Старажытны полацк святкуе сваё 1155-годдзе

Калыска дзяржаўнасці і духоўнасці

Велічныя храмы, магутныя масты над Заходняй Дзвіной, неверагодныя прасторы, якія адкрываюцца са шматлікіх валаў, багацце сквераў і алей, ажурныя лаўкі і ліхтары — у такі горад можна закахацца з першага погляду. Тым больш што ў кожным куточку Полацка, на кожнай яго вуліцы і плошчы адчуваецца непарыўная сувязь з мінулым. А інакш і не можа быць у горадзе (былая сталіца Полацкага княства), які лічыцца калыскай беларускай дзяржаўнасці і духоўнасці


Куды б ні павярнуў у Полацку, якімі б сцежкамі ні пайшоў, напэўна, натрапіш на помнік. Большасць манументаў тут прысвечана знакамітым палачанам. Людзі — адна з галоўных каштоўнасцей полацкай зямлі. Менавіта яна дала свету чалавека, дзякуючы якому сёлета мы святкуем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Полацкімі сцежкамі хадзіў наш першадрукар Францыск Скарына, які да таго ж быў вядомым перакладчыкам, пісьменнікам, прадпрымальнікам і навукоўцам-медыкам. Яго зямляк Сімяон Полацкі праславіўся як таленавіты прапаведнік, педагог, духоўны пісьменнік, паэт і астролаг XVII стагоддзя. А Еўфрасіння Полацкая, маладая князёўна з XII стагоддзя, насуперак волі бацькі выбрала шлях манахіні, стала ігуменняй першага на беларускіх землях жаночага манастыра, які і зараз можна ўбачыць у Полацку.

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр з’яўляецца адной з найбольш вядомых славутасцей горада. На яго тэрыторыі знаходзіцца некалькі храмаў, у тым ліку і збудаваная пры жыцці Еўфрасінні Спаса-Праабражэнская царква, у якой захаваліся фрэскі таго часу. Царква настолькі ўнікальная, што прэтэндуе трапіць у Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У алтары храма знаходзіцца адноўлены Еўфрасіннеўскі крыж. На жаль, яго арыгінал, створаны па заказе манахіні майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе, быў страчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на тое, што крыж не з’яўляецца арыгіналам, ён лічыцца святыняй. Тысячы паломнікаў накіроўваюцца ў Полацк, каб пакланіцца яму і, вядома, мошчам Еўфрасінні, якія захоўваюцца ў срэбнай рацы ў суседнім манастырскім Крыжа-Узвіжанскім саборы.

Яшчэ адзін полацкі скарб — велічны Сафійскі сабор, такі цудоўны, што здаецца, быццам яго перанёс хто на далоні з нябёсаў на зямлю ды размясціў спецыяльна на высокім беразе Заходняй Дзвіны, каб яго было бачна здалёк. Узведзеная ў адзін час з кіеўскай і наўгародскай, полацкая Сафія выконвала ролю цэнтра рэлігійнага, грамадскага і палітычнага жыцця. Сабор стаў першай каменнай пабудовай на тэрыторыі Беларусі. Аднак ад узведзенага ў сярэдзіне

XI стагоддзя храма практычна нічога не засталося. Ён неаднойчы перабудоўваўся, мяняў аблічча, асабліва пасля аднаўлення ў XVIII стагоддзі, але і сёння можна ўбачыць элементы таго старажытнага храма. Увайшоўшы ў сабор — захаваныя сцены, а спусціўшыся ў падзямелле — падмурак і слупы, што неслі на сваіх “плячах” будынак ХІ стагоддзя. Там, унізе храма, наогул можна ўбачыць шмат чаго цікавага. Напрыклад, адбіткі пальцаў будаўнікоў на старой цэгле, а яшчэ розныя малюнкі і надпісы, відаць, нанесеныя майстрамі па яшчэ не застылай гліне, — своеасаблівае пасланне з мінулага. А ў галоўным памяшканні храма, які сёння выкарыстоўваецца і як канцэртная зала, можна паслухаць арган — у старажытных сценах гэты музычны інструмент гучыць чароўна.

Сафійскі сабор з’яўляецца часткай Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у які, акрамя яго, уваходзяць яшчэ 10 музеяў. Усе яны па-свойму ўнікальныя і цікавыя. У краязнаўчым музеі, які размяшчаецца ў высокім будынку з чырвонай цэглы — Лютэранскай кірсе 1888 года, — можна ўбачыць унікальныя аб’екты, якія тычацца гісторыі Полацка. Тут і біўні маманта, і ваенная атрыбутыка, і старадаўняя мэбля, і тысячы старажытных манет, знойдзеных падчас раскопак на полацкай зямлі. У адрэстаўрыраваным будынку Богаяўленскага манастыра размясціліся адразу два музеі — беларускага кнігадрукавання і музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Плошча музеяў — каля тысячы квадратных метраў! Без экскурсавода ёсць рызыка і заблукаць. Тым больш што ля некаторых экспанатаў можна “завіснуць” надоўга. Сярод іх кніга таўшчынёй дзве тысячы старонак, выданне з метр вышынёй, васковыя фігуры манахаў-перапісчыкаў, друкарскі станок, падобны да таго, на якім пяцьсот гадоў таму друкаваў першыя кнігі Францыск Скарына.

Прыпыняцца падоўгу хочацца не толькі ў музеях, але і паўсюль у горадзе. Вось незвычайны помнік беларускай літары Ў — дзе як не тут, на радзіме першадрукара, было яму з’явіцца? Вось памятны знак “Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы”. Аказваецца, прыехаўшы ў Полацк, можна пабываць не толькі ў найбольш старажытным горадзе Беларусі, але і ў самым цэнтры Еўропы. А вось сімпатычны будынак былога езуіцкага калегіума XVIII стагоддзя. Цяпер тут размяшчаецца корпус Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гістарычным будынку нямала славутасцей. Два гады таму, да прыкладу, з’явілася гаворачая галава старца з рухомымі вачамі і доўгімі сівымі валасамі — копія дзіўнага механізма XVIII стагоддзя. Кажуць, яна можа адказаць на любое пытанне, якое б вы ёй ні задалі, прычым на розных мовах.

Гісторыя і сучаснасць сплятаюцца ў Полацку ў адзінае. Таму тут хочацца застацца як мага даўжэй. Падарожнічаць, адкрываць таямніцы мінулага і марыць пра шчаслівую будучыню, у якой будзе не менш вялікіх падзей і таленавітых людзей, чым было раней на гэтай зямлі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter