Листаем телепрограмму с актрисой Зоей Белохвостик

Каля тэлевiзара з народнай артысткай Беларусi Зояй Белахвосцiк

Тры праграмы, якiя мяне ўразiлi

Сабрацца сямейным колам 

У час выпрабаванняў кожнаму даецца шанец успомнiць пра сямейныя каштоўнасцi. Зараз, калi наш Купалаўскi тэатр адмянiў спектаклi, я запiсваю ўспамiны пра дзядулю, пра бацьку… Можа, нават пачытаю гэта для запiсу. Параю бацькам i дзецям зладзiць сямейны прагляд з дапамогай старога доб­рага фiльма «Прыгоды Бурацiна», якi 2 мая будзе iсцi на канале «Беларусь 3» (11.25). У гiсторыi ўвогуле было не так шмат рэжысёраў, якiя ўмелi здымаць цудоўныя фiльмы для дзяцей. Тое, што Леанiд Нячаеў ствараў на «Беларусьфiльме», — наша беларускае шчасце. Сёння эстафету працягвае Алена Турава — менавiта ў яе стужцы «Кiндэрвiлейскi прывiд» я атрымала свой першы досвед здымкаў у дзiцячым кiно. Фiльмы Леанiда Нячаева вельмi добрыя, i яны не толькi для дзяцей. 

З задавальненнем перагледжу «Прыгоды Бурацiна», каб адшукаць новыя асацыяцыi, параўнаць свае адчуваннi з тымi, якiя ўзнiкалi раней. Там ёсць эзопава мова — у стужках Нячаева заўсёды яна ёсць, ён гаварыў пра сур’ёзныя праблемы прыхавана, калi пра гэта нельга было сказаць наўпрост. 

Мне здаецца, вельмi важна, што ад гэтага фiльма i бацькi, i дзецi атрымаюць настрой на пазiтыў, на тое, што выйсце заўсёды ёсць, калi трымацца ра­зам.

Успомнiць пра светлае

Яшчэ адну магчымасць настроiцца на светлае дасць канал СТБ, на якiм 1 мая будуць паказаныя адразу i фiльм «Белыя Росы» Iгара Дабралюбава (17.55), i ягоны сiквэл «Белыя росы. Вяртанне», зняты ў 2014 годзе Аляксандрай Бутар па сцэнарыi таго ж Аляксея Дударава (21.00). Цудоўныя артысты… Прафесiяналы высокага ўзроўню. Вядома, складана параўноўваць першы фiльм, якi стаў класiкай, i сучасны працяг. Але што ж, хай будзе i такi варыянт. Цяпер увогуле час сiквэлаў, серыялаў. Што зробiш, даводзiцца здымацца i ў серыялах, бо калi не будзеш здымацца нiдзе, забудзешся на прафесiю, развучышся перад камерай стаяць. Зараз, на жаль, усе здымкi прыпынены ў сувязi з пандэмiяй каронавiруса. Паглядзiм «Белыя Росы», настроiмся на светлае, аб нечым можна i паплакаць, панастальгiраваць. Усё роўна застанецца ўзнёслае пачуццё i надзея. 

Дакрануцца да творчасцi генiя

Калi адмяняюцца спектаклi, тэатры знахо­дзяць самыя розныя шляхi да гледача. У нашым Купалаўскiм таксама прайшлi онлайн‑трансляцыi, прапануюцца запiсы спектакляў. А на канале «Культура» зараз паказваюць запiсы спектакляў расiйскiх тэатраў. У сераду, 29 красавiка, у 14.20 абавязкова пагляджу спектакль тэатра «Сатирикон» «Кароль Лiр» у пастаноўцы Юрыя Бутусава. Я бачыла ўрыўкi гэтага спектакля, у якiм ролю караля Лiра выконвае Канстанцiн Райкiн. Я вялiкая прыхiльнiца таленту Канстанцiна Райкiна, якога добра ведаю. Лiчу, што спектаклi з ягоным удзе­лам трэба глядзець усiм, пакуль ёсць такая магчымасць, таму што Косця Райкiн — гэта генiй. На сённяшнi дзень не магу нiкога з iм параўнаць. Калi з iм размаўляеш, разумееш, наколькi ён харызматычны. Пры гэтым iнтэлiгентны. Ён можа рабiць на сцэне неверагодныя рэчы, тое, што не ўмее нiхто. Ён разумее, што тэатр павiнен расказваць пра чалавека: не важна, якая будзе «ўпакоўка», важна — адбываецца катарсiс. Цiкава будзе i параўнаць з нядаўняй пастаноўкай «Караля Лiра» Мiкалая Пiнiгiна, якая прайшла ў Купалаўскiм. Тэатр не можа без гледача, i ў любых умовах гэтую сувязь трэба працягваць. 

cultura@sb.by

Фото «Минск-новости»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter