Рождественская литературно-музыкальная встреча прошла в музее Якуба Коласа

Каляды ў Коласавым доме

Святочная імпрэза ў літаратурна-мемарыяльным музеі беларускага Песняра ў Мінску традыцыйна адбылася дзякуючы гасцям з Палесся.


Калі ў зале на другім паверсе дома Якуба Коласа на вуліцы Акадэмічнай чуваць пералівы гітары, а гучны мужчынскі голас пранікнёна напявае: «Мой родны кут, як ты мне мілы…», — гэта азначае, што прыйшлі Святыя вечары.

Вершы, музыка і размовы на духоўныя тэмы — Нараджэнне Хрыстова ў музеі прызвычаіліся святкаваць менавіта такім чынам. За культурную праграму адказвае духавенства Палесся. І гэта невыпадкова: Якуб Колас у свой час настаўнічаў у Люсіна, Лунінцы, Пінкавічах і Купяцічах. Падчас працы ў Пінску ён сустрэў каханне ўсяго свайго жыцця — Марыю Каменскую. Там жа нарадзіўся і іх старэйшы сын Даніла. Дакладна вядома, што дзе б ні знаходзіўся паэт, ён заўжды заводзіў цесныя кантакты з мясцовымі святарамі.

— Вельмі хочацца захаваць і падтрымаць традыцыю «Каляд у Коласавым доме», заснаваную маім папярэднікам уладыкам Сцяфанам. Гэта не проста сустэчы, а своеасаблівае духоўнае адра­джэнне беларускага народа, — адзначыў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій, па благаслаўленню якога і прайшло гэта мерапрыемства.

Арганізатары літаратурна-музычнай імпрэзы штогод імкнуцца прадставіць новую праграму з удзелам цікавых гасцей. У доме Якуба Коласа выступалі і калядоўшчыкі з Альшан, і іераманах Агафангел з Сербіі, і мужчынскі хор «Усіхсвяцкі». У гэтым годзе сярод запрошаных былі пісьменнік Сяргей Трахімёнак і паэт Іна Фралова. Асаблівы тон сустрэчы задаў протадыякан Свята-Пакроўскага храма горада Баранавічы Андрэй Гарбуноў, які зачытаў урывак «Каляды» з «Новай зямлі» Якуба Коласа.


— Чалавек створаны, каб спяваць. Дар маўлення дадзены яму не для таго, каб сварыцца, а каб услаўляць Бога, — упэўнены айцец Андрэй.

Таму і па жыцці святар ідзе з гітарай. Для прысутных у музеі ён прадставіў музычную падборку з папулярных свецкіх кампазіцый. Але не звычайную, а з сюрпрызам: расказаў пра нечаканыя адсылкі да духоўных тэкстаў у кожнай з песень.

На калядную сустрэчу з палешукамі заўжды прыходзіць і сям’я народнага паэта — нявестка Ала Цімафееўна, унучкі Вера і Марыя, праўнучка Васіліна.

— Кожны год чакаю гэтага свята. Браты маёй мамы былі святарамі, таму і Нараджэнне Хрыста адзначалася пышна — з багатым сталом, дамашнім канцэртам, упрыгожанай ёлкай і падарункамі. Гэтую традыцыю я захавала, калі выйшла замуж, — падзялілася Ала Цімафееўна. — Нягледзечы на тое што Даніла Канстанцінавіч (старэйшы сын Якуба Коласа. — Аўт.) быў челавекам нерэлігіёзным, ён ніколі не супярэчыў. Яму падабалася калядная атмасфера ў доме. У сямейных традыцыях сёння мы выхоўваем і майго праўнука Данечку.


У ТЭМУ

Літаратурна-музычныя сустрэчы з неафіцыйнай назвай «Каляды ў Коласавым доме» пачалі праводзіцца каля дзесяці гадоў таму. Гэта была асабістая ініцыятыва архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана (Корзуна), якога пры жыцці называлі місіянерам роднай мовы. Уладыка часта цытаваў радкі з Якуба Коласа, а моладзі раіў трымацца каранёў і адзначаў: «Хочаце мудрасці? Чытайце «Новую зямлю».

Дарэчы, менавіта намаганнямі архіепіскапа Сцяфана ў 2015 годзе на званіцы Варварынскага сабора ў Пінску з’явілася мемарыяльная дошка са звесткамі пра вянчанне ў гэтым горадзе Якуба Коласа і Марыі Каменскай.

kurak@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter