Каляды — сімвалічная мяжа паміж старым і новым годам

Святое Васілле — “свіное свята”. Адначасова са святкаваннем другой Куцці 14 студзеня адзначалася святое Васілле — дзень смерці аднаго з заснавальнікаў хрысціянскага руху, стваральніка шматлікіх манастыроў Васіля Вялікага.

(Працяг. Пачатак у № 1—4.)

У народнай свядомасці сталася так, што святы Васіль пачаў лічыцца ахоўнікам свіней. У сувязі з гэтым свята атрымала назву “свінога”, а традыцыя патрабавала прынесці ў гэты дзень святому ахоўніку ахвяру — “кесарыйскае” парася. Яно і было самым галоўным кампанентам абрадавай ежы першага дня старога Новага года. Акрамя таго, гаспадыні выпякалі ў гэты дзень печыва ў выглядзе фігурак кароў, свіней, авечак і хатняй птушкі.
* Свінагадоўля ў беларусаў займала хоць і не вядучае, але і далёка не апошняе месца ў гаспадарчай дзейнасці. Пра гэта сведчыць цэлая сістэма спецыяльных ведаў, якая ахоплівае разнастайныя спектры жывёлагадоўлі.
* Каб хатняя жывёла добра набірала вагу, гаспадыні імкнуліся на ўсе каляндарныя і сямейныя святы наразаць сала, кілбасы і смажаніну вялікімі кавалкамі. Каб жывёла пладзілася і добра прыжывалася, трэба было раніцай апранацца, не ўстаючы з ложка.
* Цэлы шэраг павер’яў быў звязаны з набыццём парасят ці іх развядзеннем у хатніх умовах. Так, калі набытае парасё класці ў мех галавой наперад, трымаючы за заднія ногі, то вельмі хутка яго былы гаспадар трапіць у складанае становішча і яго напаткаюць нястачы. Калі ж парасё класці ў мех задам, то гандляру будзе шанцаваць у яго справе, а вось пакупніку будзе цяжка — яго напаткае чорны перыяд. Таму, каб нікому не было дрэнна, парасё трымалі адначасова за пярэднія і заднія ногі і клалі ў торбу спінай.
* Знаўцы жывёлагадоўлі раяць для прадаўжэння племя пакідаць таго парсюка, у якога хвост трымаецца ўверх.
* Вельмі непажаданым лічыўся продаж парасят першага апаросу.
* У першыя тры дні ні ў якім разе нельга пералічваць народжаных парасят, паказваючы на іх пальцам. Каб яны хутка набіралі вагу, трэба запрасіць у госці мажную жанчыну і папрасіць яе тройчы патаўчы бульбу і падрыхтаваць ежу для свіней.
* У этнаграфічнай літаратуры можна знайсці парады, якія тычацца вызначэння найбольш прыдатнага часу для забівання свіней. Калі свінню рэзаць на новы Месяц, сала будзе белым, калі ж на “стары” — яно пажоўкне.
* Ні ў якім выпадку нельга забіваць свіней у той дзень, на які прыпадалі апошнія Пакровы.
(Заканчэнне будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter