Каляды — сімвалічная мяжа паміж старым і новым годам

“Ой, Калядачкі, бліны, ладачкі, ой, люлі, люлі, бліны, ладачкі”.

Старажытная традыцыя сустрэчы Новага года адлюстравала шматвяковы пошук беларускага народа сваёй папараць-кветкі, сваёй чароўнай дудачкі або абруса-самабора, у якіх быццам у кроплі вады адлюстроўваліся чалавечыя памкненні, задумы, спадзяванні. На працягу шматлікіх стагоддзяў былі выпрацаваны адпаведныя рытуалы, розныя абрадавыя дзеянні, створаны высокамастацкія велічальныя песні, атрыбуты (рэчы, прадметы побытавага ўжывання, а таксама свяшчэнныя, якім надаваўся магічны сэнс), гульні і ігрышчы моладзі. Абавязковай складовай часткай навагодніх святаў былі варожбы-прадказанні, з дапамогай якіх людзі імкнуліся прачытаць чарговую старонку кнігі свайго быцця, хаця б употай зазірнуць за браму неўміручасці і ўбачыць там светлыя і выразныя постаці-выявы Веры, Надзеі, Дабрыні, свайго будучага Кахання, сямейнага Дабрабыту.
Наша сучаснае жыццё становіцца настолькі дынамічным, мазаічным, а часам хаатычным, што мы не паспяваем (а можа, не хочам спыніцца) глыбока і змястоўна асэнсаваць сваё жыццё, пражыты год, прааналізаваць тое, што ўдалося і чаму, падумаць-паразважаць пра будучае.
А як некалі сустракалі Новы год нашы продкі? Чым яны жылі, на што спадзяваліся, у што верылі, чым цешылі сябе і сваю душу ў доўгія зімовыя вечары?
Практычна ўся Еўропа ў пачатку Х стагоддзя пачынала новы колазварот са свята Раства Хрыстова. Гістарычныя звесткі, археалагічныя матэрыялы, шматлікія творы народнай паэзіі сведчаць пра тое, што беларусы, як і іх блізкія суседзі, пачыналі год у розны час, але ён быў звязаны пераважна з днём веснавога раўнадзенства. Гэта магло быць 1 сакавіка — пачатак вясны, 21 сакавіка — дзень веснавога раўнадзенства і, нарэшце, 25 сакавіка — у дзень уваскрэсення Ісуса Хрыста або ў дзень непарочнага зачацця Дзевы Марыі. Давайце прыслухаемся да таго, як гэта пытанне вырашаецца ў беларускім  вусна-паэтычным календары, які зафіксаваны ў выдатных творах нашай духоўнай спадчыны — валачобных песнях:
Тыя пчолкі — усе святачкі,
Перад Богам збіраліся,
Збіраліся, рахаваліся,
Катораму святу ўперад стаці.
Гэта страфа звычайна ўяўляе сабой агульнае для шматлікіх варыянтаў песні месца. Далейшае развіццё сюжэта адлюстравала розныя (магчыма, рэгіянальныя) традыцыі пачатку года:
Святы Ізбор (першы тыдзень Вялікага посту) упярод ступіць,
Зіму зрадзіць, сошку ладзіць.

Святы Еўдакей — веснавы святок (адзначаецца 14 сакавіка).
Веснавы святок  пераступ года,
Пераступілі ў яго слядочкі,
У яго слядочкі ўсе святочкі...

Благавешчанька (25 сакавіка/ 7 красавіка),
Перша святка,
Жыта рушыць.

Святыя Саракі (9/22 сакавіка) напярод пайшлі...
На больш позніх этапах пачатак года ў розных рэгіёнах Беларусі не супадаў. Тая тэрыторыя, якая была ў складзе Рэчы Паспалітай, з 1364 г. святкавала нараджэнне года 1 студзеня. Ва ўсходняй частцы Беларусі год пачынаўся з вясны, а затым з 1493 да 1700 г. у адпаведнасці з візантыйскай царкоўнай традыцыяй — 1 верасня. І толькі 20 снежня 1700 г. выйшаў загад Пятра Вялікага аб святкаванні пачатку года 1 студзеня. Менавіта ў гэты час адзначаюць Новы год усе еўрапейскія народы і сёння. Тры стагоддзі існавання гэтай традыцыі на Беларусі пакінулі адбітак у каляндарна-абрадавай паэзіі. Тыя ж валачобныя песні (пераважна запісаныя ва ўсходняй частцы рэспублікі) зафіксавалі традыцыю распачынаць новы гадавы цыкл з Калядаў або Раства Хрыстова:
Святое Раство напярод
прыйшло,
Святое Васілле на Новы год,
А на Новы год паздраўляецца...
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter