Камандзiроўка па запатрабаваннi

— У апошнiя днi снежня 1979 года, — адзначыў у самым пачатку размовы Леанiд Афанасьевiч, — нечакана паступiў званок ад начальнiка аддзела пажарнай службы рэспублiкi Карла Ландзёнка: “Мае адбыцца ўрадавая камандзiроўка ў Польскую Народную Рэспублiку. Будзьце гатовы"...

— У апошнiя днi снежня 1979 года, — адзначыў у самым пачатку размовы Леанiд Афанасьевiч, — нечакана паступiў званок ад начальнiка аддзела пажарнай службы рэспублiкi Карла Ландзёнка: “Мае адбыцца ўрадавая камандзiроўка ў Польскую Народную Рэспублiку. Будзьце гатовы. I самi, i два члены экiпажа турбарэактыўнай устаноўкi па тушэннi газанафтавых фантанаў. Тэрмiнова прадстаўце вашы фотакарткi. А да вечара атрымаеце замежныя пашпарты. Чакайце, нiкуды не адлучайцеся!”

У дзве гадзiны ночы мы на “Зiле-IЗI”, за размешчанай на iм турбарэактыўнай устаноўкай адбылi на Брэст. Па прыездзе ўбачылi, што тут ужо нашы калегi з Палтавы i Сумаў, намеснiк саюзнага мiнiстра геалогii i разведкi Сумбатаў, якi ўзяў на сябе агульнае кiраўнiцтва. Усяго нас да трыццацi чалавек. Каманда: “Пераапрануцца ў цывiльнае адзенне, нiчога з сабой не браць, толькi замежныя пашпарты!” Ну i рушылi на мяжу. Тут сустракаюць нас польскi i наш консулы. Арганiзавалi харчаванне i загадалi ехаць у пасёлак Карлiна, што ў Кашалiнскiм ваяводстве. Гэта амаль ля самага Балтыйскага мора. Сказалi: гарыць газанафтавы фантан i трэба яго патушыць. Маўляў, палякi звярталiся да амерыканцаў, але тыя заказалi такую суму, што давялося адмовiцца ад iх паслуг... Вось тады i папрасiлi дапамогi ў савецкiх пажарных. 

Неўзабаве мы былi на месцы. Нас рассялiлi ў iнтэрнаце, расказалi пра сiтуацыю, якая склалася вакол нафтавай свiдравiны. Але нам хацелася на свае вочы пабачыць, што там робiцца. Факел метраў пад семдзесят вышынёй. Гарыць, шугае, за сотнi тры метраў стаiш у мокрай вопратцы, а праз колькi хвiлiн яна сухая... Вiдовiшча не вельмi прыемнае. Ксёндз водзiць прыхаджан: маўляў, нячыстая сiла вырываецца з зямных нетраў, а трэба было з ёю саўладаць! А тут яшчэ ў Польшчы палiтычная абстаноўка напружаная... 

Узялiся вывучаць абстаноўку, я зрабiў чарцяжы, разлiкi, як “зацугляць” фантан. Панеслi з Сумбатавым усё гэта да польскага начальнiка штаба па лiквiдацыi аварыi Мiлера. Той прагледзеў i застаўся задаволены: “Так хутка зрабiлi?” А мы адказваем: “Час не церпiць. Тым больш чакаецца пагаршэнне надвор’я, дажджы са снегам...” I папрасiлi Мiлера, каб дапамаглi з падрыхтоўчымi работамi, тым жа абвалаваннем месца ўзгарання газанафтавага фантана, бо, апрача ўсяго, нафта можа трапiць у блiжэйшую рачулку i далей у мора... 

Праўда, на наступны дзень прыслалi ваенных нам у дапамогу. Дзе тэхнiкай, дзе звычайнай рыдлёўкай зрабiлi абвалаванне тэрыторыi ў радыусе 150 метраў, яшчэ ўмацавалi мяшкамi з пяском, каб не размыла дажджамi. Падвялi трубаправод, устанавiлi помпавую станцыю, выканалi яшчэ шэраг работ. Спяшалiся, бо Сумбатаў штодня трымаў справаздачу перад нашым урадам за вынiкi работы. Строгi кантроль вёўся – гэта ж аўтарытэт дзяржавы. Тыдзень мiнуў. Я цяпер большай часткай займаўся з польскiмi пажарнымi, якiя павiнны былi дапамагаць нам: падаваць ваду на фантан, каб зменшыць яго тэмпературу, на тэхнiку, людзей. I што рабiць потым, калi патушым фантан, каб ён зноў не ўспыхнуў. Усё да дробязей пралiчвалi. Вопыт у мяне быў. Я тушыў фантаны ў раёне нашых Асташкавiчаў, у iншых месцах. 

Узняўшы факел да ста метраў, праводзiлi трэнiроўкi, выпрабоўвалi тэхнiку. Як раптам сумская турбарэактыўная ўстаноўка выйшла са строю: абарвалiся лапаткi турбiны... Гэта было для нас нечаканасцю, бо змяншалiся нашы сiлы. Тым не менш былi настроены рашуча. Вызначылi дзень i час тушэння фантана. Гэта ж падзея, сабралася столькi работнiкаў прэсы, фотакарэспандэнтаў – не дай бог нешта зрабiць не так! 

Мы – у ахоўнай пажарнай форме. Расставiлi тэхнiку, людзей, мотапомпу запусцiлi. Пайшлi на фантан дзвюма машынамi, нашай i палтаўскай. Як бы пад вуглом адна да адной рухалiся. Так спланавалi, каб лепей управiцца з пажарам на свiдравiне. Раптам у самы адказны момант палтаўская машына глухне... Засталася адна наша. Падбягае Сумбатаў, якi нёс персанальную адказнасць за зыход справы: “Леанiд, рабi ўсё, што хочаш, але мы не павiнны зняславiць сябе!” Нас страхуе польскi танк, да якога прычэплены тросам. Танк метраў за сто ад нас. Махаю танкiсту, каб рухаўся ўслед за намi, але ён не рэагуе... Тады вадзiцель машыны здаў крыху назад, я скiдваю трос, хоць гэта i няпроста было зрабiць, з крука. Даю каманду: “Наперад!” Сам з пультам кiравання iду ўзбоч. Блiжэй да фантана, блiжэй. Згодна з тэхнiкай бяспекi дазваляецца падыходзiць да такога аб’екта не блiжэй пятнаццацi метраў. А мы ў дзесятку крокаў ад яго. Тэхнiку i мяне няспынна палiваюць вадой, аднак бачу: з гiдраўлiчнага бачка рэактыўнай устаноўкi iшла пара, а цяпер ужо свiст... “Хаця б тэхнiка не падвяла!” – думаю i загадваю падначаленым: “Максiмальныя абароты турбiны!” Фантан гарыць у чатырох-пяцi метрах ад вусця. Ну я ўзяўся струменем, гэткай негаручай сумессю, якую падае рэактыўная ўстаноўка, знiзу яго тушыць, павёў-павёў угору, на самым версе – як стрэл — б-бах! — патухла полымя. За паўтары-дзве хвiлiны, якiя, канешне, падалiся значна большым адрэзкам, управiлiся з фантанам. Але ж расслабляцца нельга, бо яшчэ трэба апрацаваць тэрыторыю вакол яго. Хвiлiн пяць гэта заняло. “Мы выканалi сваю задачу”, — дакладваю Сумбатаву. Той ледзь не абдымае: “Малайцы, хлопцы-беларусы! Адводзьце тэхнiку i глушыце матор, бо, не дай бог, iскра – усё можа зноў успыхнуць...” 

Нас – да ўзнагарод. У Варшаве тагачасны першы сакратар Польскай рабочай партыi Станiслаў Каня ўручыў мне, членам нашага экiпажа Мiхаiлу Ступкiну i яго цёзку Глыбоўскаму, а таксама яшчэ двум палтаўскiм пажарным Вышэйшыя сярэбраныя крыжы (Сумбатаву – залаты) польскага народа, нам былi прысвоены званнi ганаровых грамадзян Польшчы. 

— Леанiд Афанасьевiч, а як складваўся ваш далейшы шлях? 

— Я з’яўляўся начальнiкам атрада ваенiзаванай пажарнай службы горада Рэчыцы, даслужыўся да падпалкоўнiка, выдатнiк нафтавай i геафiзiчнай прамысловасцi. Мой вопыт спатрэбiўся i пры барацьбе з чарнобыльскай гiдрай, якая паказала свой злавесны выскал. У свой час – начальнiк чарнобыльскай зоны, кiраваў тушэннем пажараў на тарфянiках у лясах, займаўся дэзактывацыяй населеных пунктаў. У 1992 годзе удзельнiчаў у эвакуацыi жыхароў вёскi Копань, калi там разыгралася вогненная стыхiя...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter