Пуховичская центральная районная библиотека установила на крыше солнечные батареи

Камп'ютар падсілкуе энергія сонца

На даху Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, што ў Мар’інай Горцы, з’явіліся сонечныя батарэі
Сёння энергазберагальнай лямпачкай мала каго здзівіш — яны ёсць практычна ў кожным доме. Мы дакладна ведаем, што і прапрацуе такая прылада даўжэй за звычайную, і энергіі выдаткуе менш. А такім чынам, зэканоміць грошы. У цэлым праблема беражлівых адносін да энергіі ў нас, як у краіны, небагатай на карысныя выкапні, даўно набыла рэспубліканскі статус.


Аказваецца, уклад у агульную справу можа ўнесці нават бібліятэка. І прыклад таму Пухавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка, што ў Мар’інай Горцы, на даху якой не так даўно з’явіліся сонечныя батарэі на 750 ват. Цікава, што энергіі сонца хопіць на працу новых эканамічных камп’ютараў, якія зусім хутка будуць даступныя кнігалюбам. Сучасныя нэттопы памерам з каробку пячэння затрачваюць усяго 8 супраць традыцыйных 60 ват, неабходных для працы звыклага нам камп’ютара.

Сутнасць гэтай навінкі ў першую чаргу адукацыйная. «Ідэя ўстаноўкі сонечнай батарэі не атрыманне прыбытку ад продажу электраэнергіі з павышаючым каэфіцыентам, — кажа прадстаўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў, аднаго з рэалізатараў праекта, Дзмітрый Буронкін. — Сутнасць у тым, каб людзі, якія прыходзяць у бібліятэку, бачылі, што гэтая тэхналогія працуе. Таму што ў Беларусі часцяком самай вялікай перашкодай для развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі становіцца недавер людзей».

Па заслугах ацаніла ідэю дырэктар Пухавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Бародзька: «Мы рады ўдзельнічаць у такім праекце і несці ідэі энерга-зберажэння людзям. Плануем два нэттопы пакінуць у цэнтральнай бібліятэцы і яшчэ адзін перададзім у дзіцячую. Няхай хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёмяцца з навінкамі тэхнікі. У цэлым жа разлічваем, што праект дазволіць нам эканоміць энергію, а тым самым і бюджэтныя сродкі, што для нас таксама немалаважна».

Зрэшты, сутнасць праекта, на рэалізацыю якога спатрэбілася крыху больш за год і які фінансаваўся ЕС і Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця SIDA, значна шырэй. І ўдзельнічаюць у ім тры гарады: Мар’іна Горка, Браслаў і Шчучын. Мэта — падрыхтоўка мясцовых энергетычных планаў для кожнага з населеных пунктаў. І не на бліжэйшыя год-два, а на дзесяцігодку.

Па словах Дзмітрыя Буронкіна, пачалося ўсё з даследавання. Грамадзяне разам з навукоўцамі з Інстытута энергетыкі Акадэміі навук прааналізавалі ўзровень спажывання энергіі ў самых розных сферах эканомікі рэгіёнаў. «Мы высветлілі, што вялікі патэнцыял энергаспажывання знаходзіцца ў руках насельніцтва, — кажа эксперт. — Акрамя таго, пралічылі тры сцэнарыі, па якіх у бліжэйшай будучыні могуць развівацца падзеі. Першы — калі ўсё застанецца як ёсць, другі — калі ўдзел у энерга-зберажэнні будуць прымаць толькі дзяржструктуры, і трэці — калі да ўсёй гэтай працы падключыцца і насельніцтва. Напрыклад, сама-стойна замяняючы лямпы на энергазберагальныя, уцяпляючы прыватныя дамы, усталёўваючы на іх сонечныя калектары і г.д. Дарэчы, мы высветлілі, што ў апошнім выпадку энергаспажыванне можна знізіць утрая».

Даследчыкі паспрабавалі адказаць на пытанне, як, у прыватнасці, для Пухавіцкага раёна знізіць выкіды СО2 на 20 працэнтаў, паколькі гэты паказчык цесна звязаны з паняццем энергазберажэння. Таксама на 20 працэнтаў знізіць спажыванне традыцыйнай энергіі, на 40 працэнтаў у агульным энергабалансе павялічыўшы долю аднаўляльных крыніц энергіі.

Для Пухавіцкага раёна за базавы браўся 2010 год. Гаворка ішла не проста аб латанні дзiрак, а аб глабальным вырашэнні праблемы. Напрыклад, шляхам будаўніцтва біягазавых станцый, устаноўкі сонечных калектараў, уцяплення будынкаў, а таксама ўдзелу ў міжнародных праектах, пошуку інвестараў. Былі распрацаваны магчымыя праекты па будаўніцтве энергазберагальных аб’ектаў, бо значна прасцей шукаць грошы пад ужо гатовы бізнес-план. Дарэчы, па словах эксперта, названыя тры праекты акупяцца на працягу дзесяці гадоў, што робіць іх прывабнымi для інвестара.

Зрэшты, калі многія з пунктаў энергазберагальнага плана пакуль яшчэ чытаюцца ў будучым часе, то, акрамя сонечных калектараў і камп’ютараў, шэраг населеных пунктаў — удзельнікаў праекта атрымалі і іншыя важныя вынікі. У прыватнасці, Браслаў і Пухавіцкі раён далучыліся да еўрапейскага руху — Пакта мэраў, які дазваляе прыцягваць і іншыя міжнародныя сродкі і інавацыйныя тэхналогіі на рэалізацыю энергазберагальных ініцыятыў. У цэлым ад Беларусі да пакта далучыліся 10 гарадоў, і ў краіну на добрую справу паступіла ўжо больш за 2,5 мільёна еўра.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter