Каляды — сімвалічная мяжа паміж старым і новым годам

“Шчадраванне”. Вечар правядзення другой каляднай Куцці — стары Новы год — быў адзначаны выкананнем абраду шчадравання. Яно ўяўляла сабой той самы абход вёскі калядоўшчыкамі, аднак на гэты раз у склад гурта ўваходзілі толькі дзяўчаты. Яны выбіралі самую прыгожую сярод сябровак, апраналі яе ў самае лепшае святочнае адзенне, на галаву надзявалі вянок, упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі. Дзяўчына-прыгажуня называлася “шчодрай”, а яе наведванне сялянскіх хат сімвалізавала дабрабыт, шчодры ўраджай і захаванне дамашняга ачага, што, у сваю чаргу, прадказвала цэласнае існаванне сям’і на працягу ўсяго года. Падчас абходу вёскі дзяўчаты-“шчадрухі” спявалі тыя ж песні, што і хлопцы-калядоўшчыкі на першую Куццю.

(Працяг. Пачатак у № 1, 2.)

Назіраем за надвор’ем у лёсавызначальныя дні
13 студзеня
Надвор’е наступных 12 дзён будзе адпавядаць надвор’ю наступных 12 месяцаў.
Якое надвор’е перад старым Новым годам, такое будзе і перад Пятром (12 ліпеня).
Вецер і снег напярэдадні старога Новага года паказваюць на ўраджай грыбоў і арэхаў на наступнае лета.
Калі на Маланню ў ноч вецер вее з поўдня, год будзе спякотны, калі з захаду — будзе шмат малака і рыбы, з усходу — будзе шмат фруктаў.
Ясная, зорная ноч на Маланню — людзі здаровыя будуць.
Завіруха ў Васільеў вечар абяцае вялікі ўраджай арэхаў.
Калі перад Васілём (14 студзеня) снег — будзе добры ўраждай.
14 студзеня
Калі Васільеў дзень марозны і снежны — да добрага ўраджаю.
Стары Новы год — да вясны паварот.
Калі на Новы год свечкі ў царкве трашчаць, то будзе лета сухое, грымлівае і градавае.
У дзень Новага года (14 студзеня) сочаць за напрамкам ветру і робяць пэўныя высновы: усходні вецер прадказвае цёплае і сухое лета; паўднёвы — сярэднюю тэмпературу; заходні — мокрае лета; паўночны — халоднае лета з градам.
Калі ў Васільеву ноч шмат зор — будзе шмат ягад.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter