Сапраўдны падмурак хаты XVIII стагоддзя і цікавыя рэчы — чым зараз жыве музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі

Калыска з гісторыяй

Урочышча Мерачоўшчына, што ў Косаве Івацэвіцкага раёна. Тут у 2003 годзе падчас археалагічных раскопак знайшлі падмурак і падвал дома сям'і Касцюшка. Пасля гэтага адкрыцця тут стварылі музей-сядзібу імя Тадэвуша Касцюшкі. Да месца, дзе вырас чалавек, які ўпісаў сваё імя ў гісторыю многіх краін, штогод з'язджаецца мноства турыстаў. Карэспандэнт «Рэспублікі» таксама пабывала там і пабачыла шмат цікавага.

Даведацца, якім быў побыт сем'яў у XVIII стагоддзі, жыццё Тадэвуша КасцюшкІ, можна ў доме-музеі на трох мовах — беларускай, рускай, польскай.

Сядзіба, возера, елкі. Машыны на паркоўцы? А гэта турысты з Польшчы. Іх тут заўсёды шмат. Нас першым сустракае помнік — з бронзы, больш за два метры вышынёй. Тадэвуш Касцюшка з шабляй ды капелюшом у руках глядзіць удалячынь. 

Вольга Пархута, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы, толькі-толькі правяла экскурсію. Перапынкаў няшмат, музей-сядзіба — папулярнае турыстычнае месца і для беларусаў, і для замежнікаў. Яна зноў пачынае аповед…

Помнік Касцюшке сустракае ля сядзібы турыстаў.
Мы знаходзімся не толькі ў хаце знакамітай асобы, але і ў своеасаблівым помніку побыту XVIII стагоддзя. Сядзіба пабудавана ў 1720 годзе, ужо ў 1730-м сюды заехаў бацька Тадэвуша Людвіг Касцюшка са сваёй жонкай Тэкляй. Тут жа з'явіліся на свет і чацвёра іх дзяцей. На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны сядзіба згарэла, і тут не было ніводнага памятнага знака, які б сведчыў аб тым, што калісьці тут нарадзіўся вялікі сын беларускай зямлі, нацыянальны герой Польшчы і Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Але ў 1987 годзе ўстанавілі невялікі валун з памятнай таблічкай, а ў 1999-м — новы камень з барэльефам Касцюшкі, які цяпер таксама стаіць каля ўвахода ў музей. 

З таго часу турысты з розных краін прыязджаюць сюды. А ў 2004 годзе адбылося афіцыйнае адкрыццё паўнавартаснага дома-музея. 

— Памяшканне падзелена на дзве часткі — гістарычную, дзе расказваем пра жыццёвы шлях Тадэвуша Касцюшкі, і мемарыяльную — пяць пакояў, у якіх адлюстроўваецца побыт сярэдняй шляхты, — распавядае Вольга на шляху ў падвальнае памяшканне, дзе захавалася падлога XVIII стагоддзя. Гісторыя!

Зноў паднімаемся ў сенцы. Гэта першы пакой, які ўбачыць турыст. Тут чучалы жывёл, птушак, а таксама выстава партрэтаў Касцюшкі — дзясяткі, у выкананні розных мастакоў. А калісьці на гэтым месцы красаваліся паляўнічыя стрэльбы. Далей — кухня: посуд, які б адпавядаў таму часу, — ён драўляны, медны, гліняны. Наогул, усю мэблю для музея, якую вы тут убачыце, збіралі па ўсёй краіне!

Крочым далей. Пакой маці Тадэвуша. Тут жа жаночы манекен у касцюме таго часу, побач — калыска для дзіцяці. На сцяне — партрэт маленькага Тадэвуша. Магчыма, так усё і было. Тадэвуш спаў, Тэкля яго калыхала… 

Як у доме, няхай і бедным, але шляхты, без кабінета? Тут стол бацькі Тадэвуша, на сцяне — радавы герб і дрэва сям'і. Выходзім з кабінета ў гасцёўню, дзе стаіць старая мэбля, ёсць шахматы і піяніна. 

Нас вядуць у гістарычны пакой. Называецца так, таму што ў ім сабрана ўсё, што звязана з Тадэвушам Касцюшкам, — партрэты сяброў, першай дзяўчыны, у якую закахаўся, — Людвікі Сасноўскай. На жаль, на якой так і не ажаніўся, таму што яе бацька адмовіў: «Галубка не для вераб'ёў. А багатыя нявесты не для бедных шлехцякоў». Тут жа яшчэ партрэты Тадэвуша ў розныя гады і, вядома, копіі ягоных рэчаў.

— У 2006 годзе да нас прыязджалі кадэты Вест-Пойнт — Ваеннай акадэміі Злучаных Штатаў Амерыкі. Нагадаю, што крэпасць Вест-Пойнт на беразе ракі Гудзон пабудаваў менавіта Тадэвуш Касцюшка. Яна адыграла ключавую ролю ў абароне свабоды і незалежнасці ЗША, — Вольга Пархута паказвае падарункі амерыканцаў: кадэцкі мундзір, ківер і сцяг.

Гляджу на стэнды з грашовымі банкнотамі і манетамі з выявай Касцюшкі, копіі яго карцін. Так, ён быў не толькі выбітным ваенным дзеячам, інжынерам, філантропам, але і таленавітым мастаком. Тут жа адзенне касінераў — арміі сялян, якія перарабілі косы ў штыкі і пайшлі ў бой з Тадэвушам Касцюшкам; памятныя медалі і копія ордэна Цынцынаці, які ўручыў Касцюшку прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон; такарны станок і многія іншыя рэчы-копіі. Шмат і сучаснага. Напрыклад, фота помнікаў, якія ўстаноўлены ў ЗША, Польшчы, Швейцарыі, а таксама кургана, вуліц, плошчаў, паркаў, названых у гонар нашага земляка. Дарэчы, ёсць фота і вышэйшай кропкі аўстралійскага кантынента, якая названая пікам Касцюшкі.

— Пражыў ён 71 год. Памёр у Швейцарыі. Палову нажытага аддаў сябрам, пабудаваў школы для бедных, майстэрні ў Францыі. А другую частку грошай падарыў дзяўчыне Эміліі, дачцэ яго сяброў, каб яна выйшла замуж за чалавека з багатай сям'і, якога кахала. У яе з'явілася магчымасць, якой не было ў яго з Людвікай, — завяршае экскурсію Вольга Пархута, і якраз заходзяць наступныя экскурсанты — госці з Польшчы Яцэк і Урсула. Яны прыехалі паглядзець, дзе сваё дзяцінства правёў Касцюшка. А што ж, у дарослым узросце ён сюды не заязджаў? Наколькі вядома, не. Мама Тадэвуша прадала дом, каб выкупіць радавы маёнтак у вёсцы Малыя Сяхновічы. Вольга Пархута напрыканцы дадае: 

— Сям'я Пуслоўскіх тут у свой час захавала памяць пра выдатнага чалавека. У адноўленным доме Касцюшкі тады з’явіліся бібліятэка і мастацкая галерэя. Будзем спадзявацца, што і мы захаваем, палепшым гэты дом-музей, зробім яго гістарычнай галерэяй.

kasel@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter