Каля вытокаў слова

Міжнародны з’езд славістаў у Мінску выклікаў вялікую цікавасць

Міжнародны з’езд славістаў выклікаў вялікую цікавасць у навуковым асяроддзі і грамадскасці Беларусі

XV Міжнародны з’езд славістаў завяршыў сваю работу ў Мінску. Як адзначыў у ходзе цырымоніі закрыцця старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, дзякуючы гэтай значнай падзеі, якая на працягу тыдня адбывалася ў беларускай сталіцы, наша краіна ўвайшла ў клуб славянскіх дзяржаў, дзе раней праводзіліся такія аўтарытэтныя міжнародныя навуковыя форумы.

— Мы расцэньваем гэта, як сведчанне таго, што Беларусь займае належнае месца ў супольнасці славянскіх дзяржаў і народаў, што беларуская мова, літаратура і культура з’яўляюцца неад’емнай часткай славянскай еўрапейскай культурнай прасторы, што беларусістыка, беларуская славістыка развіваюцца ў кантэксце асноўных напрамкаў сусветнай славістыкі, што дасягненні беларускай славістыкі і гуманітарнай навукі ў цэлым прызнаюцца міжнароднай навуковай супольнасцю, — сказаў Аляксандр Лукашанец.

Разам з тым, адзначыў вучоны, той факт, што месцам правядзення з’езда стаў Мінск, сведчыць і пра цікавасць славянскай супольнасці да беларускай культуры, мовы і літаратуры.

Усяму свету вядомыя нашы славутыя землякі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у беларускую гісторыю і сусветную культуру. Гэта і Еўфрасіння Полацкая, і Кірыла Тураўскі, і Францыск Скарына. Аб высокім узроўні развіцця духоўнай культуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі сведчыць напісаная на старабеларускай мове кніжная спадчына XIV—XVII стагоддзяў, якая вызначаецца не толькі аб’ёмам, але і разнастайнасцю жанраў і форм.

Паводле слоў Аляксандра Лукашанца, пільная ўвага славістаў заўсёды была скіравана на культуру, літаратуру і моўную сітуацыю Вялікага княства Літоўскага, і гэтая праблематыка знайшла належнае адлюстраванне ў праграме з’езда. Увагу славістаў свету прыцягвае і ўнікальны рэгіён Беларускага Палесся, дзе захаваліся архаічныя славянскія асаблівасці мовы, культуры і фальклору, пра што таксама сведчылі цікавыя даклады, якія прагучалі на з’ездзе.

Як заўважыў вучоны, канчатковыя вынікі форуму можна будзе падводзіць пазней, калі яго ўдзельнікі пачнуць перачытваць даклады, зборнікі тэзісаў, з якімі пазнаёміліся ў час форуму, і асэнсоўваць тое, пра што гаварылася. Але ўжо сёння, лічыць Аляксандр Лукашанец, можна сказаць, што для абмеркавання на з’ездзе былі прадстаўлены вельмі актуальныя тэмы, што многія выступленні сабралі шматлікую аўдыторыю, што праграма з’езда выклікала вялікую цікавасць не толькі ў яго непасрэдных удзельнікаў, але і ў шырокім навуковым асяроддзі, а таксама ў грамадскасці Мінска і Беларусі.

— Паводле нашага меркавання, усё гэта сведчыць аб тым, што XV Міжнародны з’езд славістаў здолеў захаваць і падтрымаць той высокі навуковы ўзровень, якім характарызаваліся ранейшыя падобнага роду славістычныя форумы. А самае галоўнае, ён здолеў прадэманстраваць асноўныя тэндэнцыі развіцця славістыкі ў ХХІ стагоддзі, — канстатаваў вучоны.

Разам са з’ездам завяршыла работу ў Мінску і выстаўка найбольш важных славістычных выданняў, выпушчаных у апошнія пяць гадоў. Звыш тысячы прадстаўленых на ёй кніг — энцыклапедыі, слоўнікі, манаграфіі, даведнікі, мастацкая літаратура больш чым з 20 краін свету — па традыцыі засталіся ў краіне, якая прымала форум. Яны папоўняць фонд Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Нагадаем, што міжнародныя з’езды славістаў праводзяцца кожныя пяць гадоў у розных славянскіх краінах пачынаючы з 1929 года. Беларусь прымала аўтарытэтны форум упершыню. Юбілейны з’езд сабраў у Мінску вядомых навукоўцаў з 34 краін свету, прычым не толькі са славянскіх, але і з многіх іншых, дзе вывучаюцца славянскія мовы, у тым ліку з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Францыі, Швейцарыі, Японіі.

Наступны міжнародны з’езд славістаў пройдзе ў 2018 годзе ў Сербіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter