Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне

Каляды заўсёды актуальны божы дар

Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, усе людзі добрай волi!


Вось ізноў па Божай міласці мы святкуем адно з самых значных і любімых святаў — Божае Нараджэнне. Як многа прыемных успамінаў і эмоцый выклікае ў нас гэтае свята. Мы ўспамінаем сваё дзяцінства, калі чакалі і не маглі дачакацца Калядаў; калі спяшаліся да касцёла, каб заспяваць радаснае «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» і пакланіцца Немаўлятку Езусу, які знаходзіўся ў яслях; калі пад святочна ўпрыгожанай ёлкай знаходзілі падарункі і доўга іх разглядалі. 

Традыцыя абменьвацца каляднымі падарункамі існуе і ў наш час, і па магчымасці яе трэба падтрымліваць. Радуючыся з атрыманых падарункаў і засяроджваючы сваю ўвагу на матэрыяльных рэчах, мы адначасова павінны памятаць аб той любові, якой іншы чалавек такім чынам дзеліцца з намі.

Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы становімся сведкамі таго, як Бог адорвае нас заўсёды актуальным падарункам, якім з’яўляецца ўцелаўлёны Божы Сын. Езус Хрыстус — гэта той дар, які ніколі не завяршаецца і прадаўжаецца ў заўсёды актуальнай таямніцы ўцелаўлення Бога. У гэтым дары праяўляецца бязмежная любоў Бога да чалавека. Яна, як рэха, паўтараецца праз стагоддзі ў скіраваных да пастушкоў словах анёла: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10-11).

Праз служэнне Касцёла Езус прыходзіць да нас, і такім чынам Ён на ўсе часы застаецца падарункам, бо Яго любоў бязмежная, бо Ён — гэта Божая ласка сярод нас, гэта святло, якое ніколі не гасне і якое разсвятляе цемру нашага жыцця. Ён добра разумее нашу чалавечую слабасць, бо стаўся адным з нас і прабывае з намі ў сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, Божым слове, дабрачыннасці і іншай дзейнасці Касцёла. Ён ведае нашы слабасці і смуткі, нашы надзеі і імкненні і падтрымлівае ў жыцці.

Езус — гэта дар для ўсіх нас, пачынаючы ад бедных біблійных пастухоў і заканчваючы каралямі. Езус — гэта дадзены нам Сын Божы, які ахвяраваў сябе самога за нас на дрэве крыжа. Ён дар для кожнага чалавека паасобку і для ўсіх людзей разам узятых, незалежна ад іх нацыянальнасці, колеру скуры, паходжання, мовы, традыцый і г. д. Ён вядзе нас з цемры граху ў святло Божай ласкі. Таму Езус — гэта дар, які ніколі не змяншаецца і не завяршаецца.

Езус, як Божы дар чалавецтву, прыйшоў на нашу зямлю, каб нас прывесці ў неба. Ён цярпеў, каб нас выбавіць ад вечнага цярпення. Ён памёр на крыжы, каб нас выратаваць ад вечнай смерці. Ён прынёс на зямлю боскае жыццё, каб аднавіць утрачаны жыватворчы запавет чалавека з Богам. Ён прайшоў шляхам чалавечага жыцця, па якім ідуць усе людзі. Ён паказаў нам дарогу ў Божае Валадарства. 

Таму мы сапраўды шчаслівыя, бо маем такі вялікі дар, якога ніхто не можа ад нас адабраць. Езус — гэта ніколі не гаснучае сонца, якое асвячае наш жыццёвы шлях.

Гэты Божы дар мы атрымалі не ў прыгожай упакоўцы, але ў простых яслях. Там Бог пакінуў нам свой калядны падарунак, перавязаны не залацістай стужкай, але любоўю, якая прывяла Яго на дрэва крыжа. Аднак смерць не змагла знішчыць гэты найбольш каштоўны падарунак Бога чалавецтву. Ён сваёю Божай моцай выйшаў з цёмнай магілы, бо гэты жывы дар нам дадзены назаўсёды.

Такім чынам у Езусе мы атрымалі неабходныя для збаўлення духоўныя багацці. Езус вызваляе нас ад смерці вечнай і вядзе ў вечнае жыццё. Аб гэтым вельмі добра нагадвае святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў: «расплата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Езусе Хрысце» (Рым 6, 23). Гэты дар дадзены не пад прымусам, але з любові да чалавека (пар. Ян 3, 16). Ён дадзены нам, каб адрадзіць парушаныя грахом сувязі паміж Богам і чалавекам.

Будучы дарам, Езус адначасова з’яўляецца заданнем кожнаму з нас, каб мы Ім жылі і адорвалі іншых. Мы пакліканы несці святло Хрыста ў свет, які распачліва патрабуе Божай любові. Радуючыся з гэтага, атрыманага ад Бога дару, мы павінны радавацца з пераказвання Яго іншым асобам. Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты любіла казаць, што, можа, мы і не маем чаго даць іншаму чалавеку, але заўсёды можам адарыць яго любоўю. А такіх людзей у сучасным свеце многа…

Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысціянства, калі трэба сказаць наша рашучае «так» Богу і Евангеллю, бараніць прынцыпы нашай веры, як гэта рабілі нашы продкі ў папярэднія часы, асабліва ў часы ганенняў. Мы заўсёды павінны памятаць, што святло Хрыста свеціць у цемры і цемра яго не агорне (пар. Ян 1, 5). Папа Бэнедыкт XVI вучыць, што Збаўца стаў адным з нас, нашым спадарожнікам на дарогах гісторыі. Неабходна толькі ўхапіцца за руку, якую Ён працягвае нам…

У апошнія гады падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння адзначаецца сваёй камерцыйнасцю. Гэта знак нашага часу. Яшчэ далёка перад Калядамі, амаль што ад урачыстасці Усіх святых, гэта азначае ад 1 лістапада, магазіны ўпрыгожваюцца ёлкамі, запальваецца святочная ілюмінацыя і распачынаецца калядны распродаж. Нярэдка гэта суправаджаецца адпаведнай музыкай. Такім чынам Адвэнт траціць сваё першапачатковае значэнне быць часам духоўнай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. 

Падобна было і дзве тысячы гадоў таму, калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме. Юдэя была акупавана рымскімі войскамі. Згодна з загадам Імператара цяжарная Марыя разам з Юзафам накіравалася ў Бэтлеем на перапіс насельніцтва. У такіх абставінах, калі натоўпы людзей ішлі ў розныя гарады, гандляры таксама выкарыстоўвалі нагоду, каб зарабіць, у вялікай пакоры ў стайні для жывёлаў прыйшоў на свет Збаўца. Там Бог стаўся такім, якімі мы з’яўляемся. 

Свет тады не заўважыў і не зразумеў важнасці адбыўшайся падзеі, падобна як сёння ён не заўважае і не разумее праўдзівага сэнсу Калядаў. Каб гэта адбылося, мы павінны прыняць праўду нашай веры аб уцелаўленні Бога і стаць яе пасланцамі, як імі сталі бэтлеемскія пастушкі і Мудрацы з Усходу. 

Анёлы сказалі пастушкам: «Не бойцеся!» (Лк 2, 10). Сёння Касцёл паўтарае гэтыя словы: «Не бойцеся! Бог сёння нам дае свайго Сына, каб быў святлом, якое асвячае нашыя складаныя жыццёвыя шляхі. Прымем Яго, каб на Яго Евангеллі будаваць наша жыццё». Толькі тады мы зможам стаць такімі, якім з’яўляецца Бог.

Немаўлятка Езус паказвае нам сілу любові Бога да чалавека. У Ім Бог даў нам найбольш каштоўны падарунак, каб выратаваць нас з палону злога духа. Ён з’яўляецца ключом да шчасця і вырашэння праблем сучаснага свету. Нашы сэрцы павінны стаць яслямі, дзе Бог адорвае нас найкаштоўнейшым дарам свайго Сына і Ягонай ласкі. Таму ў нашых штодзённых клопатах не забудземся засяродзіць свой позірк на Немаўляці Езусе, каб Ён нас змяніў і ўмацаваў. 

Са святам, дарагія браты і сёстры!

Віншую ўсіх вас! 

Віншую іншых хрысціянаў, якія сёння з намі святкуюць свята Раства Хрыстова. Віншую праваслаўных і жадаю ім поспехаў у духоўнай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара! Нягледзячы на розніцу традыцый, мы аб’яднаныя адной праўдай аб уцелаўленні Сына Божага, як самага каштоўнага дару чалавецтву, і імкненнем да яго сведчання ў сучасным свеце, каб вылечыць яго ад існуючых духоўных паталогій.

Віншую ўсіх людзей добрай волі! Езус — адзіны Збаўца свету, і таму наша свята супольнае. 

Няхай наша Бацькаўшчына стане яслямі, дзе заўсёды нараджаецца Хрыстус, каб Ён сваёй ласкай быў дарам кожнаму з нас. 

Беларусь, не бойся прыняць Хрыста, не бойся жыць Ягонай праўдай, бо ў Ім наша збаўленне, наша радасць, шчасце і надзея!

Дзелячыся з усімі вамі традыцыйнай аплаткай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп
Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter