Па маршруце з Гомеля ў Мінск пачаў хадзіць новы сучасны электрапоезд InterCity

Камфорт і хуткасць — важныя складнікі

Па маршруце з Гомеля ў Мінск пачаў хадзіць новы сучасны электрапоезд InterCity. Ён першапачаткова разлічаны на перавозку пасажыраў паміж абласнымі цэнтрамі і сталіцай.


Электрапоезд бізнес-класа InterCity пачаў курсіраваць паміж Гомелем і Мінскам

Новы фармат паса­жырскіх перавозак у першую чаргу вызначаюць павышаны камфорт і высокія хуткасці. На дарогу InterCity трэба ўсяго 2 гадзіны 59 хвілін (раней яна займала на 45 хвілін больш). Сам састаў сабраны на заводзе “Штадлер Мінск” у Фаніпалі. І хоць пасажырам ужо добра знаёмыя новыя электрапаязды “Штадлер”, зялёны InterCity вылучаецца. У ім больш вагонаў — 7. 382 месцы, прычым 16 — сапраўдны бізнес-клас, у асобнай зоне ў першым вагоне, з куды больш зручнымі крэсламі.

Зрэшты, і астатнія сядзенні пры жаданні можна адрэгуляваць пад свой густ, а па ўсім саставе даступны бясплатны Wi-Fi і забяспечваецца камфортная тэмпература прыкладна ў 22 градусы. У сярэдзіне поезда — невялікі бар з напоямі і лёгкімі закускамі. Таксама бармэн можа прайсціся з каляскай па салоне. Ёсць і шматфункцыянальная зона для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а да перона з дзвярэй высоўваецца пандус, па якім заехаць у поезд можна без старонняй дапамогі. Пералічваць тэхналагічныя новаўвядзенні можна доўга. Цеплавая заслона на ўваходзе, каб салон не ахалоджваўся ўзімку. Адчувальная электроніка ў дзвярах, якую нават выстаўлены мезенец прымусіць спыніцца. У кабіне ж машыністаў — амаль ніякіх кнопак, мінімум рычагоў і тры вялікія маніторы. Інфармацыя пра тэхнічны стан поезда, неабходнае абслугоўванне аддалена перадаецца спецыялістам з сэрвіснага цэнтра. Кіраванне цалкам камп’ютарызавана, расказвае ма­шыніст электрапоезда Андрэй Бітус:

— Прыборы кіравання размешчаны так, што я, не робячы ніякіх дадатковых рухаў, магу кіраваць і кантраляваць работу поезда. Дзякуючы сістэме дыягностыкі на маніторы тут жа з’яўляецца паведамленне пра любую няспраўнасць, прычым камп’ютар падказвае, што можна зрабіць у такой сітуацыі. Як правіла, дастаткова націску адной кнопкі, гэта значыць машыніст дае каманду сістэме, каб яна ўхіліла няспраўнасць.

Ні Андрэю, ні памочніку машыніста Дзмітрыю Галубовічу раней не даводзілася адкрываць новы маршрут. Безумоўна, гэта выклікала пэўнае хваляванне. Але сам поезд для іх ужо не ў навінку — брыгада прайшла навучанне на заводзе-вытворцы.

Антон Касцюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter