Калыска духоўнасцi нашай

Мiнулыя  выхадныя  падаравалi ўсяму  беларускаму  народу не толькi цудоўнае, па-сапраўднаму летняе сонечнае надвор’е, але i непаўторнае па змесце  агульнанацыянальнае свята – Дзень беларускага пiсьменства. Са “штаб-кватэрай” у горадзе Паставы Вiцебскай вобласцi

Мiнулыя  выхадныя  падаравалi ўсяму  беларускаму  народу не толькi цудоўнае, па-сапраўднаму летняе сонечнае надвор’е, але i непаўторнае па змесце  агульнанацыянальнае свята – Дзень беларускага пiсьменства. Са “штаб-кватэрай” у горадзе Паставы Вiцебскай вобласцi.

Мае сэнс адмовiцца ад храналагiчнага пералiку падзей i фактаў. Хаця б па той простай прычыне, што немагчыма падрабязна пераказаць усё тое, што адбывалася на гасцiннай  Пастаўшчыне на працягу фантастычна яркiх дзён i начэй  пачатку верасня. Можна сцвярджаць, што лепшыя  духоўныя каштоўнасцi краiны, яе духоўная спадчына ў добрым сэнсе “эмiгрыравалi” сюды ў выглядзе канцэнтрату вышэйшай пробы.  Залатой пробы! 

Два днi падарожжаў па  мудрай i таямнiчай  краiне пiсьменства ўсiх жадаючых  наталiлi незвычайнай ежай i пiтвом. Прычым свята атрымалася аднолькава зразумелае i даступнае як простым сялянам i рабочым, так i навукоўцам, творчай iнтэлiгенцыi, прадстаўнiкам усiх слаёў насельнiцтва. Адбылiся сустрэчы з пiсьменнiкамi, вучонымi, журналiстамi, кнiгавыдаўцамi. Вочы разбягалiся ад  выстаўленага друкаванага багацця ў павiльёнах “Скарбы беларускага кнiгадрукавання“,”Сучасная беларуская кнiга”, тэматычных кнiжных пляцовак, фотавыстаў, экспазiцый друкаваных газет i часопiсаў краiны.  Тым самым меў пацвярджэнне i крылаты выраз: ”Пакуль жыве мова – жыве i народ”. 

Нават намеснiк прэм’ер-мiнiстра  Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Косiнец без усялякiх “шпаргалак” так годна i сакавiта выказаўся на роднай беларускай мове: 

— Гэта свята, якое не мае аналагаў. Яно паступова пераходзiць ад  Навагрудка да Мсцiслава, ад Нясвiжа да Мiра – i сёння  крочыць па Вiцебшчыне. Адсюль пачыналася асветнiцтва, першадрукаванне, звязаныя з  iмёнамi  Еўфрасiннi Полацкай, Сiмяона Полацкага, Францыска Скарыны... Iх цудоўную спадчыну неабходна захаваць i памножыць нашчадкам! 

Вельмi сiмвалiчна, што духоўнасць, калi так можна выказацца, паглыбляе i сiлкуе каранi беларускага пiсьменства з падтрымкай улады на ўсiх узроўнях. Вось таму красамоўнае пацвярджэнне. З прыбыццём у Паставы Жыватворнага Агню ад Гроба Гасподня з мiнскага Свята-Духава кафедральнага сабора з удзелам намеснiка прэм’ер-мiнiстра Аляксандра Косiнца, старшынi Вiцебскага аблвыканкома Уладзiмiра  Андрэйчанкi, многiх прадстаўнiкоў улады, навукi i культуры быў закладзены  “Сад Малiтвы”.

I гэта толькi адно са шматлiкiх адметных  мерапрыемстваў Дня беларускага  пiсьменства “па-пастаўску”. 

Старшыня Вiцебскага аблвыканкома Уладзiмiр Андрэйчанка ў эксклюзiўным  экспрэс-iнтэрв’ю для  газеты “Рэспублiка” адзначыў, што такое цудоўнае свята заслужылi не толькi  працавiтыя пастаўчане цi жыхары Вiцебшчыны, але i ўся наша краiна. I што не хлебам адзiным жыве чалавек, а робiцца больш заможным, духоўна багатым  праз  друкаванае слова. Гэта зноў i зноў  заклiкае кожнага  да ўшанавання  нацыянальнай спадчыны... 

Маем гонар паведамiць, што дзякуючы святу ў Паставах намнога блiжэй да сваiх чытачоў i падпiсчыкаў стала i газета “Рэспублiка”. Шмат народу падыходзiла да часовай  “рэзiдэнцыi” “Р” на галоўнай плошчы. Зразумела, што “рэзiдэнцыя” – гэта жартам сказана. А калi   сур’ёзна, то  газета “Рэспублiка” мела на  свяце беларускага пiсьменства  ўласную экспазiцыю. Людзi падыходзiлi i ахвотна знаёмiлiся з прадстаўнiкамi ўрадавага выдання.  

А што? Адразу было бачна, што цiкавасць да газеты большая, калi чытачы знаёмяцца з тымi, хто яе стварае. Дарэчы, некаторыя тут жа афармлялi падпiску на “Р”. А ў якасцi прыза атрымлiвалi фiрменную футболку цi пакет з сувенiрам.  Адным словам, свята параднiла  нас з многiмi пастаўчанамi, гасцямi з iншых раёнаў i абласцей.

I яшчэ адзiн сюрпрыз ад «Рэспублiкi» чакаў гасцей свята на культурнай пляцоўцы. У летнiм амфiтэатры  (ёсць такi ў Паставах — у атачэннi  цудоўных азёр) вiцеб­ская прыгажуня i спявачка Iрына Бабаед, лаўрэат i дыпламант шэрага айчынных i мiжна­родных  конкурсаў, выканала некалькi песень.  Некалькi соцень гледачоў i слухачоў не хавалi свайго заха­плення ад цудоўнага салаўiна­га спеву Iрыны Бабаед. 

Менавiта пад  «дахам» сёлетняга Дня беларускага  пiсь­менства ў летнiм амфiтэатры адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў рэспублiканскага  конкурсу  «Мастацтва кнiгi». Спецыяльныя дыпломы за асветнiцкую i друкарскую дзейнасць уручаны дзесяцi выдавецтвам. А Гран-пры – статуэтку  «Залаты фалiянт» — атрымала дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» за двухтомнiк «Перамога». 

Свята ў Паставах завяршылася вiдовiшчнымi вячэрнiмi мерапрыемствамi – грандыёзным гала-канцэртам майстроў мастацтваў  i яркiм феерверкам.  Многiя з гасцей прызна­валiся, што настолькi ўражаны гасцiннасцю i рука­творнымi цудамi гэтага «маленькага Парыжа», што не хочуць з яго ад’язджаць. Але i з ад’ездам у душы кожнага застанецца i прарасце неацэнны духоўны скарб – любоў да беларускага пiсьменства i нацыянальнай спадчыны, якiя немагчыма  купiць нi за якiя грошы. 

На здымку: на кнiжнай выставе. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter