Духовное содержание Адвента - радость, молитва и динамичное ожидание Христа

Калядная падрыхтоўка

У  нядзелю, 1 снежня, у католікаў пачнецца Адвэнт — асаблівы зімовы літургічны перыяд, які многія лічаць перадкалядным постам. Шмат ужо было напісана пра тое, як правільна пражыць гэты час, але прыгадаем некаторыя важныя моманты.


Першыя хрысціяне даволі хутка пачалі ствараць літургічны каляндар, кажучы простай мовай, каляндар хрысціянскіх свят і гадавых цыклаў. Спачатку інакш, чым іншыя дні, святкавалася толькі нядзеля — як дзень успаміну ўваскрэсення Хрыста. Потым вырашылі адзначаць асобнае свята Вялікадня (Пасхі). З цягам часу сталі святкаваць таксама Божае нараджэнне. Паколькі перад Вялікаднем быў спецыяльны час — Вялікі пост, то і перад 25 снежнем узнік яго своеасаблівы аналаг — Адвэнт.

Хрысціянства з самага пачатку стала распаўсюджвацца сярод розных народаў. Іх культурныя асаблівасці паўплывалі на тое, як выглядаў літургічны год у нейкім асяроддзі. Каталіцтва лацінскага абраду фарміравалася на тэрыторыі заходняй часткі Рымскай імперыі. У гэтай частцы магутнай краіны, у адрозненне ад усходняй, не замацавалася такая вялікая колькасць постаў. Магчыма, гэта звязана з тым, што на захадзе не было такога доступу да марскіх прадуктаў, якімі б можна было замяніць мясныя вырабы. Да гэтага часу ў заходнім хрысціянстве колькасць постаў меншая, ды і Адвэнт фармальна — таксама не пост перад святам Божага нараджэння.

Слова «адвэнт» (adventus) з лацінскай мовы перакладаецца як «прыход». Так называлі ў Рыме афіцыяльны першы прыезд высокага чыноўніка пасля заступлення на пасаду. З умацаваннем хрысціянства ў Рыме Адвэнтам сталі называць час чакання і падрыхтоўкі да святкавання прыходу найбольшага Караля — дня з'яўлення Хрыста на свет у чалавечым целе, гэта значыць — Божага нараджэння, якое хрысціяне дамовіліся адзначаць 25 снежня (7 студзеня па юліянскім календары). У Рыме Адвэнт быў прасякнуты радаснай атмасферай, якая вядомая кожнаму, хто чакае радаснай падзеі.

З Ірландыі і Шатландыі спачатку ў Галію, а потым і ў Рым пранік матыў чакання іншага прыйсця. Паколькі хрысціяне вераць, што Хрыстос з'явіцца другі раз, то нічога не перашкаджала таму, каб у Адвэнце асаблівым спосабам сталі чакаць другога прыходу Хрыста. Каб стварыць дух рэфлексіі над сваім жыццём, у літургіі стаў выкарыстоўвацца фіялетавы колер і пачалі практыкавацца розныя формы аскезы.

Фіялетавы колер можна атрымаць змешваючы блакітны і чырвоны. У Вялікім посце блакітны можа азначаць духоўнае, чырвоны — цялеснае. Можна сказаць, што ў Адвэнце фіялетавы колер азначае аб'яднанне Божага і чалавечага, што і адбылося ў асобе Хрыста.

Масавая культура стварыла вобраз апошніх часоў прывычнага для нас існавання чалавецтва як вельмі жудаснага моманту, страшэннай катастрофы, якой трэба баяцца. Таму прыход Хрыста і Божы суд — гэта штосьці з таго, што паказваюць у фільмах жахаў. Насамрэч нараджэнне Хрыста і Яго другое прышэсце для хрысціян мае быць прасякнута радасцю. Хрыстос нарадзіўся не для таго, каб кагосьці пакрыўдзіць, прынізіць, узненавідзець... А што будзе падчас Яго другога з'яўлення? Цярпець будуць тыя, хто крыўдзіў, прыніжаў, ненавідзеў, хто дабравольна зрабіў гэта сваім жыццёвым выбарам. Яны самі так захацелі. Іншыя будуць радавацца.

Духоўны змест Адвэнту — радасць, малітва і дынамічнае чаканне Хрыста. Калі вельмі проста, то чакаць пасіўна — гэта пайсці ў лес, сесці на зямлю і чакаць, пакуль па цябе прыедзе трамвай. Нельга сказаць, што такі пасажыр зацікаўлены сесці ў трамвай. Калі вярнуцца да ўжо названай трыяды — крыўдзіць, прыніжаць, ненавідзець, то, можа, у Адвэнце трэба прыняць пастанову адмовіцца ад таго, што правакуе ў нас нянавісць? Лепш, каб нашы пастановы былі вельмі канкрэнтымі: перастаць спазняцца, нецэнзурна лаяцца і г. д. Па аналогіі з Вялікім постам некаторыя ў Адвэнце стараюцца не ўдзельнічаць у гучных забавах і прымаюць на сябе іншыя добраахвотныя формы абмежаванняў, напрыклад у ежы.

Няхай у Адвэнце будзе больш малітвы — размовы з Хрыстом, Які ўжо прыйшоў і прыйдзе зноў. Ёсць такая прыгожая адвэнтавая форма Імшы — Рараты, калі вернікі збіраюцца раніцай са свечкамі. Раней гэта Імша пачыналася спевам на лацінскай мове Rorate coeli desuper («Нябёсы, спусціце расу»). Кажуць, хто адзін раз быў на Раратах, пачынае ўдзельнічаць у іх рэгулярна.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter