Камарынская вясна

Камарын: з відамі на Чорнае мора

САМАЕ паўднёвае беларускае мястэчка Камарын, размешчанае на правабярэжжы Дняпра, упершыню пісьмова ўзгадваецца ў ХIV cтагоддзі як паселішча гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Адзначана яно і ў Літоўскай метрыцы 1449 года. У розныя перыяды ім валодалі князь Іерамій Вішнявецкі, магнаты Канецпольскія, ад якіх уладанне перайшло Аляксандру Бан- дзінелі, а потым шляхціцам Ракіцкім, ад якіх — купцу Каноплічу. На рачной прыстані спыняліся гандлёвыя судны, ладзіліся кірмашы. 


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерніі. У цэнтры яго паўстала царква, якая стала помнікам палескага дойлідства, дзейнічалі дзве скураапрацоўчыя майстэрні, адкрылася пошта. 

Пасля ўстанаўлення савецкай улады ў 1926 годзе ўтвораны Камарынскі раён, які ў 1962-м быў далучаны да Брагінскага раёна. У даваенны перыяд тут дзейнічалі дзве школы, хата-чытальня, бібліятэка, бальнічны ўчастак, ветпункт, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельгаскрэдытнае прадпрыемства, маслазавод, кузня, друкарня, цагельна-ганчарны і сенапрэсавальны заводы, шавецкая і кравецкая майстэрні, будаўнічая арцель, пякарня, вятрак, конны млын, ваўначоска. Выходзіла раённая газета.

Ветэран вайны і працы Вольга КАПЫЦЬКО

Зведала мясцовае насельніцтва жорсткасць ваенных падзей мінулага стагоддзя. За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі сотню мірных жыхароў, памяць аб якіх ушанавана помнікамі. 

23 верасня 1943 года Масква салютавала аб вызваленні першага беларускага раён- нага цэнтра – Камарына. Аднавілі сваю дзейнасць лясгас, сельгаспрадпрыемства, якое рэарганізавана ў ААТ “Камарынскі”. У 1959 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. 

Намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Мікалай ЯШЧУК і старшыня сельвыканкама Віктар СВІСЛОЎСКІ

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў час масавага наступу на палескія балоты адкрылася прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Цяжкім выпрабаваннем для камарынцаў стала катастрофа на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Гарпасёлак прыняў жыхароў з забруджаных радыяцыяй суседніх вёсак. Адкрыўся ўчастак “Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запавед- ніка”, спецыялісты якога вядуць маніторынг асяроддзя. Дзейнічаюць памежны і водна-выратавальны пасты, участак электрасетак Бра- гінскага раёна, сацыяльна-бытавыя ўстановы.

Галоўны аграном ААТ “Камарынскі” Аляксандр ПЕТРУНЕНКА

ПТУШЫНЫМ зычным шматгалоссем сустрэў, патанаючы ў квецені садоў, Камарын, куды мяне прывяла чарговая вандроўка. Менавіта ў гэтым куточку Палесся найбольш сонечных дзён. Неаднойчы даводзілася бываць тут. 

Карані Тамары і Міхаіла НІКІЦЮКОЎ у Камарыне

За шырокім разлівам магутнага Дняпра пачынаецца ўкраінская палеская нізіна. Бетонны мост перакінуты праз раку на аўтатрасе з Мазыра ў Чарнігаў. Некалькі разоў на тыдзень курсуюць аўтобусы да суседніх украінскіх гарадоў. Рэгулярны аўтамаршрут звязвае Камарын з беларускай сталіцай. Каля вёскі Галубоўка перасякае магістраль электрыфікаваная чыгунка з украінскага горада Славуціч да Чарнобыльскай атамнай станцыі, па якой рэгулярна транзітам імчаць саставы. Наладжаны і рух электрацягніка з Чарнігава да беларускай чыгуначнай станцыі Ёлча, што за некалькі кіламетраў ад былога райцэнтра. Да чарнобыльскай катастрофы спыняліся ля камарынскага берага Дняпра ракеты на падводных крылах, якімі можна было хутка даімчаць да Рэчыцы, Гомеля, Мазыра, Кіева. Рачная прыстань прымала і адпраўляла сухагрузы. Па сярэдзіне шырокай воднай плыні пралегла дзяржаўная мяжа. 

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Брагінскага раёна Васіль ШАЙКО і яго аднакурснік Андрэй МЯЛЕШЧАНКА

Намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Мікалай Яшчук, з якім вандравалі па мястэчку, паведаміў пра будаўніцтва рачнога порта для прыёму судоў тыпу “рака-мора” ў суседняй з Камарынам вёсцы Ніжнія Жары. Вызначаны інвестар для фінансавання аб’екта. Сёлета пачнецца паглыбленне рэчышча. Водны маршрут звяжа Беларусь з Чорным морам. У задумках інвестараў – пракладка да рачнога порта чыгункі з Хойнікаў.

Трактарыст Мікалай УДОД

Рачны разліў падтапіў агароды, падворкі. Рака падступіла да векавых дубоў парку. Веснавыя воды Валдая, адкуль бярэ пачатак Дняпро, на шляху да мора захлынулі прыбярэжныя долы. Старшыня сельвыканкама Віктар Свіслоўскі занепакоены, што рачная плынь штогод на дзясятак сантыметраў падмывае камарынскі бераг. Вада прыбывае. Штосутачна ўзровень уздымаецца на чвэрць метра. Вершаліны хмызоў акрэсліваюць рачныя берагі. Затоплены і шчыльна агароджаны падворак Віктара Міхайлавіча, які пажартаваў, што на ноч пакідае раскрытымі веснічкі, каб заходзіла рыба. 

Тамара ЯТЧАНКА на прыёме ў загадчыка ўчастковай бальніцы Юрыя КРЫВАНОСАВА

З вудай каля старой вярбы ўпарта чакаў клёву Мікалай Пупач. Раз-пораз у вірлівай плыні раздаваліся ўсплёскі. Пільна цікуючы за паплаўком, рыбак расказваў пра ляшчоў, язяў, жэрахаў, лінёў, шчупакоў, самоў і іншую рыбу, якую яму ўдавалася тут лавіць. Смажаны лешч ці страганіна з замарожанага сома – мясцовы рыбацкі брэнд. У вольны ад працы час Мікалай Мікалаевіч любіць парыбачыць. Працуе ён у меліярацыйнай арганізацыі, што абслугоўвае гідратэхнічныя збудаванні на акультураных землях. Шмат абноўленых угоддзяў у ААТ “Камарынскі”, якім амаль чвэрць стагоддзя кіруе Рыгор Анапрыенка. Гаспадарка па плошчы — адна з найбольшых у Брагінскім раёне. 

Аператар аддзялення паштовай сувязі Наталля ВАХІЛЬ

ПАЛІ сельгаспрадпрыемства раскінуліся паабапал камарынскай аўтамагістралі. На адным з такіх палеткаў рыхтавалі глебу да сяўбы некалькі сельгасмашын. На ўскрайку прыпыніўся трактар Мікалая Удода. Да чарнобыльскага выбуху ён жыў у вёсцы Чыкалавічы. Цяпер яна за калючым дротам, якім агароджана тэрыторыя радыялагічнага заказніка. У Камарыне сям’я Мікалая Іванавіча, як і іншых аднавяскоўцаў, атрымала новы дом. Сын Уладзімір уладкаваўся ў сталіцы. Аўдавелы гаспадар застаўся ў доме адзін. Побач жывуць бацькі, якім дзявяты дзясятак ідзе. 

Пакуль размаўлялі, пад’ехаў галоўны аграном Аляксандр Петруненка. Гаспадарка вялікая, толькі збожжавых трэба пасеяць звыш 1200 гектараў. Не хапае механізатараў. І на фермах такая ж праблема. Выпускнікі сярэдняй школы, у якой больш за 300 навучэнцаў, з атэстатам сталасці атрымліваюць пасведчанні трактарыстаў-машыністаў, але мала хто застаецца працаваць на зямлі. 

Сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца ў асноўным на вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Штодзённа з сямі ферм адпраўляецца на Хойніцкі сыраробчы камбінат звыш 12 тон малака. 

Маладыя маці Кацярына ДАВЫДЗЕНКА з дачкою Васілінай і Наталля МАРТЫНЕНКА з сынам Радзівонам на прагулцы

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Брагінскага раёна Васіль Шайко, з якім сустрэліся ў райцэнтры, лічыць, што кармавая база ААТ “Камарынскі” дазваляе павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Сёлета пачнецца будаўніцтва малочна-таварнага комплексу на 2000 галоў. 

Па Рэспубліканскай праграме падтрымкі малых гарадоў Камарыну выдзяляюцца сродкі на добраўпарадкаванне вуліц, капітальны рамонт жылых дамоў, дзіцячага саду, Цэнтра культуры і спорту. Пачнецца ўзвядзенне 48-кватэрнага жылога дома, у якім будуць жыць і шматдзетныя сем’і. 

Віктар Свіслоўскі, які тры дзесяцігоддзі кіруе сельвыканкамам, радуецца кожнай новабудоўле ў Камарыне. З дзяржаўнай падтрымкай, што прадугледжана шматдзетным сем’ям, узводзяць катэджы Святлана і Сяргей Максіменкі, Наталля і Уладзіслаў Раманенкі. 

АСАБЛІВУЮ прыгажосць надаюць гарпасёлку сады. Белай пенай квецені красуюць абрыкосы, слівы, вішні. Квітнеючыя дрэвы акружаюць невялікі драўляны домік ветэрана вайны і працы Вольгі Капыцько, якая сустрэла 93-ю вясну. Жыве яна адна. Дапамагае Вользе Іосіфаўне сацработнік Алена Гануш. Наведваюцца сельвыканкамаўскія спецыялісты, школьнікі. Парадак ва ўтульным дворыку, куды завіталі са старшынёю сельвыканкама. З суседняга двара гарланіў галасісты певень. Нястомна кружылі над вішнёвымі дрэўцамі пчолы. Маленькая, зграбненькая гаспадыня шчыра абрадавалася гасцям. Запрасіла ў хату. У светлым пакоі сцены завешаны рамкамі з фотаздымкамі. 

Прыселі на канапу. Гаспадыня акунулася ва ўспаміны. Маладосць яе выпала на ваеннае ліхалецце. Памяць захавала моманты, як савецкія войскі гналі фашыстаў праз Дняпро. Для многіх ворагаў рака стала магілай. 

Восенню 1943 года пасля вызвалення Камарына ад акупантаў сямнаццацігадовай дзяўчынкай яна разам з сяброўкамі-равесніцамі з былой вёскі Лукаеды, якая перайменавана ў Кірава, адправілася на фронт. Ваенныя будні пачаліся ў медсанбаце 181-й  стралковай Сталінградскай ордэна Леніна чырвонасцяжнай дывізіі. Пад бамбёжкамі і варожым абстрэлам выносіла з поля бою параненых, ратавала іх. З вызваленчымі баямі ў складзе дывізіі прайшла Украіну, Польшчу. Трыма падзякамі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Сталіна адзначаны выдатныя баявыя дзеянні пад украінскім Корасценем, пры прарыве абароны праціўніка каля польскага горада Порыцка і за авалоданне нямецкім горадам-крэпасцю Брэслаў. Тут сустрэла радасную вестку пра перамогу. Парадны строй франтавой медсястры Вольгі ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”. 

У ваенным білеце захаваўся запіс камандзіра вайсковай часці маёра Цхаева пра шлюб з радавым Мікалаем Капыцько. Служыў баец у аўтароце – дастаўляў на перадавую боепрыпасы, а адтуль – параненых. Пасля перамогі з мужам адправілася на яго радзіму – у Харкаўскую вобласць. Так з ваенным білетам, у якім пазначаны іх шлюб, і пражылі паўвека. Тры дзесяцігоддзі таму пасля пахавання мужа яна вярнулася з Харкаўскай вобласці ў родныя мясціны. Купіла драўляны домік. 

РОДНЫМ стаў Камарын для выпускніка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юрыя Крываносава, з якім сустрэліся ва ўчастковай бальніцы. Шаснаццаты год ён працуе тут. З першых дзён зачараваў гарпасёлак не толькі прыгажосцю, але і птушыным шматгалоссем. Быццам з усяго свету злятаюцца яны сюды на вясновыя перапевы. Фельдчарам на “хуткай дапамозе” працуе жонка Яна Мікалаеўна. Падрастаюць дочкі Рыма і Адэлія. Юрый Васільевіч загадвае ўчастковай бальніцай. Размясцілася яна ў двухпавярховым будынку былога райкама партыі. Ёсць у гарпасёлку і аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў. 

Адноўлена праваслаўная царква Пятра і Паўла. Амаль кожныя выхадныя пад’язджаюць аўтакартэжы з маладымі парамі да храма. З былых часоў захавалася традыцыя ўпрыгожваць трохраговую галінку дрэва. Маладыя кідаюць яе праз сябе на дах, каб доўгім і трывалым быў шлюб. Мо, дзякуючы такому вясельнаму звычаю тут шчаслівыя сем’і. З кожным годам большае выхаванцаў у дзіцячым садку, у якім зараз іх амаль сто. 

Развітваючыся, старшыня сельвыканкама запрасіў на купальскае свята, якое летам ладзіцца на беразе Дняпра. Збіраюцца госці з Беларусі, прыязджаюць украінцы. Кіеўляне адпачываюць тут. Сельвыканкам падтрымлівае сяброўства з украінскім раённым цэнтрам Міхайла-Кацюбінскае. Запрошаны госці на святкаванне 75-годдзя вызвалення гарпасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое запланавана на пачатак восені. Прыгожа і ладна жывецца ў палескім Камарыне.

Брагінскі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter