіксу -ір-/-ыр- аналагічна -ірава-/-ырава-. Напрыклад, заўсёды пісаць “фармулёўка” замест “фармуліроўка”. Калі мы будзем зноў пераглядаць правілы?
Nikitas

— На сёння правільна: фармулёўка. Абысціся без дзеяслоўнага суфікса -ірава- (-ырава-) не так лёгка ў наступных выпадках: калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць — буксаваць, парадзіраваць — парадаваць, візіраваць — візаваць, будзіраваць — будаваць, газіраваць — газаваць, камандзіраваць — камандаваць, пазіраваць — пазаваць, пасіраваць — пасаваць, тушыраваць — тушаваць, парыраваць — параваць, паніраваць — панаваць, фарміраваць — фармаваць, апаніраваць — апанаваць;
калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць і інш.;
калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць.
Дапускаецца ўжыванне дзвюх форм: дэмаскіраваць — дэмаскаваць, акупіраваць — акупаваць, курсіраваць — курсаваць, калькіраваць — калькаваць, базіраваць — базаваць.
Наконт наступнай рэдакцыі правіл. Думаю, яна будзе не хутка. Асабліва пасля прыняцця правіл такім заканадаўчым актам, як закон. Ды і мяняць часта арфаграфію нельга. У гісторыі існуе шмат прыкладаў, калі арфаграфія доўгі час увогуле не кранаецца. Класічны — англійскі правапіс, які кардынальна не мяняўся з XIV стагоддзя. З аднаго боку, гэта вельмі добра, бо забяспечвае пераемнасць і паслядоўнасць выкарыстання правіл многімі пакаленнямі англічан. Але з другога — стварае пэўныя цяжкасці, сутнасць якіх можна праілюстраваць вядомым афарызмам: “Пішацца Манчэсцер, а чытаецца Ліверпуль”. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, больш  адчувальны да змен у мове. З гэтым і звязваюцца параўнальна частыя ўдакладненні (рэформа 1933-га, удакладненні 1959-га). Але ўсё патрабуе меры...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter