Четыре литра против пяти: мы проверили, сколько черники можно насобирать вручную и при помощи комбайна за отведенное время

Камбайн на лясной паляне

На кірмашах усё часцей сустракаюцца лясныя дары. У гэтым сезоне для аматараў паласавацца дзікарослымі ягадамі зрабілі шмат уступак: па сутнасці, для iх зняты ўсе забароны. Палёгкай для збіральнікаў стане магчымасць карыстацца спецыяльнымі тэхналагiчнымi памочнікамі — камбайнамі, ці спецыяльнымi грабёнкамі для збору ягад. Карэспандэнт «Р» адправілася ў лес і праверыла, як хутчэй і якасней назбіраць поўнае вядро чарніц — уручную ці з дапамогай прыстасавання.  

За пяць гадзін разам з Марыяй Дзмітрыеўнай назбіралі каля 9 літраў чарніц.Фота Таццяны ШЫМУК.
Пошукі запаветнай прылады

Адразу пачну з чыстасардэчнага прызнання: камбайнам, ці грабёнкай для збору ягад, я ніколі не карысталася. Памятаю, як у дзяцінстве часцяком выпраўляліся з бацькамі ў невялічкі лясок за бабулінай хатай. Тады для мяне паход асацыіраваўся з маленькім падарожжам: гэтак жа нова і захапляльна. А ручное напаўненне слоікаў ягадамі здавалася зусім не манатоннай справай, а адпачынкам. Цікава, што я скажу зараз, праз столькі гадоў?

Справа ў тым, што з цягам часу наш лес стаў сумна вядомы дзікамі, якія не надта добразычліва ставіліся да людзей. На вочы ім лепш было не трапляцца. Так нашы сямейныя экскурсіі ў дзікую прыроду і скончыліся. З той пары пабываць у лесе мне так і не давялося.

Калі даведалася пра эксперымент, які мне належала ажыццявіць, вырашыла адназначна: працаваць з грабёнкай паспрабую я сама. Калі яшчэ атрымаецца спазнаць такое? Доўга не думаючы, пачала шукаць прыладу для збору ягад cярод родных і блізкіх. На дзіва, ніводны чалавек з бліжэйшага акружэння не дапамог у гэтай справе.

Аднак здавацца не збіралася. На мой запыт у інтэрнэце «куплю камбайн, ці грабёнку для збору ягад» адгукнуліся некалькі інтэрнэт-магазінаў. Выбрала найбольш аптымальны па кошце варыянт пластыкавага камбайна за 8 рублёў і заказала дастаўку яго дадому (гэта яшчэ дадатковыя 5 рублёў). Не паспела націснуць «купіць», як мяне спыніў калега. Аказалася, у яго дома ёсць металічная грабёнка: прылада, правераная часам, засталася нашчадку ажно ад прабабулі. І ён не супраць ёю падзяліцца на пэўны час.

— Галоўнае, вярні цэлай і спраўнай, усё ж такі сямейная рэліквія, — з такім пажаданнем калега выправiў мяне ў лес.

Людзі на балоце?

Хуткая электрычка давозіць мяне да чыгуначнай станцыі Беларусь, што ў гістарычна знакамітым Заслаўі. Тут на машыне сустракае добрая знаёмая. Трэба праехаць каля пяці кіламетраў, каб апынуцца ва ўтульнай маляўнічай вёсцы Малая Валоўшчына. У гэтых мясцінах мы і правядзём конкурс на лепшага збіральніка лясных дароў. А канкурэнцыю мне складзе маці маёй знаёмай Марыя Лук’яненка — сапраўдны майстар па зборы ягад. Яна будзе працаваць па класiчнай тэхналогii — уручную. Я ж, як і гаварыла, узбройваюся грабёнкай. Засяклі час на гадзiннiку — i пачалi!

— У нас мясцовасць цудоўная, уся ў лясах. На жаль, была такая суш, таму ягад у гэтым годзе няшмат. Збіраць лепш вось тут, у нізіне, дзе забалаць. Тут ягады растуць лепш, бо падсілкоўваюцца грунтавымі водамі, — адкрывае мясцовыя сакрэты Марыя Дзмітрыеўна, пакуль шпарка перабірае рукамі пад кустом маладога чарнічніку. — Ведаеце, сама я з Гомельшчыны. Там, дзе жыла ў дзяцінстве, побач не было лясоў, адны сады і бярозавыя гаі. Таму не было магчымасці бавіць час у лесе, збіраць ягады і адначасова атрымліваць асалоду ад мноства разнастайных пахаў і яскравых карцін. Вось я і цешуся гэтым цяпер.

Пакуль вядзём павольную гутарку пра жыццё, дно майго вядзерца непрыкметна засыпаецца чорнымі ягадамі ўпярэмешку з зялёнымі лісцікамі i маленькiмi галінкамi. У Марыі Дзмітрыеўны яшчэ віднеюцца белыя плямы на дне вядра, а значыць, у яе справа ідзе марудней, што не можа мяне не радаваць. Аднак ягады ў яе, як ні круці, чысцейшыя, без смецця і лісця.  

— Я разы два за ўсё жыццё збірала ягады з дапамогай такога камбайна, — да размовы падключаецца родная сястра Марыі Ніна Трухан. — Насамрэч апусташаць кусты ад ягад атрымліваецца не нашмат хутчэй. А калі ўлічваць час, патрачаны на перабіранне ад смецця і лісця, то тое на тое і выходзіць. Да таго ж часцяком пад зубы грабёнкі трапляюць яшчэ зялёныя ягады. А хтосьці яшчэ мог бы паласавацца імі праз пэўны час.         

Пад канец ляснога эксперымента сапраўды стамляюся. За пяць гадзін бесперапыннай працы з камбайнам цалкам напаўняю пяцілітровае вядзерца чарніцамі. На гэты момант такая ж ёмістасць Марыі Дзмітрыеўны яшчэ не запоўнена да краёў — у вядры каля чатырох літраў ягад. Ці варта мая перамога прызнання — пытанне спрэчнае. Сама адчуваю, што за гэтыя пяць гадзін я добра знішчыла чарнічнік. Ад гэтага неяк прыкра на сэрцы: вядома, што куст чарніц расце каля дзясятка гадоў, перш чым даць ягады.     

— Сёння мы патрапілі на малады чарнічнік — ягадкі буйныя, чыстыя. А вось учора былі ў іншым месцы. Бачна, што ў мінулым годзе там ягады выграбалі гэтымі камбайнамі: кусты стаяць напалову без лісця, а на іх усяго па 4—5 ягадак, не больш. Кусты вось-вось загінуць, бо без лісця няма за кошт чаго сілкавацца, — малюе зусім непрыемную, але праўдзівую карцінку Марыя Дзмітрыеўна.     

Пасля збору з дапамогай грабёнкі ягады трэба вельмі доўга перабіраць: на адзін літр ідзе каля гадзіны.Фота аўтара.

Палёгка для кішэні

За апошнія два гады Любоў Хатэнка была ў чарніцах двойчы. І кожны раз збірала ягады з дапамогай камбайна. Справа ў тым, што ў мінулым жанчына атрымала сур’ёзную траўму рукі. Цяпер яна не пераносіць вялікіх нагрузак. У выніку за тры гадзіны інтэнсіўнай працы з дапаможнай прыладай у ёмістасці ажно 6 літраў ягад.   

— Я не жыла каля лесу і ніколі не збірала дзікарослыя ягады ўручную. Зараз мне, каб даехаць да бліжэйшага вялікага лесу, трэба пераадолець шлях у пяцьдзясят кіламетраў. І гэта ў Слуцкім раёне, — расказвае пра свой вопыт збору лясных дароў Любоў. — Камбайн у мяне металічны, старадаўні. Ягады ён асабліва не псуе, калі збіраць асцярожна. Аднак потым чарніцы трэба вельмі доўга перабіраць ад смецця: на адзін літр ягад ідзе яшчэ каля гадзіны.        

Жанчына ўпэўнена, што часцей камбайны ідуць у ход, калі чарніцы рыхтуюцца на продаж. Такія памочнікі значна эканомяць час гандляроў, аднак за якасць ягад ніхто не ручаецца.  

КАМПЕТЭНТНА

Уладзімір МІЦКЕВІЧ, кіраўнік аддзела рэалізацыі лесапрадукцыі Мінлясгаса:

— З 29 сакавіка гэтага года набыла ciлу пастанова Міністэрства лясной гаспа­даркі «Пра збор дзікарослых ягад». Дакументам зацверджана інструкцыя пра спосабы і прыстасаванні для збору і нарыхтоўкі дзікарослых ягад у лясным фондзе. У прыватнасці, у пункце 7 прапісана, што «прыстасаванне для збору дзікарослых ягад складаецца з зубоў, ёмістасці наза­пашвальніка, трымальніка (ручкі) і адказвае наступным патрабаванням: адлегласць паміж зубамі складае не менш за 0,5 см; корпус прыстасавання і зубы вырабляюцца з пластмасы, металу, драўніны, гумы ці іх камбінацыі; у прыстасаваннях адсутнічаюць рэзальныя краі ў зоне зрывання ягад». Дадзеныя патрабаванні распрацаваны дзеля недапушчэння пашкоджання частак парасткаў дзікарослых раслін. А патрабаванні да матэрыялаў прыстасавання былі зацверджаны зыходзячы з вопыту іншых краін, а таксама з магчымасцей вытворцаў дадзеных прыстасаванняў.

У інструкцыі таксама прапісана, што пры зборы чарніц і дурніц прыстасаванне варта скіроўваць пад вуглом да верхняй часткі куста, прытрымліваць парасткі свабоднай рукой, сцерагчыся пападання ў грабёнку тоўстай ніжняй часткі парастка. Пры зборы журавін прыстасаванне трэба скіроўваць па паверхні моху і парасткаў журавін. Апрача таго, грамадзянам рэкамендуецца весці збор толькі спелых ягад у перыяд іх масавага паспявання ў сухое надвор’е, пасля сыходу расы, бо гэта зніжае верагодасць адрыву лісця.

Такім чынам, прынятая пастанова будзе спрыяць стварэнню дадатковых умоў для павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі дзікарослых ягад у нашай краіне і эфектыўнага выкарыстання лясной прадукцыі.

veronulas@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter