На гэтым тыдні ў сценах Вялікага тэатра оперы і балета распачаўся ІІІ Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў

Калядныя тыдні ў Вялікім

У прыхільнікаў опернага мастацтва сапраўднае свята. На гэтым тыдні ў сценах Вялікага тэатра оперы і балета распачаўся ІІІ Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў.


Фото: bolshoibelarus.by

Больш за 200 выканаўцаў з 20 краін, у тым ліку з далёкага замежжа — ЗША, Канады, Кітая і Ізраіля, — спаборнічаюць за права звацца ўладальнікамі лепшых галасоў і атрымаць каштоўныя ў свеце мастацтва запрашэнні ў вядучыя оперныя тэатры і кампаніі свету. А на наступным тыдні марафон высокага мастацтва працягне VII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. З 14 па 20 снежня чакаюцца яркія прэм’еры, новыя зоркі і лепшыя спектаклі з рэпертуару тэатра.

Пачнецца форум легендарнай операй “Кармэн” Жоржа Бізэ з таленавітым італьянскім тэнарам Франчэска Піа Галаса (партыя Хазэ), якому прарочаць тытул караля опернай сцэны. 15 снежня аматараў класікі чакае пастаноўка “Макбет” на музыку Джузэпэ Вердзі, у якой партыю Банка выканае саліст Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі Гадэрдзі Джанелідзэ з Грузіі. Адэскі нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета прадставіць 17 снежня містычны трылер Пятра Чайкоўскага “Пікавая дама”. У нядзельны вечар 18 снежня гледачоў будуць забаўляць моцартаўскай камічнай операй “Жаніцьба Фігара” — партыі Фігара і графа Альмавіва выканаюць вядомыя расійскія артысты Герман Юкаўскі і Сяргей Маскалькоў. У перадапошні дзень форум парадуе операй “Турандот” Джакама Пучыні з заслужаным артыстам Расіі Ахмедам Агадзі ў партыі Калафа. І завершыцца двухтыднёвае свята опернага мастацтва грандыёзным гала-канцэртам, які падорыць прыхільнікам опернага мастацтва сустрэчу з зоркамі сусветнай оперы з Літвы, Латвіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі і многіх іншых краін.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter